Крывавы след сталінскіх злачынстваў вядзе гісторыкаў у Беларусь. Масавыя расстрэлы польскіх грамадзянаў праводзіліся і ў нашай краіне. Гісторыкі лічаць, што імёны замардаваных сталіністамі знаходзяцца ў асобным беларускім сьпісе. Калі расейскі ды ўкраінскі сьпісы агучылі, то беларускі да сёньня застаецца таямніцаю.

Ці расправа над польскімі афіцэрамі, якая адбылася 70 гадоў таму, вартая сёньня ўвагі беларусаў? Беларускі гісторык Ігар Кузняцоў у фільме “Катынь. Праз 70 гадоў”, зьнятым для тэлеканалу “Белсат”, сьцьвярджае, што з 4421 афіцэраў польскай арміі, расстраляных у Катыні, 1226 зьяўляюцца выхадцамі з Беларусі.

 

У 35-хвіліннай стужцы няма падрабязнага аповеду пра катынскі расстрэл. Аўтары акцэнтуюць увагу на іншых аспектах, шукаючы адказу на пытаньні: чаму сярод соцень спаленых фашыстамі вёсак для ўсталяваньня мемарыяльнага комплексу памяці ахвяраў улады выбралі вёску з падобнаю назваю – Хатынь? Чаму ў месцы масавага пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Трасцянцы савецкія ўлады зрабілі гарадское сьметнішча? Чаму нават цяпер, ужо ў сёньняшняй Расеі, дакументы пра катынскую трагедыю ды іншыя злачынствы дзяржавы, якой ужо няма, застаюцца пад грыфам «сакрэтна». Як, зрэшты, і ў сучаснай Беларусі. Хто зацікаўлены ў маўчаньні? Ці падзеі 70-гадовай даўніны сталіся для нас гісторыяй, якую можна апісаць у падручніках?

У фільме выступілі вядомыя беларускія, польскія і расейскія гісторыкі, сярод якіх Галіна Андэенкава, Ігар Кузняцоў, Аляксандр Гур’янаў, Аляксей Памятных, Кшыштаф Ясевіч і Войцех Матэрскі.

Прэмьера фільма адбылася на Белсаце 22 кастрычніка 2010 года. Паўтор фільма можна паглядзець на тэлеканале Белсат 31 траўня а 21.40.