Больш як 30 работнікаў ААТ «Ваўкавыскспэцмантаж» на працягу васьмі месяцаў не атрымлівалі заробку. І толькі праз суд ім удалося дамагчыся выплаты 42 тысяч рублёў кампэнсацыі, паведамляе Радыё Свабода.
Кіраўніцтва ААТ «Ваўкавыскспэцмантаж» са студзеня месяца не плаціла заробкі сваім рабочым, нягледзячы на тое, што штодня яны выходзілі на працу і выконвалі канкрэтныя заданні. Як сцвярджаюць самі рабочыя, гучалі абяцанкі, але рэальных выплат заробку так і не было.
Як высветлілася пазней, кіраўніцтва «Ваўкавыскспэцмантаж» цалкам закрэдытавала прадпрыемства; першы паверх офісу, які знаходзіцца ў цэнтры горада, прадалі. У выніку прадпрыемства апынулася на мяжы банкруцтва. Дырэктар звольніўся, заснавальнік знайшоў сабе працу, пакінуўшы калектыў на волю лёсу.
Падманутыя людзі зьвярнуліся ў рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюзу работнікаў энэргетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці. Дзякуючы адмыслоўцам прафсаюзу справа дайшла да суду. Суд вынес рашэнне на карысць рабочых.
«Цяпер прадпрыемства практычна прыпыніла сваю дзейнасць, — расказаў Свабодзе былы прафсаюзны лідэр Аляксандар Папкоў, — засталіся толькі 12 чалавек, «Ваўкавыскспэцмантаж» на 90% прызналі банкротам, распрадаецца маёмасць з тым, каб выплаціць даўгі па заробках і крэдытах».
Спадар Папкоў кажа, што цяжка нават прыгадваць, як давялося жыць усе гэтыя месяцы, калі людзі не атрымлівалі заробку: «Усе грошы, якія траплялі на рахунак прадпрыемства, заснавальнік аддаваў за крэдыты, на заробкі не заставалася ні капейкі. У бухгалтэрыю прыходзілі жонкі рабочых зь дзецьмі, прасілі хоць нешта заплаціць, а там толькі разводзілі рукамі, маўляў, няма сродкаў і ўсё».
Аляксандар Папкоў гаворыць, што хадзіў па дапамогу да ўладаў у райвыканкам, але там таксама паставіліся да іх праблемы абыякава.
«Мне сказалі ў аддзеле працы, што, маўляў, каб хоць 1% акцый прадпрыемства належаў дзяржаве, то мы б прымалі нейкія захады, а так прадпрыемства цалкам прыватнае, то і разьбірацца вам самім».
Спадар Папкоў кажа, што большасць звольненых рабочых дагэтуль не працаўладкаваліся, бо ў Ваўкавыску няма працы.
«Некаторым удалося ўладкавацца то ў качагарку, то яшчэ недзе, нехта ездзіць нават у калгасы на працу, але большасць сталай працы ня маюць. Мы яшчэ дамагаемся, каб павыплочвалі запазычанасць па заробках, як вырашыў суд, бо ня ўсе яшчэ атрымалі».
Фота belchas.by
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия