Інтэрвію з польскім гісторыкам Кшыштафам Ясевічам наконт падзей 17 верасьня 1939 году.
17 верасьня 1939 году Чырвоная Армія перакрочыла ўсходнюю мяжу Польшчы й заняла тэраторыю сучаснай заходняй Беларусі і Ўкраіны. У беларускай гістарыяграфіі гэты дзень лічыцца Днём аб’яднаньня, а апэрацыя бальшавікоў – вызваленьнем беларусаў з-пад панскага ярма. У Польшчы гэта дзень нацыянальнай катастрофы. Ці магчыма знайсьці праўду ў падзеях 17 верасьня 1939 году? Пра гэта мы гутарым з польскім гісторыкам, прафэсарам Польскай акадэміі навук, экспэртам па гісторыі гэтак званых Крэсаў Кшыштафам Ясевічам.
Для Польшчы й палякаў дата 17.09.1939 адназначная – гэта дзень нацыянальнай трагедыі. Але давайце паглядзім на яе вачыма беларусаў і ўкраінцаў, а таксама габрэяў, бо Польшча была шматнацыянальнай краінай. Чым 17 верасьня было для іх?
К. Ясевіч: 17 верасьня – гэта дзень польскага Апакаліпсісу. Першыя савецкія аддзелы пасьля пераходу мяжы казалі, што яны прыйшлі на дапамогу, каб “біць немца”. Але хутка стала вядома, што гэта хлусьня. Многія ў Польшчы пасьля гэтага былі перакананыя, што незалежнасьць ужо ніколі ня вернецца. Было шмат скрайніх выпадкаў. Вядомы польскі драматург Віткацы зьдзейсьніў самагубства. Такіх выпадкаў было шмат. Гэта быў канец. Ніякія замежныя пагадненьні, якія Польшча раней падпісала з краінамі Захаду, не дапамаглі. Сапраўды, да вайны Польшча была шматэтнічнай краінай. На гэтак званых Крэсах беларусы вельмі часта былі большасьцю, а акурат палякі – меншасьцю. Ёсьць тэндэнцыя дэманізаваць пэрыяд ІІ Рэчы Паспалітай, маўляў, яна была для іх мачахай, а ня маці, але я быў бы з гэтым асьцярожны. У Польшчы быў “незалежніцкі сындром”. Пасьля 123 гадоў пасьля падзелаў краіна нарэшце атрымала незалежнасьць і дбала, каб яе больш ніколі ня страціць. Напрыканцы 20-х гадоў пачалі зьяўляцца сымптомы асыміляцыйнай палітыкі, і рэакцыя меншасьцяў была на яе зразумелай.
Адкуль канкрэтна бралася нянавісьць да польскай дзяржавы ў меншасьцяў, калі яна сапраўды была? Чаму яны выступалі супраць сваёй жа дзяржавы, грамадзянамі якой зьяўляліся?
К. Ясевіч: Гэта вельмі складанае пытаньне. Бясспрэчна, Польшчы ў той час не хапала спакойнага погляду на нацменшасьці. Канец 20-х быў пікам памылак. Але нельга забываць, што многія выступленьні супраць польскай дзяржавы былі стымуляваныя Савецкім Саюзам. З-за ўсходняй мяжы ў Польшчу траплялі розныя банды й праводзілі тут дывэрсійныя акцыі. Гэта пачалося адразу пасьля 1920 году. І КПЗБ і КПЗУ – гэта былі структуры, фінанасаваныя СССР. Ёсьць шмат доказаў. Я сам бачыў шэраг матэрыялаў у Маскве і архіве Камінтэрну. ГПУ праводзіла на тэрыторыі Польшчы вялікую працу з прадстаўнікамі гэтых партый. Савецкія агенты давалі заданьні: даведацца пра гэта, высьветліць тое, гэта была звычайная шпіёнская праца. Непрыхільнымі для тагачнай Польшчы былі й габрэі. Сёньня яны ня любяць, калі пра іх кажуць кепска, але пазытыўных прыкладаў стаўленьня да Польшчы з таго часу вельмі мала. Менавіта габрэі вельмі часта выступалі ў ролі актывістаў. У Луцку, напрыклад, пасьля ўваходу бальшавікоў, былі дзьве асобныя міліцыі – габрэйская і ўкраінская. Вельмі часта прычынай бунту было жаданьне помсты. Часам яно было справядлівае, а часам і не. Штосьці падобнае адбывалася і ў цэнтральнай Польшчы. Задаралася, што польскія сяляне пісалі немцам даносы на сваіх суседзяў. У скрайніх умовах, такіх як вайна й акупацыя, у чалавеку ажываюць дэманы, якія ў нармальных умовах ніколі няе выйшлі б навонкі.
То бок незадавальненьне меншасьцяў вынікала з савецкай прапаганды?
К. Ясевіч: Ня толькі. Многія былі пакрыўджаныя пэўнымі палітычнымі рашэньнямі. Часам мне здаецца, што меншасьці плацяць цану гісторыі. 123 гады Праваслаўная царкава намагалася забраць у каталікоў іх сьвятыні й рабіла гэта, потым быў адказ каталікоў на гэтыя дзеяньні. У Варшаве ў 1918 годзе першай справай пасьля атрыманьня незалежнасьці было разбурэньне царквы, якая стаяла на Плошчы Пілсудскага. Яе ўспрымалі як сымбаль царызму.
А калі б улады не праводзілі асыміляцыйнай палітыкі, дазвалялі меншасьцям адчыняць школы, выдаваць газэты, то магчыма й сытуацыя была б іншай?
К. Ясевіч: Трохі праўды ў гэтым ёсьць. Але нават ва ўмовах культурнай аўтаноміі ёсьць рызыка, што нешта ўцячэ скрозь пальцы. Магчыма, была баязь, што лібэральнае стаўленьне дасьць нагоду для стварэньня розных палітычных канцэпцый для аўтаноміі. Нагадаю, што на пачатку незалежнасьці Польшчы габрэі жадалі мець амаль дзяржаву ў дзяржаве. Такія прэтэнзіі ёсьць і сёньня. Шмат беларусаў перакананыя, што Беласток – гэта беларускі горад, але ж гэта далёка няпраўда. У Польшчы ёсьць група людзей, які лічаць, што Львоў і Вільня – гэта польскія гарады. Нічога добрага такія погляды не прыносяць, яны толькі адраджаюць крыўды. Польская міжваенная дзяржава не была сьвятой. Магчыма, што гэты сындром пасьля 1920 году, непакой, што аўтаномія меншасьцяў можа быць пагрозай, часам былі перабольшаныя. Кепскай ідэяй было ваеннае асадніцтва. Вельмі часта гэта былі людзі, якія не разумелі мясцовых людзей, ня ведалі іх рэаліяў. Яны не разьбіраліся ў сельскай гаспадарцы. Улічваючы зямельны голад на тагачасных Крэсах, мясцовыя людзі лічылі гэтай вялікай несправядлівасьцю. Многія дзяржавы маюць і сёньня дзіўныя ідэі. Міжваеннае асадніцтва ў Польшчы можна параўнаць з сучасным асадніцтвам у Ізраілі.
А ці былі ў Польшчы інструмэнты, каб прадухіліць гэтыя бунты, незадаволенасьць уладамі, яе палітыкай?
К. Ясевіч: Прадухіліць гэта было немагчыма. Міжваенная Польшча была вельмі беднай краінай, а Крэсы – гэта ўвогуле голад, асабліва першыя гады незалежнасьці. А галодны чалавек без пэрспэктываў здольны на ўсё. Але й гэтыя вітаньні бальшавікоў з хлебам-сольлю не былі такімі адназначнымі. Тысячы беларусаў былі жаўнерамі Войска Польскага, яны былі адважнымі змагарамі.
А наколькі масавай была зьява вітаньня бальшавікоў? Дзе іх віталі з найбольшым энтузіязмам?
К. Ясевіч: У вёсках выходзілі беларусы, у мястэчках выходзілі габрэі. Найбольш відовішчна гэта выглядала ў гарадах: у Вільні, у Беластоку. Але там былі пераважна габрэі. Яны цешыліся, што гэта ня немцы. Але ў Кракаве й Лодзі былі выпадкі, калі немцаў віталі акурат габрэі. У Пярэмышлі габрэі і ўкраінцы збудавалі для немцаў Трыюмфальную вежу.
Але гэта бадай натуральная рэакцыя. Людзі ратаваліся, бо ведалі, што ідзе вайна.
К. Ясевіч: Па-рознаму было. Многія зьвязвалі прыход бальшавікоў з надзеямі на лепшае жыцьцё. Але хутка аказалася, што прыход саветаў прынёс хаос, перасталі працаваць крамы, установы і г.д. Узьнікла міліцыя, якая фактычна толькі рабавала людзей. Пачаліся акты помсты. Прычыны былі самыя розныя. Але беларусам няма асабліва чым ганарыцца, калі казаць пра іх паводзіны ў тыя часы. Яны былі грамадзянамі Польшчы й павялі сябе неляяльна ў цяжкія для іх краіны часы. Гэта адбіваецца на пакаленьнях, бо знойдуцца й тыя, хто пачне абагульняць. У Летуве да палякаў таксама неадназначнае стаўленьне. Але ў 1991 годзе, калі на карце стаяла незалежнасьць Летувы, палякі павялі сябе годна й падтрымлі барацьбу за свабоду рэспублікі.
Як доўга працягвалася эйфарыя пасьля вітаньня бальшавікоў?
К. Ясевіч: Там пачала фармавацца новая эліта. Той, хто ўчора быў нікім – станавіўся важнай асобай. Беларусы спадзяваліся, што саветы дадуць ім зямлю. Але гэта была фікцыя. Спачатку рабаваліся маёнткі асаднікаў, а ўся іх маёмасьць раздавалася. Але ў 1940 годзе пачала вымалёўвацца ідэя стварэньня калгасаў і саўгасаў. І менавіта тады беларусы і ўкраінцы пачалі выступаць супраць бальшавікоў.
У Беларусі гэты дзень называецца Днём аб’яднаньнем Заходняй і Ўсходняй Беларусі? А як да такой фармулёўкі ставіцца польскі гісторык?
К. Ясевіч: У Польшчы ёсьць такая прымаўка: Punkt widzenia zależy od punktu siedzenia (Пункт гледжаньня залежыць ад сытуацыі). Для палякаў гэта непраўдзівая фармулёўка, а для многіх беларусаў гэта можа быць радасны дзень. Сёньня ні ў кога няма прычын, каб адзін перад адным выбачацца, але ў беларусаў няма прычын, каб ганарыцца тымі падзеямі. І дакумэнты, на жаль, гэта пацьвярджаюць. Нічога добрага ім гэта не прынесла.
Яны займелі сваю краіну.
К. Ясевіч: На той час яшчэ не. Усё вырашалася ў Маскве. А людзі жылі ў страху, у галечы. Тысячы беларусаў трапілі ў лягеры.
Давайце на пару хвілін пойдзем у футурызм. Калі б не было 17-га верасьня, як бы сытуацыя разьвівалася, на ваш погляд?
К. Ясевіч: Польшча павінна была разьвіваць аўтаномію нацменшасьцяў. Мы маглі б выратавацца толькі тады, калі б былі фэдэрацыяй дзяржаваў, але пры ўмове палітычнай манэўранасьці Варшавы. Але ізноў жа маглі ўзьнікнуць канфлікты з-за тэраторыі аўтаномій. Любы ўкраінец вам скажа, што Бяшчады – гэта ўкраінскія горы, а Крыніца – іх горад. Калі б пагадзіцца з апэтытамі меншасьцяў, то Польшчы засталося б максымум Мазавецкае ваяводзтва.
Але й многія палякі сёньня скажуць, што ня толькі Менск і Віцебск, але таксама Смаленск – гэта польскі горад. Беларусы такімі лічаць Вільню й Беласток, украінцы – Жэшаў. А расейцы ўвогуле могуць сказаць, што іх зямля – ажно да Бэрліну. Што з гэтым рабіць?
К. Ясевіч: Нічога ня варта рабіць. Трэба проста прыняць гэты стан сьвядомасьці некаторых людзей. Пазьбяганьню канфліктаў спрыяе Эўразьвяз. Можна сесьці ў аўто й паехаць у Вільню. Мяжы няма. На Кальварыйскіх могілках у Менску амаль усе магілы падпісаныя па-польску, і многія ў Беларусі сажуць, што яны палякі. Ані вайна, ані сталінізм не забралі ў іх сьвядомасьці. А гэта сьведчыць аб тым, што сілай і гвалтам сьвядомасьць не заб’еш. Сёньня мы павінны шукаць кампрамісы. Патрэбная асьвета. Але й так многія застунцца пры сваім. Таму я трымаю кулакі, каб і Беларусь, і Ўкраіна сталі чальцамі ЭЗ. Галоўнае, ня думаць пра помсту, бо гэта зьнішчае чалавека. Гэта ў пэрспэктыве кепска адбіваецца на лёсе нацыі.
Гутарыў Дзьмітры Гурневіч
Камэнтар бларускага гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага.
У. Ляхоўскі: Для Беларусі гэтая дата супярэчлівая. З аднаго боку яна прынесла злучэньне заходняй і ўходняй Беларусі ў адну адміністратыўную адзінку. Але беларусы ад гэтай падзеі нічога ня выйгралі. З прыходам савецкай улады на тэрыторыю заходняй Беларусі пачаліся рэпрэсіі супраць непралетарскіх сацыяльных слаёў і агентаў польскай дзяржавы. Рэпрэіі закранулі ня толькі польскіх асаднікаў і чыноўнікаў, але й шырокія грамадзкія колы беларусаў, у тым ліку й інтэлігенцыю. Польскія гісторыкі павінны крытычна падыйсьці да Рыжскага міру 1921 году й паказаць экспаніянісцкі характар гэтай дамовы. Стварэньне дзяржавы на землях Беларусі і Ўкраіны стала прычынай яе дэстабілізацыі. Спробы дэнацыялізаваць беларусаў і ўкраінцаў прыводзілі да нестабільнасьці ў гэтай краіне.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия