Сёння спаўняецца 183 года з дня народзінаў беларускага нацыянальнага героя — Кастуся Каліноўскага. Яго постаць і тая дзейнасць, якую праводзіў Каліноўскі, мае важнае значэнне ў фармаванні сучаснай беларускай ідэалогіі, якая павінна стаць трывалым духоўным падмуркам беларускай нацыі. Адміністрацыя Інстытута беларускай гісторыі і культуры віншуя ўсіх беларусаў з гэтай датай. Ніжэй падаем падрабязную інфармацыю пра Кастуся Каліноўскага з Вікіпедыі.
Вінцэ́нт-Канстанці́н КАЛІНОЎСКІ, Касту́сь КАЛІНОЎСКІ (руск.: Константин Семёнович Калиновский; польск.: Wincenty Konstanty Kalinowski; літ.: Konstantinas Kalinauskas; 2 лютага (21 студзеня) 1838 г. — 22 сакавіка (10 сакавіка) 1864 г.): палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. на землях Беларусі і Літвы.
Дзяцінства і юнацтва
Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гродзенскага павета (зараз у Падляскім ваяводстве Польшчы) у сям’і беззямельнага шляхціца.
У 1847—52 гг. вучыўся ў Свіслацкім павятовым вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Кастуся Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
Рэвалюцыйная дзейнасць
У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта на камеральныя навукі. На працягу навучання ва ўніверсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.
Неўзабаве пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 г. Каліноўскі вярнуўся на Радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялян і агітаваў іх да паўстання.
Паводле сваіх ідэйных перакананняў Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.
Улетку 1862 г. Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам, Станіславам Сільвестровічам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго той газеты выйшла сем нумароў. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага «Яська-гаспадар з-пад Вільні».
Кіраванне паўстаннем
У 1862 г. Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыяльнага камітэта (ЛПК) — цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края (цяпер — тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі. А ўвосень таго ж года стаў яго старшынёй. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты напрамак вызваленчага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.
Аднак старшынстваваў Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасля выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя памешчыкі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на родную Гродзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства.
Актыўная праца Каліноўскага ва ўмовах паўстання на пасадзе ваяводскага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гродзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялян.
У чэрвені 1863 г. праз поспехі царскіх войскаў і масавыя арышты паўстанцаў Каліноўскі вымушаны вярнуцца ў Вільню, дзе дзейнічаў пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус. Там ён зноў бярэ цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. Спрабуючы рэанімаваць паўстанне, Кастусь выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак было позна. Паўстанне на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края ўжо было ў асноўным падаўлена. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разбіты царскімі атрадамі пры дапамозе часткі беларускіх сялян.
Арышт і пакаранне
З восені 1863 г. К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сіл для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены камісарам Магілёўскай губерні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 г. схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Св. Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.
Падчас следства і суду Кастусь Каліноўскі цвёрда стаяў на сваёй пазіцыі і адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам. Даўшы паказанні па сваёй уласнай дзейнасці, ён адмовіўся даваць інфармацыю па іншых асобах, якія цікавілі следчую камісію, матывуючы гэта так: «…грамадская адкрытасць з’яўляецца станоўчай рысай асобы, але шпіёнства апаганьвае чалавека… мае паказанні па [іншых] асобах… не могуць спрыяць замірэнню краю… …усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху.»
Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. 22 сакавіка Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.
Запавет
З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»:
«…
Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні»
Вобраз у мастацтве
«Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў» — (А. Мальдзіс)
«Каласы пад сярпом тваім» — раман (У. Караткевіч)
«Кастусь Каліноўскі» — аповесць (А. І. Якімовіч)
«Кастусь Каліноўскі» — п’еса (У. Караткевіч)
«Кастусь Каліноўскі» — п’еса (Е. Міровіч) — у пастаноўцы БДТ-3 ролю К.Каліноўскага выканаў Канстанцін Быліч
«Кастусь Каліноўскi» — опера (Сл. М. Клімковіча; Муз. Д. Лукаса)
«Кастусь Каліноўскі» — рэспубліканская мастацкая выстаўка, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння і 125-годдзю паўстання 1863—1864 гг. (4—28 лютага 1988 г.): каталог / [складальнікі: Л. Б. Бортнік і інш.]. — Мн.: Беларусь, 1989.
«Хамуціус» — паэма (А. Куляшова)
Ушанаванне памяці
У гонар К. Каліноўскага названы вуліцы ў Ваўкавыску, Свіслачы, Мінску, Горадні і іншых гарадах Беларусі, а таксама гімназія № 1 у г. Свіслач. Там жа яму ўсталяваны адзіны ў Беларусі помнік.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия