Напярэдадні праваслаўных калядаў актывіст Руху «За Свабоду» Віктар Сырыца напісаў ліст старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі з прапановай ушанаваць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага.

У лісце паведамляецца, што 22 мая 2013 года споўніцца 150 гадоў з дня Мілавідскай бітвы 1863 года (вёска Мілавіды Баранавіцкага раёна) паміж беларускімі паўстанцамі Кастуся Каліноўскага і царскім войскам падчас вызвольнага паўстання 1863-1864 гг.

У сваім лісце Віктар Сырыца нагадаў, што вясной 1863 года Слонімскі, Ваўкавыскі, Гарадзенскі, Наваградскі і Пружанскі паўстанцкія атрады пад Мілавідамі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лянкевіча змагаліся за незалежнасць Беларусі. Мілавідская бітва 1863 года – ярчэйшая падзея ў нашай гісторыі, аб якой напісана безліч вершаў, літаратурных твораў і манаграфій, мастацкіх карцін. Пра яе гавораць усе цяперашнія беларускія падручнікі па гісторыі і энцыклапедыі. У Мілавідах створаны музей у гонар Кастуся Каліноўскага, а школа з 1993 года носіць імя кіраўніка Мілавідскай бітвы Аляксандра Лянкевіча. У вёсцы Мілавіды ёсць вуліца Паўстанцаў 1863 года, а ў Баранавічах – вуліца Кастуся Каліноўскага.

Таму, каб годна ўшанаваць слаўную падзею ў нашай гісторыі, грамадскія актывісты просяць праўленне Нацыянальнага банка Беларусі выпусціць памятную юбілейную манету ў гонар 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы 1863 года.

Такі ж ліст накіраваны таксама міністру сувязі і інфармацыі Мікалаю Панцялею з просьбаю выпусціць каляровую паштоўку ці канверт у гонар мілавідскіх касінераў Кастуся Каліноўскага.

Нагадаем, у чэрвені ў Беларусі абвешчана маштабная кампанія па папулярызацыі герояў паўстання 1863-1864 гадоў – Год Каліноўскага. Створаны адмысловы аргкамітэт з некалькіх дзясяткаў грамадскіх і культурніцкіх дзеячаў, сярод якіх Янка Запруднік, Аляксандр Мілінкевіч, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Антон Астаповіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Колас, Аляксей Марачкін, Наста Палажанка, Барыс Пятровіч, Сяргей Харэўскі ды іншыя.

znak_milavidy_1

znak_milavidy