Аўтары дакументальнага серыяла «Зямля беларуская» задаліся мэтай аб’ехаць усе 118 раёнаў Беларусі і распавесці аб кожным з іх на роднай беларускай мове. Вынік гэтай працы — 118 непаўторных гісторый, якія апісваюць самыя цікавыя і прыгожыя мясціны нашай Радзімы.
Карэспандэнты Агенцтва тэленавін пастараліся паказаць унікальнасць і непаўторнасць кожнага раёна Беларусі. Неацэнную дапамогу ў гэтым ім аказалі мясцовыя ўлады, супрацоўнікі музеяў і культурна-гістарычных арганізацый, простыя жыхары. Усе імкнуліся прыняць актыўны ўдзел, каб даць як мага больш поўнае ўяўленне аб сваім рэгіёне. Браслаў, Бялынічы, Ветка, Ваўкавыск, Нясвіж, Мсціслаў, Ліда, Карэлічы — вось няпоўны спіс месцаў, дзе ўжо паспелі пабываць здымачныя групы АТН. Але праца толькі пачалася. Асаблівасць новага праекта ў тым, што здымкі фільмаў вядуцца паралельна з трансляцыяй знятага матэрыялу ў эфіры. Для таго каб перадаць усю прыгажосць «Зямлі беларускай», у праекце задзейнічана самая сучасная тэлевізійная тэхніка, асвятленне і гукаафармленне.
Самі здымкі праходзяць на зямлі, на вадзе і ў паветры, незалежна ад часу сутак, надвор’я і пары года. Журналісты спрабуюць зірнуць на ўсё не проста «звыклым» вокам рэпарцёра, хутчэй, гэта спроба ўбачыць сучаснасць праз мінулае беларускай зямлі. Незвычайныя легенды і старажытныя паданні, сярэдневяковыя замкі і ахутаныя таямніцай загадкавыя руіны, паганскія абрады і праваслаўныя храмы, багацце і непаўторнасць беларускай прыроды — усё гэта «Зямля беларуская». Кожная серыя — гэта асобная гісторыя са сваім сюжэтам. Гэта гісторыя рэгіёну і людзей, якія ў ім жывуць. У кожным фільме — свой герой, вачыма якога і праз пачуцці якога аўтары ўбачылі непаўторны каларыт таго месца, дзе ён нарадзіўся і вырас. І гэта не выдуманыя персанажы, не акцёры. Гэта рэальныя людзі, якія жылі і жывуць на беларускай зямлі. Тут іх карані, сем’і, праца, усё іх жыццё.
У гэтых фільмах можна ўбачыць і пачуць тое, чаго не пакажуць ні ў адным краязнаўчым музеі, не раскажуць ні на адной экскурсіі. Аўтары пастараліся нагадаць беларусам, наколькі прыгожая іх Радзіма. Бо рэаліі сённяшняга дня такія, што сярэднестатыстычны беларус аб Егіпце, напрыклад, ведае часам больш, чым аб суседнім мястэчку. Выправіць гэту несправядлівасць і закліканы новы праект АТН. Архітэктура беларускіх малых гарадоў і мястэчкаў, прыродныя багацці края паказаны знутры, каб зрабіць фільмы запамінальнымі, лёгкімі для ўспрымання, такімі, каб кожнаму гледачу захацелася самому з’ездзіць у гэтыя мясціны, дакрануцца да беларускай гісторыі, адчуць прыгажосць «Зямлi беларускай»…
У жніўні 2009 года рэжысер Юлія Ганчар і спецыяльны карэспандэнт Алег Мазура былі на Ваўкавышчыне і знялі гэты невялічкі 15-хвілінны фільм «Ваўкавыскія пагоркі» :
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия