(4.09.1928 – 4.08.2011)

4 жніўня 2011 г. адышоў у іншы сьвет вядомы беларускі археолаг Яраслаў Звяруга. Яго даследаваньні былі прысьвечаны гісторыі рэгіёну Верхняга Панямоньня ў раньнім Сярэднявеччы. Ён адкрыў і ўвёў у навуковы ўжытак больш за 30 помнікаў археалогіі і, як дасьледчык гэтага рэгіёна, непазьбежна сутыкаўся з праблемаю балта-славянскіх кантактаў. Пішучы пра ІХ—ХІІІ ст. Звяруга зазначаў, што “славяне сутыкнуліся ў Панямоньні не з бязлюднымі прасторамі, хоць былі і такія (напрыклад, Гарадзенская і Налібоцкая пушчы), а густа населенымі землямі з даўнімі земляробчымі і жывёлагадоўчымі традыцыямі”.

Як і ў любога дасьведчанага археолага, у Яраслава Звяругі былі незвычайныя знаходкі і свае забаўныя гісторыі. У Ваўкавыску, які ўвогуле быў фенаменальным цэнтрам кастарэзнай вытворчасьці, на Шведскай гары археолаг упершыню ў Беларусі знайшоў косткі паўліна.

Яго пяру належыць выдадзеная ў 1975 г. па пастанове Рэдакцыйна-выдавецкай Рады АН БССР кніга «Старажытны Ваўкавыск. Х-ХIV стст.«, у якой распавядаецца аб размяшчэньні горада, яго ўмацаваньнях і селішчах, паказана развіцьцё розных рамёстваў, гандлю, сельскай гаспадаркі, промыслаў.

Звяруга з’яўляецца аўтарам артыкулаў у 12-томнай «Беларускай Савецкай энцыклапедыі», «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», адным з аўтараў калектыўных прац «Нарысы па археалогіі Беларусі», «Беларуская археалогія: дасягненіні археолагаў за гады Савецкай ўлады» і інш.

Яраслаў Звяруга паходзіў з Заходняй Беларусі – ён нарадзіўся ў Мядзелі. У 1947 г. скончыў Пастаўскае педвучылішча. У 1949-1953 гг. вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў дырэктарам школы, загадчыкам Мядзельскага раённага аддзела народнай адукацыі, завучам Маладзечанскай мэдвучэльні. У 1964 г. паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. У 1971 г. абараніў дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата.

У 1950—1970 гадах у мінскім акадэмічным асяроддзі ўраджэнцам Заходняй Беларусі прыходзілася дэманстраваць дадатковую лаяльнасць, каб дасягнуць нейкіх посьпехаў у прафесійнай кар’еры. Да таго ж, беларуская карпарацыя археолагаў – традыцыйна вельмі канкурэнцыйны асяродак, які поўніўся ўзаемнымі падазрэньнямі. На гэтым фоне Яраслаў Звяруга яўна вылучаўся сваёй стрыманасьцю і прыветнасьцю.

Са сьмерцю Яраслава Звяругі мы згубілі дасьведчанага прафесіянала і чалавека, да разважлівасьці якога можна было апеляваць у часы няпэўнасьці.

nn.by