Консул Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюк быў вымушаны пакінуць нашу краіну пасля таго, як узяў удзел у святкаванні «Дня праклятых жаўнераў» у польскай школцы. Беларускія ўлады сталі гаварыць пра «гераізацыю ваенных злачынцаў», па крымінальнай справе быў затрыманы адзін сузаснавальнікаў польскай школкі ў Брэсце.
Пра «праклятых жаўнераў» і Рамуальда «Бурага» Райса «Наша Ніва» пагаварыла з журналістам Радыё Свабода, знаўцам Польшчы Дзмітрыем Гурневічам.
«Наша Ніва»: Што гэта за свята такое ў Польшчы «Дзень выклятых жаўнераў»? Да чаго яно прымеркаванае?
Дзмітрый Гурневіч: «Дзень выклятых жаўнераў» адзначаецца 1 сакавіка ў гонар тых салдатаў антыкамуністычнага падполля, якія пасля сканчэння Другой сусветнай вайны не склалі зброі і змагаліся супраць савецкай улады, савецкіх спецслужбаў, а таксама тых палякаў, якія пайшлі працаваць у гэтыя прасавецкія структуры.
Доўгі час у Польшчы не існавала ўвогуле панятку «праклятых жаўнераў», толькі ў 1993 годзе дзесьці гэты тэрмін узнік, дзякуючы папулярызатару гісторыі Лешаку Жэброўскаму. Ён гэта прыдумаў.
«НН»: Чаму жаўнеры «праклятыя»?
Польскія падпольныя структуры былі дысцыплінаваныя і добра арганізаваныя, яны абапіраліся на колішнія дзяржаўныя структуры. Жаўнеры 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай. Фота з Вікіпедыі
ДГ: «Праклятыя», бо доўгі час яны былі забароненыя, забытыя ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Як і ў СССР, іх лічылі злачыннымі групоўкамі, бандамі. Тэрмін прыжыўся за апошнія гады. Папулярызатары гісторыі шмат пісалі пра іх, здымалі фільмы, гаварылі пра іх. З некаторымі жывымі рабіліся інтэрв’ю. І так некалькі гадоў таму з’явілася свята «Дзень выклятых жаўнераў». Мае сябры, палякі ліберальных поглядаў, вельмі крытыкуюць гэтае свята. Нельга сказаць, што ўся Польшча адзначае і лічыць гэтых жаўнераў героямі. Пры гэтым свята ўсталяваў не нацыяналіст і ультракаталік, а польскі Сейм з ліберальнай большасцю, а падпісаў ліберальны прэзідэнт Браніслаў Камароўскі.
Каб чытачы разумелі, гэта не выхадны дзень, няма з гэтай нагоды святочных парадаў, проста ўзгадваюцца людзі, якія змагаліся за Польшчу і загінулі. У Польшчы гэта не мае такога культу, як у Беларусі і на постсавецкай прасторы 9 Мая. Ёсць і сур'ёзная дыскусія паміж гісторыкамі наконт асобных фігурантаў гэтага свята. Я б увогуле не сказаў, што гэта мэйнстрымавае свята. Ідзе нармальная дыскусія, Польшча — гэта дэмакратычная краіна.
«НН»: Наколькі масавым было антыкамуністычнае подполе ў Польшчы?
ДГ: Ёсць розныя лічбы, але лічыцца, што ў ім удзельнічала да 100 тысяч чалавек актыўных партызанаў, а яшчэ дзясяткі тысяч ім дапамагалі. Гэтая партызанка пратрымалася некалькі дзесяцігоддзяў, апошняга партызана злавілі ў 1963 годзе. Гэта як у Эстоніі і Літве «лясныя браты». Туды ўваходзілі ў значнай ступені жаўнеры Арміі Краёвай, якія не склалі зброі. Так, гэта быў масавы рух, але ў ім бралі ўдзел розныя людзі, розныя групоўкі.
«НН»: Ці былі ўдзельнікі антыкамуністычнай партызанкі звязаныя з нацыстамі ў вайну?
ДГ: Не, тут такой паралелі ўвагуле нельга правесці. Гэтыя салдаты акурат усю вайну змагаліся супраць і нацыстаў, і камуністаў адначасова. Канечне, да некаторых прадстаўнікоў у руху ў самой Польшчы ёсць пытанні, але гэта тычыцца асобных людзей або атрадаў. Хтосьці да вайны мог быць чальцом радыкальнай прафашысцкай моладзевай арганізацыі, напрыклад. Кагосьці з іх могуць назваць злачынцамі, але не нацыстамі. Гэта выключна фантазія міністра Макея, які абвінавачвае іх у нацызме. Гэта былі звычайныя польскія салдаты, якія працягнулі ваяваць, бо спадзяваліся, што Захад дапаможа, калі ўбачыць іх змаганне. Ну, і нельга забываць, што ў Польшчы пасля вайны працягваўся сталінскі тэрор, і падполле намагалася помсціць.
«НН»: Давай пяройдзем да асобы Рамуальда «Бурага» Райса. Чым гэтая асоба такая неадназначная і чаму яна выклікае сёння столькі эмоцый?
Рамуальд «Буры» Райс. Фота з Вікіпедыі
ДГ: Ужо больш за 15 гадоў таму Інстытут нацыянальнай гісторыі Польшчы даў «Бураму» ацэнку як злачынцу, зрабіўшы выснову, што яго дзеянні ў студзені-лютым 1946 на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду». Ягоны атрад здзейніў злачынствы на Беласточчыне, супраць беларускага насельніцтва. Ягоны атрад адказны за забойства 79 беларусаў, былі спаленыя вёскі.
Суд у Польшчы яшчэ ў 1995 годзе яго апраўдаў, бо пастанавіў, што гэта было зроблена ў «абставінах вышэйшай неабходнасці, якая прымушала яго рабіць дзеянні не заўсёды адназначныя этычна».
Каб мы ў Беларусі разумелі, «Буры» нават у Польшчы з’яўляецца неадназначнай і далёка не самай цэнтральнай асобай сярод «праклятых жаўнераў». Немагчыма ўявіць, каб у Варшаве 1 сакавіка былі банеры з «Бурым».
Дзесьці гэта здаралася, у нейкіх школах ці музеі, але такое імгненна крытыкавалася самімі палякамі, а адказныя за гэта мусілі апраўдвацца ў СМІ. Нават радыкалы-нацыяналісты лічаць, што ў яго не было мэтаў забіваць беларусаў, яны спрабуюць знайсці апраўданне, але разумеюць, што гэта трагедыя і вельмі сур'ёзная пляма на ім. У 2016 годзе арганізатары маршу ў Гайнаўцы звярталіся да прэзідэнта Дуды, каб ён даў свой патранат ім, але Дуда адмовіў. На марш у Гайнаўку не прыязджаюць прадстаўнікі ўлады. З усёй Польшчы туды прыязджае ўсяго пару аўтобусаў людзей, мясцовых там мо пару чалавек.
«НН»: А хто арганізоўвае гэтыя маршы?
ДГ: Нацыяналістычныя польскія арганізацыі. Нейкія ваенныя рэканструктары. Нават не ўсе людзі, што ўдзельнічаюць у маршы ў Гайнаўцы, лічаць «Бурага» героем. Я неяк размаўляў з арганізатаркай маршу, яна былая праваслаўная, з беларусаў, дык кажа: мы не можам выгнаць тых, хто прынёс банер з «Бурым». Ім часта даводзіцца апраўдвацца. Помню, як на Дзень усіх святых недзе запалілі свечку ў гонар «Бурага», дык арганізатары потым тлумачылі, што не ўшаноўвалі яго як героя, а проста як забітага. Няма такога, што ад яго ўсе шалеюць і хочуць быць падобнымі да яго, лічаць аўтарытэтам. Вядома, ёсць людзі, што за яго ўчапіліся, нават фільмы здымаюць, якія могуць трапіць на тэлебачанне, але потым гэта жорстка крытыкуецца. Тут усё вельмі забылатана, бо ў Польшчы ёсць мноства СМІ, не забароненая ніякая дысккусія. А з Беларусі можа здавацца, што «Бурага» ўся Польшчы лічыць героем. Такога няма і блізка.
«НН»: Раскажы, кім быў «Буры»?
ДГ: «Буры» — прафесійны вайсковец. У час вайны ён быў у складзе Арміі Краёвай, дзейнічаў на Віленшчыне. Нават тыя гісторыкі, якія крытыкуюць Рамуальда Райса, кажуць, што ў час вайны ён быў гераічнай асобай, змагаўся супраць немцаў і бальшавікоў. Па натуры гэта быў усё ж жорсткі чалавек, які мог расстраляць палоннага. Яшчэ жывы ягоны сын, ён вельмі падтрымлівае памяць пра бацьку. Ён кажа, што «Буры» забіваў беларусаў не таму, што яны беларусы, а таму што сярод іх было шмат тых, хто быў у шэрагах сталінскіх структур.
«НН»: Наколькі я разумею, ягоныя людзі забівалі не толькі баяздольных мужчын, але і жанчын, і дзяцей.
ДГ: Так. Было такое. У вёсцы Залешаны «Буры» загадаў сабраць усіх людзей на сход у адной хаце, пасля яго жаўнеры завязалі дзверы, а хату падпалілі. Шмат людзей атрымала апёкі, але ніхто не загінуў, бо людзі здолелі высадзіць дзьверы і кінуцца наўцёкі. У Залешанах загінулі іншыя людзі, якія на сход не прыйшлі. «Буры» загадаў падпаліць усю вёску, і 15 чалавек, уключна з дзецьмі і жанчынамі, або згарэлі ў полымі, або былі застрэленыя на панадворках, калі спрабавалі ратавацца ад пажару.
2 лютага 1946 адзін узвод з аддзелу «Бурага» ноччу акружыў і спаліў вёску Зані, забіўшы 24 чалавекі (пераважна жанчын, дзяцей і старых, бо дарослыя мужчыны ў той час у хатах не начавалі). Іншы ўзвод «Бурага» спаліў вёску Шпакі, забіўшы ў ёй 9 чалавек.
31 студзеня аддзел «Бурага» апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы. Фурманаў, якія ўмелі перахрысіцца па-каталіцку і сказаць малітву па-польску, ён адпусціў дадому. А іншых — загадаў забіць. Паводле адной з версій, жаўнеры «Бурага» затаўклі праваслаўных фурманаў абухамі сякер, а стралялі толькі па тых, якія спрабавалі ўцякаць. Агулам забілі 30 чалавек, сярод якіх быў і адзін пратэстант.
Для ягоных салдатаў падляшскія беларусы былі сінонімам супрацы з камуністычным рэжымам. Зрэшты, падчас суду ён казаў, што паліў вёскі, паколькі беларусы не хацелі з іх ехаць у БССР. У дзеяча беларускай апазіцыі Алеся Зарамбюка так сям’я ўцякла ад салдат «Бурага» ў БССР. Як тады казалі: «Уцякайце ў рай». Чаму рай? Бо там райкамы, райвыканкамы. У Польшчы ёсць вельмі папулярная пісьменніца, аўтарка дэтэктываў Катажына Бонда, дык у яе забілі тады бабулю. Яна пра гэта даведалася зусім нядаўна, раней маці казала, што бабулю забіў немец.
Ахвяры «Бурага» нават доўга пасля вайны жылі ў страху. Што казаць, нават забітых фурманаў знайшлі толькі праз дзесяткі гадоў. Іх баяліся нават шукаць. Нельга пагадзіцца, што атрад «Бурага» забіваў толькі тых, хто быў беларусам, хто быў у Службе бяспекі. Былі і забойствы мірных людзей, звычайных сялян. У мяне ёсць знаёмыя палякі, якія не ведалі як ставіцца да асобы «Бурага», дык яны проста пайшлі ў архіў і адкрыта мне потым казалі, што гэта быў злачынца. Але не ўсе ў Польшчы з гэтым згаджаюцца, ёсць і тыя, хто лічаць, што ён паклаў жыццё на алтар Польшчы.
«НН»: У Беларусі ўсё можна забараніць. Чаму ў Польшчы нельга забараніць ушаноўваць памяць гэтага чалавека?
ДГ: Я не ведаю ніводнай акцыі ў Польшчы, якая б мела на мэце ўшанаваць менавіта «Бурага». Можна было б западозрыць акцыю ў Гайнаўцы, але нават яна так не называецца, а называецца «Марш праклятых жаўнераў». «Буры» там з’яўляецца толькі на адным плакаце, я кожны год за гэтым пільна сачу. Людзі, што арганізоўваюць марш, звяртаюцца да мясцовых уладаў, якія не дазваляюць акцыю, бо там у радзе шмат беларусаў, якіх гэта абражае. Тады арганізатары звяртаюцца да ваяводы, у суд. А чаму суд павінен забараняць? Гэта дэмакратычная дзяржава, суд «Бурага» афіцыйна рэабілітаваў.
Сёлета ім забаранілі шэсце праз пандэмію, дык яны праехалі аўтапрабегам па навакольных вёсках. У самой Польшчы на такіх акцыях крычаць «Велька Польска католіцка», а на Падляшшы яны крычаць «Велька Польска хшысціяньска». Але ўсё адно кожны год там з’яўляюцца правакатары, якія спяваюць, што на «дрэве замест лісця будуць вісець камуністы». Каго там у Гайнаўцы лічаць камуністамі — не цяжка здагадацца. Нянавісць да мясцовых беларусаў усё роўна ў кагосьці дый праявіцца.
Таму многія беларусы баяцца нават выходзіць у гэты дзень з дому, бо баяцца правакацый. Туды ж кожны год аўтобусамі прыязджаюць і праціўнікі культу «Бурага» і іншых «праклятых жаўнераў». Гэта палякі-лібералы, якія спрабуюць блакаваць марш нацыяналістаў.
«НН»: А колькі там людзей выходзіць? Сотні, тысячы?
Правакацыйны плакат з Райсам на вуліцах Гайнаўкі. Фота радыё «Рацыя»
ДГ: Калі я сачыў, то там было не болей за трыста чалавек. Яны стараюцца сябе культурна паводзіць, пройдуцца па вуліцы, потым ідуць у мясцовы Дом культуры, нейкія там лекцыі, канцэрты. Ніхто з іх не адмаўляе, што «Буры» адказны за забойствы, але яны спрабуюць знайсці для яго апраданне.
«НН»: Тое, што адбылося ў Брэсце, як ты можаш трактаваць? МЗС гэта падае як ушанаванне вайсковых злачынцаў. Так можна казаць?
ДГ: Калі б так гаварылася пра канкрэтных злачынцаў, то МЗС меў бы рацыю. Але я не чуў, што там называлася імя «Бурага», не бачыў плакатаў. Кажуць, што плакат з «Бурым» канфіскавалі, але на здымку плакат з іншым партызанам. Польская меншасць таксама сцвярджае, што імя «Бурага» там не гучала. І я схіляюся да версіі, што гэтага сапраўды не было. Усе ж ведаюць, як у Беларусі ставяцца да «Бурага» і дзяржава, і незалежныя асяродкі.
А МЗС гэта проста выкарыстоўвае, каб адказаць Польшчы за яе пазіцыю, за падтрымку рэпрэсаваных ад рэжыму. Плюс да ўсяго, гэта было адразу пасля фільма Сцяпана Пуцілы. А як прапагандысты будуюць лагічныя ланцужкі? Калі ты жывеш у Польшчы, то за табой стаяць польскія спецслужбы і кантралююць цябе. Гэта ж поўная лухта. Выглядае ўсё на спробу нашкодзіць польскаму боку. Але калі там ушаноўвалі менавіта «Бурага», то пакажыце нам гэта. Таму ў мяне вялікія сумневы ёсць.
«НН»: Гэта не можа быць ад нязнання, калі людзі атаясамліваюць «Бурага» з усімі іншымі «праклятымі жаўнерамі»?
ДГ: Гэта як казаць, што бчб-сцяг заплямлены, бо выкарыстоўваўся людзьмі, што супрацоўнічалі з акупацыйнай адміністрацыяй. Калі «Буры», якога беларусы лічаць злачынцам, быў адным з 100 тысяч «праклятых жаўнераў», то значыць усе жаўнеры злачынцы. Ну гэта ж нелагічна! А што, у Краснай Арміі не было злачынных эпізодаў? Ці ў партызанаў? У маёй [роднай] вёсцы [Налібакі Стаўбцоўскага раёна] партызаны забілі больш за 100 чалавек. Я што, павінен лічыць усіх да аднаго партызанаў злачынцамі? Не, канечне, у маёй жонкі дзед быў партызанам і я ведаю яго гісторыю. Не трэба гэтых несправядлівых абагульненняў.
Калі ёсць злачынца, то яго канкрэтна трэба называць. Не павінна тут быць калектыўнай адказнасці, «праклятыя жаўнеры» не прызнаныя злачыннай групоўкай.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия