3 траўня ў Польшчы нацыянальнае сьвята, бо ў гэты дзень 220 год таму у 1791 годзе Сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў прыняў Канстытуцыю, якою да сёньняшняга дня ганарыцца кожны паляк. Але ж і беларусы жылі тады ў дзяржаве, якая называлася Рэч Паспалітая.
Канстытуцыя (польск.: Ustawa rz?dowa, Konstytucja 3 maja) — асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты Чатырохгадовым соймам у Варшаве. Была першым у Эўропе і другім у сьвеце (пасьля Канстытуцыі ЗША) асноўным законам, зафіксаваным пісьмова, які рэгуляваў дзейнасьць выканаўчай і заканадаўчай улады ў дзяржаве.
Гэты дакумант ліквідаваў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, якая была створна ў 1569 г. на люблінскім Сэйме. Рэч Паспалітая – гэта была фэдэратыўная дзяржава Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. Згодна ж з Канстытуцыяй абвяшчалася суверэннасьць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідаваўся падзел на Карону і ВКЛ. Адначасова кароль захаваў тытул вялікага князя літоўскага. У ВКЛ засталося судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзеньня сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гародні. Абвясьціла нязьменнасьць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасьць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды распаўсюджваліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзяржаўнай юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасьць, права набыцьця зямлі, шляхецтва, заняцьця ніжэйшых адміністрацыйна-судовых і царкоўных пасад. Абвешчана свабода веравызнаньняў з захаваньнем дзяржаўнасьці каталіцтва. Епіскапы пераведзены на дзяржаўнае ўтрыманьне. Дэкляравалася апека права і ўрада над феадальна-залежнымі сялянамі.
Гэта рабілася для таго, каб умацаваць краіну ў барацьбе з агрэсіяй, якая йшла з усіх бакоў. Ужо адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай і трэба было нешта рабіць, каб выратавацца. Канстытуцыя вызначала, што ўсе грамадзяне гэтай дзяржавы ёсьць палякамі, а дзяржаўнай мовай стала польская мова.
Заканадаўчая ўлада аддадзена 2-палатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падсправаздачных сейму. Міністраў назначаў кароль. Палата дэпутатаў складалася з 204 паслоў (зь іх 24 прадстаўлялі гарады з дарадчым голасам), выбраных на 2 гады на мясцовых сейміках. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага стану з 19 гадоў, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі. Сенат складаўся з 132 саноўнікаў, у т.л. караля, які быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. Ліквідавана права ліберум вета (liberum veto), усе пастановы сейма павінны былі прымацца большасьцю галасоў, уведзена спадчыннасьць трона. Выканаўчай адміністрацыяй на мясцовым узроўні былі парадкавыя камісіі, якія выбіраліся мясцовымі сеймікамі. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды. Пажыцьцёвасьць пасад скасоўвалася, зьмянялася іх выбарнасьцю на дзяржаўным утрыманьні. Канстытуцыя абвяшчалася нязьменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі канстытуцыйны сейм.
Канстытуцыя складалася з 11 артыкулаў. Першы тычыўся рэлігіі, тры наступныя вызначалі стан шляхецтва, мяшчанства і сялянства, астатнія — месца і ўзаемнае размежаваньне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад.
Агульна кажучы, Канстытуцыя характарызуецца як прагрэсіўная. Архаічныя законы (liberum veto), якімі карысталася Карона, а пасьля Люблінскай уніі — і Вялікае Княства, прывялі аб’яднаную краіну да палітычнага крызісу. Адмена гэтых законаў і ўпарадкаваньне сістэмы дзяржаўнага кіраваньня безумоўна лічыцца станоўчым наступствам Канстытуцыі. Поўнае ўключэньне ВКЛ ў склад Польшчы разглядаецца сучаснымі літоўскімі і беларускімі гісторыкамі як страта Вялікім Княствам суверэнітэту.
Аб’ектыўна Канстытуцыя 3 траўня спрыяла развіцьцю краіны ў прагрэсіўным буржуазным напрамку. Прыняцьце соймам Канстытуцыі выклікала станоўчую рэакцыю ў Францыі, Англіі. Спагадліва трымалі сябе ў дачыненьні да яе Прусія і Аўстрыя. Рымскі папа асобым указам (breve) перанёс сьвяткаваньне дня Св.Станіслава з 8-га на 3-е траўня. Толькі ў Пецярбургу былі раздражнёныя такім аднаўленьнем самастойнасьці і чакалі заканчэньня вайны з Турцыяй, каб пачаць вайсковыя дзеяньні супраць Рэчы Паспалітай.
Аднак ніякія з якасьцяў Канстытуцыі 3 траўня ўжо не маглі выратаваць Рэч Паспалітую ад трагедыі. Канстытуцыя была прынятая занадта позна, ужо пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) і незадоўга да другога падзелу (1793 г.), падчас якога і была скасаваная. Канстытуцыя была важнай для польскай дзяржавы – гэта несумненна. Тое, што яна магла б адмоўна паўплываць на разьвіцьцё літоўскай і беларускай нацыі – гэта таксама несумненна. Але яна не пасьпела. Працэс палянізацыі, які мог быць узмоцнены ў выніку рэалізацыі Канстытуцыі, быў заменены на іншы працэс – працэс русыфікацыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия