У гэты дзень 13 траўня 1875 г. у вёсцы Ендрыхаўцы нарадзіўся вядомы жывапісец Станіслаў Юліянавіч ЖУКОЎСКІ, аб чым захаваўся запіс у архіве касьцёла гарпасёлка Рось: “Тысяча восемсот семдзесят пятага года мая двадцаць сёмага дня ў Роскім рымска-каталіцкім парафіяльным касцёле ахрышчанае дзіця па імені Станіслаў… дваран Іюліяна і Марыі, ад народзінаў Вяржбіцкай, Жукоўскіх, законных сужэнцаў сын, які нарадзіўся 1875 г. мая 13 дня той самай парафіі ў мызе Ендрыхоўцы”.
Працаваў у галіне пейзажа, інтэр’ера, нацюрморта. Выхоўваўся ў польскамоўным асяроддзі. Прафесійную адукацыю атрымаў у Маскве. Найбольш плённы творчы перыяд зьвязаны з шматгадовым побытам у Расеі, дзе ён атрымаў шырокую вядомасьць. Непрыняты савецкай ідэалёгіяй у 1923 г. быў вымушаны ад’ехаць назаўсёды у Польшчу. Не раз, асабліва напачатку творчасьці і пасьля пераезду ў Польшчу, зьвяртаўся да адлюстраваньня родных мясьцін на захадзе Беларусі.
Жукоўскі пісаўся палякам, але ён бачыў сябе патрыётам свайго роднага краю. А ягоны родны край – Гарадзеншчына — нарадзіўся пад Ваўкавыскам, жыў пад Пружанамі. І адусюль, дзе ні жыў, ён вяртаўся на радзіму – на Палесьсе, на Нёман, на Сьвіслач, у Белавескую пушчу. І ўсе свае самыя любімыя творы ён напісаў у Беларусі. Жукоўскі – адзін з самых вялікіх мастакоў Беларусі, адзін з самых вялікіх мастакоў Польшчы і адзін з самых вялікіх мастакоў Расеі. Вось што пісала прэса пачатку ХХ стагодзьдзя: Сава Мамантаў: “Жукоўскі – гэта сьвята”. Бенуа: “Жукоўскі зноў чаруе Расею”. Брэшка-Брэшкоўскі: “Плаціна” Жукоўскага – гэта шэдэўр расейскага жывапісу”. Пісалі, што “Жукоўскі валодае таямніцамі Чэхава і Куінджы”, што Жукоўскі “пераўзышоў Левітана”. Так гэта ці ня так, але ва ўсякім выпадку, Левітан у сваёй кватэры меў толькі адзін твор сваіх шматлікіх вучняў. І гэтым творам была карціна Жукоўскага.
Бацькі Станіслава мелі спадчынную сядзібу ў Стараволі (Старой Волі). Аднак за ўдзел у паўстаньні 1863 – 1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага Юльян Жукоўскі быў пазбаўлены шляхецтва і ўсіх сваіх уладаньняў. Паводле іншых меркаваньняў, інсургентам быў не бацька мастака, а яго браты, якія былі высланы з Беларусі ў Сібір на катаргу – старэйшы там загінуў, а сярэдняму ўдалося ўцячы за мяжу. Вядома, што адзін з братоў Жукоўскіх знаходзіўся ў кіраўніцтве паўстаньня, быў непасрэдным паплечнікам К. Каліноўскага, а другі – узначальваў шляхецка-сялянскі атрад. Таму Юльян Жукоўскі, як родзіч “небяспечных асоб”, страціў маёмасьць у выніку эканамічных санкцый, накладзеных царскім урадам на сем’і паўстанцаў. Праўда, і сам Юльян не быў “чысты” перад расейскай адміністрацыяй – ён пасабляў паўстанцам зброяй, коньмі, прадуктамі. Тым не меньш, страта Стараволі прымусіла нашых землякоў пасяліцца на хутар Ендрыхоўцы, дзе і нарадзіўся будучы таленавіты мастак Станіслаў Жукоўскі. У сям’і пружанскіх шляхціцаў ужо быў сын Баляслаў, потым нарадзілася Марыя, пасьля Станіслава з’явілася яшчэ Серафіма. Праз некаторы час Жукоўскія ўсё ж здолелі вярнуцца ў родныя мясціны, аднак не ў якасьці ўладальнікаў, а толькі арандатараў. Сам Станіслаў так пісаў аб сваім дзяцінстве: ”Нарадзіўся ў 1873 годзе 13 мая ў Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні ў польскай памешчыцкай сям’і, якая пражывала бязвыездна ў сваім маёнтку Старая Воля, дзе правёў я ўсё сваё дзяцінства”.
Складаны і багаты жыцьцёвы шлях С. Жукоўскага. За 69 гадоў свайго жыцьця ён стварыў 670 выдатных шэдэўраў мастацтва. Яго пейзажныя палотны зараз захоўваюцца ў цэнтральных музеях і прыватных калекцыях Беларусі (каля 30 карцін у Нацыянальным Мастацкім музеі ў Менску), Расеі, Польшчы, Украіны і іншых краін свету. Шматлікія яго творы прысьвечаны прыродзе Палесься, Белавескай пушчы, старадаўнім сядзібам Беларусі. Яго сябрамі былі мастакі І. Рэпін, В. Сурыкаў, В. Васняцоў, М. Рэрых, В. Бялыніцкі-Біруля, сьпявак Ф. Шаляпін (сярод блізкіх знаёмых ён меў мянушку “польскі пан” і “Жукавіні”), а настаўнікамі – славутыя рускія жывапісцы С. Каровін, А. Архіпаў, І. Левітан, К. Савіцкі, М. Касаткін, Л. Пастарнак, В. Паленаў.
Пачатковую адукацыю Станіслаў атрымаў дома з дапамогай маці, якая сама раней вучылася ў Францыі. Далей хлопчык працягваў адукацыю ў Варшаўскай клясічнай прагімназіі Лугоўскага. Пасьля заканчэньня Беластоцкага рэальнага вучылішча, дзе вялікі ўплыў на маладога чалавека аказаў настаўнік маляваньня С. Южанін, які першы заўважыў незвычайны талент Жукоўскага, ён стаў вольным наведвальнікам Маскоўскага вучылішча жывапісу, ваяньня і дойлідства. Праўда, зроблена гэта было насуперак волі бацькі, які не разумеў сынавага захапленьня мастацтвам, лічыў справу жывапісца ганебнай для шляхціца. Юнак з Беларусі адразу звярнуў на сябе ўвагу педагогаў і мастацкага асяроддзя свежасьцю, паэтычнасьцю і арыгінальнасьцю сваіх пейзажаў. Жукоўскі імкнуўся паказаць у іх усю прыгажосьць жыцьця, непаўторнасьць кожнага яе імгненьня, адкрытасьць сусвету. Ён заўсёды пісаў з натуры хутка і натхненна.
Самымі першымі яго творамі былі малюнкі радавога гнязда ў Стараволі. У 1895 г. на 18-й вучнёўскай выставе, дзе было выстаўлена 13 работ Жукоўскага, увагу журы прыцягнуў яго “Памешчыцкі дом” (“Раніца”), дзе быў выяўлены родны маёнтак. Матыў сямейнага гнязда гучаў і на іншых работах майстра – “Май” (на конкурсе Таварыства вытанчаных мастацтваў у Маскве ён атрымаў першую прэмію), “Раз’езд на золку”, “Бяссонная ноч. Золак”, “Першыя вястункі вясны”, “Падснежнікі”, “Промні вясны”, “Сьвята вясны”.
Неаднойчы палотны нашага земляка адзначаліся самымі высокімі ўзнагародамі. У 1896 г. прэміямі былі адзначаны яго карціны “Восеньскай ноччу” і “Красавіцкі вечар”, а ў 1898 г. – пейзаж “Вясеньняя ноч”, у 1901 г. – карціна “Месяцовая ноч” была адзначана вялікім сярэбраным медалём і наданьнем званьня класнага мастака кіраўніцтвам Маскоўскага вучылішча жывапісу, ваяньня і дойлідства. За пейзаж “Плаціна” (1910 г.) Жукоўскі атрымаў ганаровую прэмію імя А. Куінджы. Некалькі яго работ набылі вядомыя рускія мецэнаты – Рабушынскі, Стрэмавухаў, Мамантаў, Трацьцякоў.
Незвычайная каларыстычная гама твораў мастака з Беларусі прыцягвала да сябе ўвагу, яе нават называлі “карнавалам Жукоўскага”. Мастацкі крытык Брэшка-Брашкоўскі так ахарактарызаваў Жукоўскага: “Дзіўна таленавіты пейзажыст! Як каларыст – мацнейшы за Левітана. Вы паглядзіце на яго халодную, злёгку залацістую гаму. Цяжка бліжэй падысьці да прыроды. А рэфлексы ад заходу сонца на вокнах дач? Яны дрыжаць і зьзяюць, рэальныя, як элюзія. Нельга адарвацца, любуючыся, і ад свінцовай вады, якая жыве ў непагоду, зыбаецца.” Ці яшчэ яго ж словы: “Жукоўскі валодае таямніцаю, якою валодалі Куінджы і Левітан. Чэхаўская манера абагульняць пейзаж, падначальваць яго настроям усяго народа. Вось млын, вада, узгорак, мужыцкія коні…Тут – уся Расея…”. Яго называлі “чараўніком” і “непаўторным паэтам прыроды”.
У 1897 г. адбыліся зьмены ў асабістым жыцьці пейзажыста – ён аформіў шлюб з мастачкай Аляксандрай Ігнацьевай, постаць якой адлюстравана на палотнах “Бяссонная ноч”, “Апошні акорд”, “Журботныя думкі”.
Сярод яго вядомых работ таксама – “Вясной у лесе”, “Белы дом”, “Вялікая дарога”, “У сядзібе”, “Вясенняя вада”, “Пейзаж з ракой”, “Возера Сенеж”.
Шмат карцін Жукоўскі прысьвяціў сядзібнаму інтэр’еру. Асноўную ролю ў такіх яго творах ігралі вокны, якія заўсёды былі адчынены сьвету, чырвоны колер і фіялкі (“Інтэр’ер”, “Радасны май”, “Веснавыя прамяні”, “Гасьцёўня з раялем”). Адлюстраваньне інтэр’ераў стала адкрыцьцём С.Жукоўскага.
З 1903 г. Станіслаў стаў пастаянным удзельнікам Таварыства перасоўных выставаў (“передвижников”). Каля 1906 г. ён адкрыў уласную школу жывапісу, дзе навучаўся ў тым ліку будучы паэт і графік-плакатыст Ул. Маякоўскі. А ў 1907 г. нашаму суайчынніку было прысваена званьне акадэміка жывапісу, ён увайшоў у склад Саюза рускіх мастакоў.
Мастак працягваў працу ў час і пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г., якую сустрэў даволі стрымана. Трэба адзначыць, што Станіслаў не любіў розныя палітычныя і мастацкія дыскусіі. Сваю дзейнасьць у гэты складаны час ён засяродзіў на захаваньні помнікаў мінулага. Жукоўскі быў абраны членам калегіі мастакоў пры Трацьцякоўскай галерэі. Як упаўнаважаны пры Савеце Народных Камісараў (савецкім урадзе), Станіслаў Юльянавіч разам з іншымі вядомымі асобамі мастацкай супольнасьці ўратаваў шэраг сядзіб ад знішчэньня, калі выступіў ініцыятарам стварэньня ў панскіх маёнтках музеяў.
Аднак жыцьцё не заўсёды было спрыяльным для нашага суайчынніка. У 1921 г. у Маскве адбылася яго персанальная выстава. Але папулярныя ў той час рэвалюцыйныя мастакі-авангардысты абрушыліся на С. Жукоўскага з нападкамі, што вельмі абразіла майстра. Асаблівы боль прычынілі прызнанаму жывапісцу, калі не запрасілі да ўдзелу ў выставах “передвижников” і Саюза мастакоў у 1923 г.
У 1923 г. Жукоўскі разам з другой жонкай і вучаніцай Соф’яй Кваснецкай (адлюстравана на карціне “Перад маскарадам”) пераехаў у Польшчу, дзе працягваў пісаць. А. Ігнацьева, з якой Станіслаў развёўся, захавала зь ім добрыя сяброўскія адносіны на ўсё жыццё, неаднойчы дапамагала яму ў цяжкія часіны.
У Варшаве славуты мастак адкрыў прыватную школу жывапісу, якая карысталася вялікай папулярнасьцю і лічылася вельмі прэстыжнай. Не адзін раз наведваў ён сваю малую радзіму, гасцяваў у розных шляхецкіх сядзібах Гарадзенска-Берасцейскага краю. Да “польскага” перыяду творчасьці адносяцца такія яго работы, як “Ручай”, “Лета ў Варшаве”, “Восеньская раніца”, “Іней”, “Лунная ноч”, “Язмін і півоніі”. Аднак на большасці яго пейзажных палотнаў адлюстравана прырода Беларусі. Пацвярджае гэта “Tygodnik illustrowany” (№8, 36 за 1923 г.), дзе дадзены такія ацэнкі творчасьці: “яго … матывы, якія ён чэрпаў з Літвы і Беларусі, нясуць на сабе адбітак праўды …”, ён “бачыць у прыродзе крыніцу найвышэйшана натхненьня”, а таксама – “з вяртаньнем Жукоўскага на Бацькаўшчыну (польскае мастацтва) здабыло працаўніка з надзвычайнымі і саліднымі якасьцямі”. Гэты час спрыяў новаму росквіту яго таленту. Ён безупынна працаваў, выстаўляў свае работы ў Осла, Капенгагене, Парыжы, Кракаве, Мюнхене, Рыме, Таронта, Ню-Ёрку, Лос-Анджэлесе, карыстаўся вялізарным аўтарытэтам і павагай сусьветнай мастацкай грамадскасьці. Яркімі падзеямі ў жыцьці даваеннай Польшчы былі яго шматлікія персанальныя выставы.
Лёс Станіслава Жукоўскага склаўся трагічна. У час Другой сусветнай вайны ён знаходзіўся ў Варшаве, дзе меў сувязі з польскім падпольлем. Напярэдадні ўваходу ў сталіцу Польшчы Чырвонай Арміі мясцовыя патрыёты-антыфашысты ўзнялі паўстаньне, але яно было жорстка пакарана нямецкімі войскамі. Станіслаў Жукоўскі, як удзельнік гэтых падзей, быў арыштаваны і загінуў восеньню 1944 г. у Прушкоўскім лагеры смерці. Разам з іншымі ахвярамі фашызму ён быў пахаваны ў брацкай магіле. Творы мастака, што знаходзіліся ў горадзе, загінулі ў пажары.
На Пружаншчыне пачаўся рух услаўленьня Жукоўскага. У Пружанскім раёне ў вёсцы Старая Воля, дзе мастак правёў маладыя гады, адкрыты помнік Жукоўскаму. На Пружаншчыне шануюць свайго знакамітага земляка. На жаль, пакуль што на Ваўкавышчыне, дзе Жукоўскі нарадзіўся, яго постацьцю ўлады не зацікавіліся.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия