28 мая 1836 года ў в. Субартоніс Алітускага павета, Літва нарадзіўся лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец КАРЛОВІЧ Ян Аляксандр. Акадэмік Акадэміі ведаў у Кракаве (1887 г., член-карэспандэнт 1877 г.). У 1857 г. скончыў Маскоўскі універсітэт. Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857-1859 гг.), у Брусельскай кансерваторыі (1859-1860 гг.). З 1861 г. выступаў як вілаянчаліст, граў на фартэпіяна, займаўся кампазіцыяй і тэорыяй музыкі. У 1866 годзе атрымаў ступень доктара філязофіі ў Берлінскім універсітэце, абараніўшы працу аб кіеўскім паходзе Баляслава Храбрага. Беспасьпяхова спрабаваў заняць катэдру гісторыі варшаўскай Галоўнай Школы. У пачатку 1871 года некалькі месяцаў быў настаўнікам «зборнай музыкі» і расейскай мовы ў Варшаўскай кансерваторыі. Займаўся зьберажэньнем спадчыны Станіслава Манюшкі, з якім быў у блізкіх адносінах.
У 1871-1782 гг. жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Лідскі павет) і Вішнеў (Ашмянскі павет). З 1882 г. у Гайдэльбергу, Дрэздане, Празе, з 1887 г. у Варшаве. Аўтар фундаментальных лінгвістычных прац «Слоўнік польскай мовы» (т. 1-8, 1900-1927 гг., у суаўтарстве з А. Крыньскім і В. Нядзьведзкім), «Слоўнік польскіх гаворак» (т. 1-6, 1900-1911 гг., закончыў Ян Лось), «Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжаньня…» (А-К, 1894-1897 гг.). Важнейшыя філязофскія і музыказнаўчыя працы: «Дон Карлас, каралевіч іспанскі» (1867), «Нарыс жыцьця і творчасьці Станіслава Манюшкі» (1884-1885 гг.), «Міфалогія і філязофія» (1899 г.). Жывучы ў беларускім асяроддзі, грунтоўна ведаў народную вусна-паэтычную творчасьць, казкі, легенды, паданьні народа, яго вераваньні і забабоны, абрады і звычаі, прыказкі і прымаўкі. Пранікся павагай да духоўных скарбаў беларускіх сялян, разумеў іх высокія мастацкія вартасьці, заўсёды цаніў іх узровень.
Непасрэдна зьбіраць і запісваць беларускія фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы Ян Карловіч пачаў яшчэ ў 1868 годзе, для чаго распрацаваў і выдаў ў 1871 годзе «Дапаможнік для зьбіральнікаў народных твораў». Запісваў беларускія народныя казкі, легенды, паданьні, прыказкі і прымаўкі, выслоўі і інш.У 1889 і 1891 гг. запісаў для М. Федароўскага ў Ваўкавыскім павеце больш за 500 мелодый беларускіх народных песень (больш за 300 апублікаваны ў працы Федароўскага «Люд беларускі», т. 5-6, 1958 – 1960 гг.). Яшчэ напярэдадні ён выдаў працу «Найноўшыя даследаваньні паданьняў i ix зборы» (1883), а ў кнізе «Народныя паданьні і казкі, сабраныя ў Літве» (т. 1-2, 1887 – 1888 гг.) зьмясціў у перакладзе на польскую мову больш за 80 беларускіх легенд, паданьняў i казак, якія зanicaў у Сьвянцяньскім, Лідскім i Наваградскім паветах.
Падрыхтаваў да друку (не апублікаваны, рукапіс зьберагаецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, Вільня) зборнік з 400 беларускіх народных абрадавых песень (вясновых, валачобных, жніўных, талочных, радзінных, лірычных і інш.), 50 мелодый, шмат казак, легенд, паданьняў, прыказак і прымавак, выслоўяў і інш.
Дзіўна, што гэты бясцэнны для сучаснага культурнага будаўніцтва матэрыял застаецца фактычна нявыкарыстаным і малавядомым. Патлумачыць гэта, відаць, можна толькі непавагай нашага музыказнаўства да сваіх нацыянальна-меладычных вытокаў, якімі захапляліся, захапляюцца і чэрпаюць поўнымі жменямі музыказнаўцы іншых, у першую чаргу славянскіх краін ад пачынальніка славянскай музычнай фалькларыстыкі чэха Людвіка Кубы, рускага кампазітара беларускага паходжаньня Міхаіла Глінкі, зьбіральнікаў і аранжыроўшчыкаў беларускіх народных песень Мікалая Рымскага-Корсакава і Аляксандра Грачанінава да дзесяткаў сучасных кампазітараў усіх суседніх краін.
Асобную кнігу вучоны прысьвяціў «сусьветна знанаму убельскаму маэстра з-пад Менска» (Рыгор Шырма) Станіславу Манюшку — «Нарыс жыцьця i творчасьці Станіслава Манюшкі» (1884–1885 гг.). Карловіч першы раскрыў беларускія меладычныя асновы 12 «Хатніх спеўнікаў» кампазітара і яго песень на словы першага зьбіральніка і выдаўца 6 зборнікаў беларускіх народных песень Яна Чачота і «вечнага вандроўніка» Уладзіслава Сыракомлі. Сам таленавіты этна-музыколаг, Карловіч выявіў беларускую песенна-фальклорную стыхію ў операх Манюшкі «Рэкруцкі набор», «Спаборніцтва музыкаў», «Галька», «Чарадзейная вада» і «Сялянка».
Заснавальнік (1887 г.) і рэдактар (1888-1899 гг.) часопіса «Wisla» («Вісла»), у якім друкаваў беларускія фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, запісаныя ў розных рэгіёнах Беларусі. Ён цьвёрда адстойваў права беларусаў на самастойнае нацыянальнае існаваньне і развіцьцё, што напрыканцы ХІХ ст., калі пасьля забойства рускага цара беларускім шляхціцам Грынявіцкім было забаронена нават ужываць назву Беларусь, было фактам незвычайнай грамадзянскай мужнасьці і навуковай дабрасумленнасьці. Прызнаваў за беларусамі права на самастойнае развіцьцё навукі і культуры, заклікаў вучоных даследаваць беларускую мову, фальклор, народны побыт, звычаі і абрады народа. У прадмове да зборніка «Беларускія паданьні» У. Вярыгі (Львоў, 1889 г.) і іншых працах станоўча пісаў пра беларускі народ, яго вусна-паэтычную творчасьць, падкрэсліваў самастойнасьць і самабытнасьць беларускай мовы. Кансультаваў Біруту, У. Вярыгу, А. Гурыновіча як зьбіральнікаў-фалькларыстаў, уладкоўваў у друк іх зборы беларускай народнай творчасьці. Перапісваўся з Э. Ажэшкай, Бірутай, А. Гурыновічам, У. Вярыгай, М. Доўнар-Запольскім, М. Федароўскім, М. Янчуком, А.Ельскім і іншымі вучонымі-фалькларыстамі. Доўгія гады сябраваў з Ф. Багушэвічам, падтрымліваў яго. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы бел. даследчыкаў і фалькларыстаў-збіральнікаў П. Шэйна, М. Доўнар-Запольскага і інш. У прадмове да зборніка Уладзіслава Вярыгі «Беларускія паданьні»(1889 г.) з захапленьнем пісаў пра самабытнасьць фальклору беларусаў. Яго запісы твораў беларускага фальклору ўвайшлі ў тамы серыі БНТ: «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1 — 2, 1976 г.), «Выслоўі» (1979 г.), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» (1989 г.).
Быў сузаснавальнікам (1884) і галоўным рэдактарам «Prac Filologicznych» («Філалагічных працаў»). Аўтар працаў «Польская хата» (1884), «Сістэматыка песень польскага народа» (1889-1895 гг.).
Беларусазнаўчую працу бацькі на аснове дзіцячага выхаваньня і захапленьня беларускай песеннай стыхіяй прадоўжыў народжаны ў Вішневе першы буйны сімфаніст у гісторыі польскай музыкі, таленавіты сын фалькларыста Мечыслаў Карловіч (1876-1909 гг.). Арганізатар (1902 г.) і ў 1905-1906 гадах галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра пры Варшаўскім музычным таварыстве, аўтар сімфоніі «Адраджэньне», 7 сімфанічных паэм («Зваротныя хвалі», «Станіслаў i Ганна Асвецімы», «Эпізод на маскарадзе» і інш.), многіх камерна-інструментальных ансамбляў, у 1900 г. пачаў, па прыкладу бацькі запісваць ўзоры беларускіх народных песень (найперш жніўных з-за іх музычных пераліваў) і музычнага фальклору, якія выкарыстаў у сімфанічным трыпціху «Адвечныя песні» (1904-1906 гг.) і ў выдатнай «Літоўскай рапсодыі» (1906 г.). Найлепшы прыхільнік творчасьці Мечыслава Карловіча Рыгор Шырма часта прыводзіў словы кампазітара, што ён стварыў апошнюю «на аснове мелодый жніўных песень з Дзісеншчыны, якія гучалі з дзяцінства».
Ураджэнцы Беларусі, бацька, аўтар васьмітомнага «Слоўніка польскай мовы» і шасцітомнага «Слоўніка польскіх гаворак», і сын, аўтар першага буйнога сімфанічнага твора «Літоўская рапсодыя», Ян і Мечыслаў Карловічы залатымі літарамі навечна ўпісалі свае імёны ў скрыжалі вялікай беларускай гісторыі.
Памёр Ян Карловіч 14 чэрвеня 1903 года ў Варшаве.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия