У 1892 годзе (канкрэтная дата невядомая) у Ваўкавыску нарадзіўся габрэйскі прадпрымальнік і сіянісцкі актывіст, старшыня юдэнрата (габрэйскай рады) ў гета Беластока ў 1941-1943 гг. Эфраім БАРАШ.
Нарадзіўся ў габрэйскай сям’і. Атрымаў адукацыю ў Нямеччыне, працаваў там у якасьці інжынера. У маладым узросьце далучыўся да сіянісцкага руху. Падчас Першай сусьветнай вайны жыў са сваёй сям’ёй у Расеі. Пасьля вайны вярнуўся ў родны Ваўкавыск. Займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, прымаў актыўны ўдзел у габрэйскіх арганізацыях, затым стаў кіраўніком мясцовай сіянісцкай арганізацыі.
У 1934 годзе пераехаў у Беласток. Абраны кіраўніком Беластоцкай габрэйскай абшчыны. У пачатку 30-х гг. наведаў Палестыну, у мэтах падрыхтоўкі сям’і да эміграцыі.
У канцы чэрвеня 1941 года, калі нямецкія войскі занялі Беласток, кіраўніком юдэнрата ў гета Беластока, створанага 31 ліпеня 1941 г. па распараджэньні нацыстаў, быў прызначаны рабін Гэдалья Разэнман, яго намесьнікам — Бараш. Праз 2 месяцы старшынёй стаў Бараш.
Барашу было вядома аб масавых забойствах габрэяў нацыстамі. Каб выратаваць габрэяў ад зьнішчэньня арганізаваў жыцьцё ў гета і назіраў за працай на прадпрыемствах — у надзеі на тое, што людзі могуць выратавацца, калі будуць занятыя на работах, істотных для эканомікі Нямеччыны.
Ілюзіі былі жорстка расьсеяны: немцы пачалі масавую ліквідацыю габрэяў Беластока. Падчас першай «акцыі» яны забілі тысячу чалавек і 10 тысяч адправілі ў лагер сьмерці ў Трэблінцы. Тады ў Беластоцкім гета была створана габрэйская падпольная арганізацыя, якая занялася сабатажам на нямецкіх прадпрыемствах; вырабляла зброю, заклікала габрэяў далучыцца да актыўнага супраціву. Бараш хацеў выратаваць жыхароў гета, хоць бы частку зь іх. Ён пераконваў падпольшчыкаў не прадпрымаць самастойных дзеяньняў без ўзгадненьня зь ім: «Бо я загадзя пазнаю, калі нешта будзе адбывацца». Нягледзячы на рознагалосьсі, паміж Барашам і падпольшчыкамі ўсталяваліся нядрэнныя адносіны, Бараш дапамагаў падпольшчыкам. Факты уплыву на ўзаемаадносіны Бараша з падпольлем: аўтарытэт Бараша ў гета; у пэўнай ступені паважлівасьць Бараша да меркаваньняў падпольшчыкаў; шчырая вера Бараша ў магчымасьць выратаваньня хоць бы часткі габрэяў гета.
Гэтая гатоўнасьць юдэнрата прынесьці ў ахвяру частку габрэяў дзеля выратаваньня жыцьця астатніх падзейнічала расслабляльна, нават дэмаралізуюча на рашэньне падпольля ў адносінах да «акцыі» лютага 1943 года, калі немцы запатрабавалі ад юдэнрата выдаць 6300 габрэяў. «Акцыя» працягвалася 7 дзён, у яе ходзе было забіта 12 тысяч чалавек. Паўстаньне так і не пачалося. Пасьля «акцыі» адносіны паміж юдэнратам і падпольшчыкамі былі разарваныя. Бараш працягваў лічыць, што пакінутыя ў жывых пасьля лютаўскай «акцыі» дажывуць да канца вайны. Падпольшчыкі заклікалі рыхтавацца да паўстаньня, каб ні адзін габрэй больш не патрапіў жывым у рукі немцаў. Рознагалосьсі паміж падпольшчыкамі і юдэнратам нават не дазволілі габрэям падрыхтавацца да новай «акцыі» ў жніўні 1943 года, якая паклала канец габрэйскага гета Беластока і габрэйскага жыцьця ў Беластоку наогул. Такі быў канец 200-гадовай гісторыі габрэяў Беластока. Сьляды габрэйскага жыцьця і барацьбы былі сьцёртыя з твару зямлі 16 жніўня 1943 г., калі нямецкія войскі пры падтрымцы танкаў атакавалі гета. Большасьць паўстанцаў загінула ў баі, але асобныя групы супраціўляліся на працягу месяца. 40000 габрэяў з гета былі вывезены немцамі ў канцлагеры.
У 1943 годзе Бараш разам з жонкай і іншымі членамі юдэнрата трапіў у канцэнтрацыйны лагер, дзе загінуў у кастрычніку.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия