У гэты дзень 2 лютага 1906 г. у Ваўкавыску ў сям'і рабіна, навукоўца і рэлігійнага сіяніста Іерухама Вархафціга і яго жонкі Рыўкі Файнштэйн нарадзіўся рабін, доктар, юрыст, палітык і адзін з заснавальнікаў партыі «МАФДАЛЬ» (рэлігійнай нацыянальнай партыі) Ізраіля Зэрах ВАРХАФЦІГ. Ён быў адным з тых, чый подпіс стаяў пад Дэклярацыяй Незалежнасці Ізраіля.
Атрымаў рэлігійнае і агульную адукацыю. Скончыў юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. У Варшаве ажаніўся на Наомі Кляйн. Стаў адным з лідэраў рэлігійных сіяністаў у Польшчы.
У пачатку Другой сусветнай вайны збег з акупаванай немцамі Польшчы ў Літву, дзе звярнуўся да японскага віцэ-консула Ціўнэ Сугіхара і галандскага консула Яна Звартеэндейка. Вархафціг здолеў пераканаць дыпламатаў даць візы для габрэйскіх уцекачоў з Польшчы. Па плану Вархафціга габрэі павінны былі знайсці прытулак на тэрыторыі, які належаў Галандыі - выспе Кюрасао. Каб трапіць на Кюрасао, габрэйскім уцекачам было неабходна перасекчы тэрыторыю Савецкага Саюза і Японскай імперыі. Савецкія ўлады згаджаліся дазволіць габрэйскім уцекачам праезд толькі пры ўмове наяўнасці ў іх японскіх віз. Было атрымана каля 1600 візаў і выратавана шмат жыццяў. У выніку студэнты ешывы Мір, выратаваныя Вархафцігам і Сугіхара, не дабраліся да Кюрасао, а да канца вайны пражылі ў Японіі.
У 1947 г. эміграваў у Палестыну, дзе заняўся палітыкай. Быў абраны дэпутатам ў Першы Кнэсэт. З 1948 г. чытаў лекцыі габрэйскага права ў Габрэйскім універсітэце ў Ерусаліме. У 1951 г. быў прызначаны намеснікам міністра па пытаннях рэлігіі ў чацвёртым ўрадзе. Пасля выбараў 1961 г. у Пяты Кнэсэт ён быў прызначаны міністрам па пытаннях рэлігіі. Гэтую пасаду ён займаў да 1974 г. У 1981 г. пакінуў Кнэсэт. З’яўляўся адным з заснавальнікаў універсітэта Бар-Iлан.
У 1983 г. Вархафцiг быў удастоены Прэміі Ізраіля за асаблівы ўклад у жыццё грамадства і дзяржавы Ізраіль і за прасоўванне габрэйскага права. У 1989 г. стаў ганаровым грамадзянінам Ерусаліма.
Памёр 26 верасня 2002 года ў Ерусаліме, дзе і пахаваны 27 верасня 2002 г.
26 жніўня 2012 г. у Ерусаліме была ўрачыста адкрыта вуліца, названая ў гонар Зэраха Вархафціга.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия