2 сакавіка 1562 г. нарадзіўся вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, доктар медыцыны, стольнік літоўскі (1588—1590), крайчы літоўскі (1590—1592), падчашы літоўскі (1592—1597), вялікі маршалак літоўскі (1597—1615), стараста ваўкавыскі, шарашоўскі, велёньскі, мсцібаўскі, навамлынскі, дынемундскі, арандатар ялоўскі і курылоўскі Крыштаф Мікалай Мікалаевіч МОНВІД (МАНІВІД)-ДАРАГАСТАЙСКІ.
Паходзіў аднаго з найзаможных і найстаражытных магнацкіх родаў у ВКЛ, чые продкі падчас Гарадзенскай уніі (1413 г.) ўзялі ад палякаў герб Ляліва. Нарадзіўся ў сям’і полацкага ваяводы Мікалая Дарагастайскага і Ганны Вайнянкі. Выхоўваўся ў кальвінскай веры. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў вядомай гімназіі Яна Штурма ў Страсбургу, 16.12.1575 г. запісаўся ў каталіцкую Фрыбурга-Брызгоўскую акадэмію. Добраахвотнікам у войску Свяшчэннай Рымскай імперыі удзельнічаў у ваенных дзеяннях у Нідэрландах. Падарожнічаў па Еўропе, найбольш упадабаў Італію. Атрымаў ганаровае грамадзянства ў Венецыі, гасцяваў у Ферары, у Балонні ў графа Пепулу. Надоўга затрымаўся ў Неапалі, горадзе вядомым пародзістымі конямі і першай у свеце вышэйшай школай коннай язды, браў урокі ў знакамітых майстроў-«кавалькатораў» П. Карацыёлы, Клаўдыя Кортэ, Петра Антоніа Ферара. З апошнім, гіполагам і надворным канюшым неапалітанскага віцэ-караля, князя дэ Асуна, у Дарагастайскага склаліся асабліва прыязныя адносіны.
Вяртаючыся ў ВКЛ, К. Дарагастайскі быў пры імператарскім двары, дзе за ваенныя заслугі ў Нідэрландах быў уганараваны тытулам барона Свяшчэннай Рымскай імперыі. У апошнія гады праўлення С. Баторыя Крыштаф Дарагастайскі актыўна ўдзельнічаў у Лівонскай вайне ў войсках свайго бацькі, на чале ўласнай харугвы. Напэўна, тады ж зблізіўся на глебе агульных вайсковых і рэлігійных інтарэсаў з Крыштафам Радзівілам Пяруном, на той час польным гетманам літоўскім. Пасля смерці Баторыя некторы час уваходзіў у прамаскоўскую групоўку, 09.08.1587 г. у Акунёве пад Варшавай разам з сенатарамі ад ВКЛ вёў з маскоўскімі пасламі перамовы аб абранні на сталец Рэчы Паспалітай Фёдара Іванавіча і утварэнні уніі трох дзяржаў — ВКЛ, Маскоўскай дзяржавы і Польшчы. У 1588 г. атрымаў у спадчыну Ваўкавыскае староства і зрабіўся стольнікам літоўскім. У тым жа годзе ажаніўся першы раз з Соф’яй з Хадкевічаў, дачкой віленскага кашталяна Яна Гераніма Хадкевіча.
На сейме 1589 г. Дарагастайскага абралі дэпутатам для заключэння дагавору з імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. На сейме 1590 г. ён як пасол віленскі энергічна дамагаўся заключэння міра з Масквой і пратэставаў імем ліцвінаў супраць устаноўленых падаткаў. У красавіку 1590 г. быў прызначаны крайчым літоўскім. Падтрымліваў габсбургскую палітыку Жыгімонта III Вазы, чым атрымаў сімпатыю двара, спрыяў шлюбу караля з Ганнай Аўстрыячкай, за што з каралеўскай ласкі ў 1592 г. атрымаў пасаду падчашага літоўскага. Тым часам большасць шляхты была незадаволеная хуткім шлюбам Жыгімонта III з аўстрыйскай прынцэсай, угледзеўшы ў гэтым знявагу нацыянальнага гонару. У 1592 г. пратэстанцкая партыя на чале з Янам Замойскім стварыла інквізіцыйную камісію па разгляду дзеянняў караля. Становішча Жыгімонта III на інквізіцыйным сейме было вельмі хісткім, але яму дапамагло ўмяшальніцтва праваслаўных магнатаў з Украіны на чале з Канстанцінам-Васілём Астрожскім. Крыштаф Дарагастайскі быў паслом на інквізіцыйным сейме, адным сярод нешматлікіх прыхільнікаў Жыгімонта III. У 1594 г. Валынскае ваяводства абрала яго дэпутатам на Каронны Трыбунал у Любліне.
Палітычная дзейнасць К. Дарагастайскага на карысць каралеўскага двара ніколькі, аднак, не пашкодзіла ягонай папулярнасці сярод шляхты дзякуючы непахіснай пазіцыі ў абароне свабод пратэстантаў. Так, хаця на сейме 1595 г. ён трымаўся з каралём, аднак пісаў да Крыштафа Радзівіла Пяруна, што змагаецца пры двары за лепшае становішча для пратэстантаў у Рэчы Паспалітай. На сейме 1596 г. быў маршалкам пасольскай ізбы, і адразу пасля гэтага атрымаў маршалкоўства надворнае літоўскае. Магчыма, кароль хацеў далучыць кальвініста К. Дарагастайскага да каталіцтва, таму патрабаваў, каб Крыштаф Дарагастайскі суправаджаў яго ў паломніцтве да Чанстаховы. Дарагастайскі спрабаваў ухіліцца, але пад націскам двара ўсё ж паехаў. У Чанстахове абураўся культам Божай Маці, бачачы ў ім ідалапаклонства. Зрэшты, пілігрымка К. Дарагастайскаму акупілася, бо адразу пасля яе стаў вялікім маршалкам літоўскім (1597 г.), нягледзячы на пярэчанні Святога Прастолу і каталікоў.
Наступныя некалькі гадоў Дарагастайскі прысвяціў галоўным чынам асабістым справам. Яшчэ ў 1596 г. памерла ягоная першая жонка, таксама кальвіністка. У 1597 г. вялікі маршалак узяў другі шлюб з Соф’яй з Радзівілаў, дачкой ваяводы наваградскага, удавой крайчага літоўскага Юрыя Хадкевіча. У тым самым годзе памёр бацька К. Дарагастайскага. У спадчыну яму пакінуў радавыя Дарагастаі на Валыні і Мураваную Ашмянку ў Віленскім ваяводстве (цяпер Ашмянскі раён). Неўзабаве Крыштаф Дарагастайскі атрымаў староствы шарашоўскае, велёньскае, мсцібаўскае, навамлынскае, дынемундскае, арандатарства ялоўскае і курылоўскае.
У 1600 г. Дарагастайскі імем караля мірыў два магнацкія роды — Хадкевічаў з Радзівіламі, як сваяк абодвух. У выніку адбыўся шлюб Януша Радзівіла з Соф’яй з Хадкевічаў. Але найперш займалі яго як дынемундскага старасту рамонт Дынемунда, упарадкаванне вусця Дзвіны, што прыводзіла да канфліктаў з Рыгай.
З пачатку вайны са Швецыяй К. Дарагастайскі, не прыбыў да тэатра ваенных дзеянняў, але рупіўся аб абароне Рыгі і Дынемунта, за ўласныя сродкі паслаў у Інфлянты 150 наймаваных венграў, вербаваў войска, рупіўся пра порах, гарматы, правіянт. Рыжан заклікаў да мужнасці, а абарону Дынемунда даверыў свайму сваяку Яну Астроўскаму. На варшаўскім сейме 1601 г. энергічна абмяркоўваў, як абараняцца ад шведаў, і вясной таго ж года на Жамойці сабраў падраздзяленне з 300 пехацінцаў і 300 вершнікаў, з якім па загадзе гетмана Радзівіла Перуна 28 траўня прыбыў пад Какенгаўзен. У бітве са шведамі кіраваў правым флангам, смела ўдарыў на непрыяцеля. Як піша пра яго Севярын Урускі, «хаця быў тройчы паранены, застаўся на кані і адыграў галоўную ролю ў перамозе». Не зважаючы на раны, адразу пасля бітвы рушыў маршам пад Дынемунд, і там з дапамогай рыжан выцесніў шведаў з вусця Дзвіны. Далей абараняў Інфлянты да падыходу кароннай арміі Замойскага; у 1602 г. таксама накіраваўся пад Дымемунд з пяхотай. У Інфлянтах набыў вялікую папулярнасць, і, сварыўся з грамадзянамі Кароны і рэзка выступаў супраць кватаравання польскага войска ў ВКЛ, нават парвінцыйны прашавіцкі сеймік прасіў у караля ўзнагародзіць Дарагастайскага «за значныя заслугі».
Па вайне, у сваім дзедзічным маёнтку — Мураванай Ашмянцы — Дарагастайскі завяршыў пачаты калісьці рукапіс «Гіпікі» і адаслаў яе, на рэцэнзіраванне даўняму прыяцелю — князю Мікалаю Радзівілу Сіротку, таксама вядомаму знаўцу коней. Афармленне «Гіпікі» рабіў прыдворны гравёр Радзівіла Сіроткі Тамаш Макоўскі. Некаторыя ілюстрацыі Тамаш Макоўскі рабіў паводле эскізаў К. Дарагастрайскага. «Гіпіка» пабачыла свет у 1603 г. у Кракаў, у друкарні Анджэя Пётркоўчыка.
Падзеі рокаша Зебжыдоўскага зноў уцягнулі вялікага маршалка ў палітычную дзейнасць. На сейме 1605 г. ён паказаў сябе ўпартым апазіцыянерам: выступаў у сваім wotum супраць Ілжэдзмітрыя I, бараніў варшаўскую канфедэрацыю і дамагаўся яе ўмацавання выканаўчым законам (пазіцыю католікаў назваў непатрыятычнай). Расправу са Швецыяй жадаў перанесці ў Фінляндыю і з гэтай мэтай выказваўся за будоўлю флоту, прасіў у караля дазволу на вайну і г.д. У тым жа годзе падчас лячэння ў Сілезіі наведаў Прагу і быў гасцінна прыняты імператарам Рудольфам II. Ягоны прыдворны гравёр па медзі і мастак Гілес (Эгідыюс) Садэлер (1575—1626) выканаў адзіны вядомы на сёння партрэт Дарагастайскага.
На сейме 1606 г. вялікі маршалак літоўскі і галава пратэстантаў ВКЛ зноў бараніў варшаўскую канфедэрацыю. Падчас рокашу Зебжыдоўскага Дарагастайскі быў прыхільнікам утварэння канфедэрацыі ў ВКЛ, але сваю апазіцыйнасць трымаў ва ўмераных рамках. На сандамірскі з’езд прыбыў узброеным на чале вайсковага аддзела з намерам абараняць Рэч Паспалітую і караля і выказаў wotum вельмі «рокашава», чым зноў спадабаўся шляхце. Аднак ужо ў 1607 г., не ўбачыўшы вялікіх шанцаў на поспех «у гэтай смуце Рэчы Паспалітай», вылучыўся на варшаўскі сейм, дзе выступаў супраць езуітаў з-за іх умяшальніцтва ў дзяржаўныя справы і патрабаваў выгнаць іх з каралеўскага двара.
У 1609 г. на сейме К. Дарагастайскі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы маскоўскага паходу Жыгімонта III, а ў кастрычніку знаходзіўся на чале асабістага коннага атрада з арміяй пад Смаленскам, дзе яму было даручана «загадваць усімі гарматамі і ўсімі шанцамі». Нягледзячы на хваробу, перад генеральным штурмам Смаленска (1611 г.) атрымаў камандаванне часткай паўночнай аблогавай арміі. Пры ўзяцці горада адным з першых уварваўся ў крэпасць. Пасля некалькіх цяжкіх кулявых раненняў у тым жа годзе знайшоў сілы абараняць справы Віленскага кальвінісцкага збора на віленскім сейміку. У 1612—1613 гг. спрабаваў паправіць здароўе каля гарачых крыніц пад Веронай, але хадзіў ужо толькі на мыліцах. Вярнуўшыся у Рэч Паспалітую, яшчэ займаўся справамі. У 1613 г. памерла ягоная жонка Соф’я, і неўзабаве Дарагастайскі ажаніўся ў трэці раз з Аляксандрай з Верашчакаў. Падтрымліваў дзейнасць кальвінскага прапаведніка Войцэха Салінарыюса, які служыў у зборы Мураванай Ашмянкі. У 1615 г. Дарагастайскі фінансаваў выданне ягонай «Цэнзуры…» (у 6-ці частках) — палемічнага твора супраць арыян. Шмат у якіх крыніцах сустракана, што «Цэнзура» выйшла ва ўласнай друкарні Крыштафа Дарагастайскага, заснаванай у Мураванай Ашмянцы яшчэ ягоным бацькам. Аднак факт існавання гэтай друкарні выклікае сумненні, бо, акрамя твора Салінарыюса, не захавалася ніводнай кнігі з выхаднымі дадзенымі «Ашмяны».
У ліпені 1615 г. Дарагастайскі падаўся ў Сілезію да гарачых крыніц Вармбрума. У дарозе, спыніўшыся ва Вроцлаве ў заезным доме «Пад Залатым Дрэвам» дзе 3 жніўня ён памёр. Вроцлаўскі храніст Мікалай Поль паведамляў, што ягонае цела, забальзамаванае ў меднай труне, некалькі тыдняў захоўвалася ў гэтым горадзе ў лютэранскай могільнікавай капліцы св. Эльжбеты, адкуль 17 верасня яго перавезлі ў Мураваную Ашмянку. Урачыстае пахаванне з казаннем пастара Яна Зыгровіюша адбылося тамсама ў лютым наступнага года.
У шлюбе з Соф’яй з Радзівілаў К. Дарагастайскі меў дачку Дароту і сына Уладзіслава (1611—1638), які стаў чашнікам ВКЛ, пакінуў пасля сябе славу апекуна навук, заступніка пратэстантаў і праваслаўных вернікаў. На дачцэ Уладзіслава Соф’і магнацкі род Дарагастайскіх згас. У Мураванай Ашмянцы не засталося магіл яе колішніх уладальнікаў. Знік кальвінскі збор. Ад гаспадарскага дома, перабудаванага ў сярэдзіне XIX ст. пад палац, часткова захаваліся сутарэнне, цокаль і сцены першага паверху.
Асноўная літаратурная праца Крыштаф Мікалай Дарагастайскі — «Гіпіка» (1603 г., Кракаў, друкарня Анджэя Пётркоўчыка), складаецца з чатырох частак (кніг). Датуль у Рэчы Паспалітай не было ніводнага дапаможніка па конегадоўлі і коннай яздзе. Кніга напісана на польскай мове, ужываючы лацінскія цытаты і італьянскія тэрміны. У перакладзе на беларускую мову «Гіпіка» выйшла ў 2007 г., пераклад рабіўся з мікрафільмаў — копіі першага выдання 1603 г., якія захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, зверка рабілася з выдання 1730 г., якое захоўваецца тамсама, і з апошнім выданнем 1861 г. Апроч «Гіпікі», Дарагастайскі напісаў яшчэ некалькі літаратурных твораў, якія ў большасці засталіся ў рукапісах.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия