21 сакавіка 1891 г. у в. Пахоціна Палехскага раёна Іванаўскай вобласці нарадзіўся савецкі ваеначальнік, генерал арміі (1955 г.), Герой Савецкага Саюза (1945 г.) ГАРБАТАЎ Аляксандр Васільевіч.
З сям’і сялян. У 1902 г. скончыў сельскую трохкласную школу. Працаваў у сялянскай гаспадарцы бацькі, на зімовых адыходных промыслах, на абутковай фабрыцы ў Шуі. З кастрычніка 1912 г. у арміі, служыў у Чарнігаўскім 17-м гусарскім палку. Удзельнік Першай сусветнай вайны, ваяваў у Польшчы, у Карпатах, на рацэ Стаход, быў паранены ў баях, за адвагу падвышаны ў старэйшыя ўнтэр-афіцэры і ўзнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі і медалямі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. абраны членам палкавога і дывізіённага салдацкіх камітэтаў. У час грамадзянскай вайны камандаваў узводам, эскадронам, палком, асобнай кавалерыйскай брыгадай. З 1931 г. памочнік камандзіра, з 1933 г. камандзір кавалерыйскай дывізіі.
У верасні 1937 г. у ходзе масавых рэпрэсій у РСЧА Гарбатаў быў зняты з пасады “за сувязь з ворагамі народа”, накіраваны ў распараджэнне Упраўлення па каманднаму і начальніцкаму складу РСЧА і выключаны з ВКП(б). У сакавіку 1938 г. быў адноўлены ў партыі і прызначаны намеснікам камандзіра 6-га кавалерыйскага корпуса, але ў кастрычніку 1938 г. выкліканы ў Маскву і арыштаваны. Падвяргаўся катаванням следчых НКУС, але вінаватым сябе не прызнаў. Быў асуджаны 8 траўня 1939 г. па арт. 58 КК РСФСР («кантррэвалюцыйныя злачынствы») да 15 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў паразы ў правах. Пакаранне адбываў у лагеры на Калыме, захварэў на шкарбунку.
Вызвалены пасля перагляду справы 5 сакавіка 1941 г. Пасля аднаўлення ў арміі і лячэння ў санаторыях у красавіку таго ж года атрымаў прызначэнне на пасаду намесніка камандзіра 25-га стралковага корпуса на Украіну.
У час Вялікай Айчыннай вайны на Паўднёва-Заходнім, Данскім, Сталінградскім, Бранскім, Цэнтральным, 1-м і 2-м Беларускіх франтах. Камандзір стралковага корпуса, намеснік камандуючага арміяй, інспектар кавалерыі фронту. З лета 1943 г. да канца вайны камандуючы 3-й арміяй, якая ўдзельнічала ў баях пад Арлом, Гомельска-Рэчыцкай (1943 г.) і Беларускай (1944 г.) аперацыях, фарсіраванні Сожа, Дняпра, Бярэзіны, Нёмана, вызваленні Чэрвеня, Стаўбцоў, Карэліч, Дзятлава, Наваградка, Ваўкавыска, вызваленні Польшчы, ва Усходне-Прускай і Берлінскай аперацыях.
З чэрвеня 1945 г. камандуючы 5-й ударнай арміяй, адначасова камендант Берліна. У 1946-1958 гг. камандуючы агульнавайсковымі арміямі, паветрана-дэсантнымі войскамі, войскамі Прыбалтыйскай ваеннай акругі. З 1958 г. у Групе генеральных інспектараў Мінабароны СССР.
У 1952-1961 гг. кандыдат у члены ЦК КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Ганаровы грамадзянін Арла, Навасіля, Мцэнска, Гомля. Аўтар кнігі мемуараў «Гады і войны», у якіх адным з першых у СССР у 60-х гг. падрабязна распавёў пра рэпрэсіі 30-х гадоў.
Памёр 7 снежня 1973 г. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках (7 участак левая сцяна 7 рад).
Імем Гарбатава названы вуліцы ў Ваўкавыску, Гомлі, Асіповічах, Рагачове, Свіслачы, Бранску, Уфе, Іванаве, Мцэнску. У Касцюковіцкім краязнаўчым музеі яму прысвечана экспазіцыя. У 1992 г. пра Гарбатава быў зняты мастацкі фільм «Генерал».
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия