Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
Што мы ведаем пра остарбайтэраў у часы Другой сусветнай вайны? Перад вачыма адразу паўстаюць змучаныя хлопцы і дзяўчаты ў робах з нашыўкай OST, што працуюць на нейкім абарончым заводзе ў Сілезіі ці Памераніі… Ёсць статыстыка, ёсць лічбы, ёсць базы з прозвішчамі. Але каб займець больш рэалістычную карціну, давайце дадзім слова самому остарбайтэру, які ў 1943-м трапіў з Падароску ў Фраўэнбург на берагах Балтыкі…
Гэтая гісторыя пачалася з архіву з дваццаці канвертаў 1943–1944 гадоў, які часова апынуўся ў маіх руках. Да таго ж канверты былі не пустыя, але хавалі ў сабе лісты, напісаныя Мікалаем Давыдзюком на адрас свайго бацькі ў Падароск, што на Ваўкавышчыне. І тут я пачаў чытаць… Лісты простага хлопца, напісаныя на руска-беларуска-польскай трасянцы, падаюцца максімальна шчырымі, без хітрыкаў і пафасу, і ад гэтага тым больш цікавымі. За імі — рэаліі побыту остарбайтэраў, нашых землякоў, якія апынуліся цягам вайны ў Германіі.
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
«Прашу, каб не сумавалі, пакуль весела»
Першыя некалькі кароткіх лістоў, якія датуюцца ліпенем 1943-га, Мікалай піша бацькам з часовага лагеру. Ягоная дарога выглядала наступным чынам: Падароск — Ваўкавыск — Беласток — Фраўэнбург. Замест зваротнага адрасу — наўпрост «Беласток», тагачасны цэнтр «бецырку», куды ўваходзіў і Ваўкавыск, усё гэта намінальна адносілася да Усходняй Прусіі і было часткай Рэйху.
«Па гэты дзень знаходзімся ў Беластоку, — піша Мікалай. — Ад’езд у аўторак ці сераду. Штодзённа адпраўляюць моладзь, ёсць тут і сем’і з Украіны з-пад Уладзімірска(?). Бачыў Кердала Стася, які падыходзіў да брамы, каб пагутарыць, мо’ ёсць хто з Падароску. Прашу вас, каб не сумавалі, тут весела…»
Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі
Наступны ліст — амаль праз месяц, ужо напрыканцы ліпеня, калі хлопцаў размяркоўваюць па розных мясцовасцях, дзе ім далей жыць і працаваць.
Чытаем: «Учора ўвечары на заходзе сонца пагрузіліся на цягнік. Аб 11 вечару былі ў Беластоку. Зараз чакаем камісіі, паводле (рашэння) якой паедзем у пэўныя пункты. Дарогаю было весела, тут едуць людзі з розных гмінаў. Прашу вас, каб не сумавалі, нам пакуль весела. Тыя, хто выехаў з Падароску, трымаюцца разам».
Кава, хлеб і… мармелад
Па выніку размеркавання Мікалай трапіў у Фраўэнбург на беразе Балтыкі, што зараз знаходзіцца ў Польшчы (Фромбарг), але на той час лічыўся прускім гарадком.
Фромбарк, сучаснае фота
У другой палове жніўня ён піша бацькам падрабязны ліст, дзе апісвае ўмовы свайго побыту. Найперш, вядома, пра ежу: «Сталуемся мы на кухні ў осляндзі (мабыць, ад «Остланд»), тут працуе каля 40 чалавек. Ранкам перад працай кава і кавалак хлеба, нашмараванага чым-небудзь. (…) У абед бульба з морквай ды капустай. (…) Праз дзень порцыя мяса, на вячэру бульба з мукою. Апроч гэтага атрымліваем ежу па картках».
Далей ідзе апісанне двухтыднёвай нормы, якую супрацоўнік атрымлівае па картцы. Гэты тры булкі, якія важаць па паўтара кілаграмы. А яшчэ ёсць «цузас-карта», па якой ідзе яшчэ хлеб… З іншых прадуктаў: 25 дэкаў масла (дэка — 10 грамаў, таму, чытай 250 грамаў масла), 25 дэкаў цукру, 50 дэкаў мармеладу, 20 дэкаў маргарыну, 25 дэкаў вяндліны, 4 яйкі, 2 кг, альбо 40 будачак з пшаніцы. Гарбата — «колькі заўгодна і калі заўгодна».
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
«Майстар сказаў, што мы як у войску…»
У тым жа лісце Мікалай апісвае працу, на якую трапіў. Гэта фізічная праца па ўмацаванні ды будаўніцтве чыгуначных шляхоў. Туды і назад усю брыгаду возіць цягнік. Працуюць 8 чалавек, з якіх чацвёра хлопцаў, тры жанчыны і майстар-паляк. Цікава, што апошні — не остарбайтэр, але перасяленец з 1913-га года, паходзіць з Радама, ён ажаніўся ды застаўся тут. Паляк будзе фігураваць у лістах і надалей: ён дапамагацьме хлопцам цёплай бялізнай ды ежай.
У пакоях працоўныя жывуць па два чалавекі. Ложак звычайны: сеннік і падушка. Зранку пад’ём і… «Праца лёгкая, ад шостай да паловы на чацвёртую — наша праца з дарогай. Пасля працы хто як жадае, дадому ісці альбо ў горад. А палове на чацвёртую абед стаіць у печцы. (…) Нядзеля вольная, можна хадзіць па горадзе. Прашу вас, не сумуйце, бо кожную ноч сніцца мне, як вы мяне выпраўляеце і я развітваюся».
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
Варта дадаць, што напрыканцы 1943-га года кагосьці з хлопцаў з ваколіц пераводзяць на іншыя працы, але Мікалай спакойны: «Я пытаўся ў свайго майстра, ці могуць забраць нас, але ён адказаў, што мы як у войску, таму спадзяюся дабыць на адным месцы».
Магчыма, праца на чыгунцы лічылася стратэгічнай, а мо’ нават адносілася да ведамства парамілітарных структураў, кшталту RAD ці Арганізацыі Тодта, адсюль і абарот пра «войска».
Варта дадаць, што па заездзе ў хлопца з’яўляецца і сталы адрас, нязменны ад жніўня 1943-га да траўня 1944-га: Mikolaj Dawydzuk, Frauenburg, Langgasse №166, Kreis Braunsberg, Reg Bez. Konigsberg (Ostpr.).
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
Гармонік і лекі «ад слабага сэрца»
Стасункі Мікалая Давыдзюка з сям’ёй (бацька, маці, сёстры, дзядзька) — гэта не толькі гісторыя ліставання, а яшчэ і пасылкі ды грашовыя пераводы. Грошы Мікалай дасылае ў Падароск траншамі па 50 марак: калі вельмі груба, гэта нешта кшталту 100 сучасных долараў. Ад грошай з боку бацькоў ён адмаўляецца: «…Вы пішаце, што хочаце выслаць грошай, але яны мне не патрэбныя. Купляць няма чаго, а калі што і трапляецца, то і грошы знаходзяцца».
Што высылаюць бацькі? Нагавіцы, шкарпэткі, рушнік, а з харчоў: сухары, каўбаса, «вантрабянка», сланіна ды іншае мяса. Апроч грошай Мікалай высылае дадому скрыні, але што ў іх, на жаль, удакладняе зрэдку, напрыклад: пра дрожджы і канверты. Іншым разам піша пра лекі, якія шукае па замове бацькоў, — кроплі ад «слабага сэрца». З медыкаментамі выйшла праблема, і хлопец вымушаны звяртацца па дапамогу да немца. Іншым разам нейкі Валодзя, відаць, сваяк, просіць Мікалая пра… гармонік! Той адказвае, што пад рукой няма, але пашукае, як будзе ў горадзе.
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
З лістамі і пасылкамі час-почас здараюцца перабоі. Так сталася, прыкладам, у лістападзе 1943-га. Хлопец піша пра абмежаванне колькасці лістоў: два на месяц. Але і тут знаходзіць лазейку, прапаноўваючы бацькам, як што, пісаць на іншы адрас — на іншага чалавека. Тое ж і з пасылкамі. У наступным лісце, ужо з канца лістапада 1943-га, Мікалай супакойвае бацькоў: «Вы можа думаеце, што я не атрымліваю тое, што вы дасылаеце, але я атрымліваю».
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
«Выглядаю не горш, як дома»
Пра што пытаецца Мікалай у бацькоў? Як чалавек з вёскі, найперш цікавіцца гаспадарчымі працамі. Ці пасадзілі бульбу? Ці вазілі гной? Колькі выпала снегу? Ці праклалі дарогу праз «нашу дзялку»? Вядома, пытаецца пра здароўе ды лёсы родных, час-почас паведамляе пра землякоў, што сустрэў «на чужой старане», напрыклад: «Сепсяка дачка недалёка, усяго ў 67 кіламетрах…»
Асобная тэма — гэта апісанне сноў. Міколу сніцца, як бацькі «выпраўляюць» яго з Падароску, сніцца таксама хворы бацька, пасля чаго ён цікавіцца пра рэальны стан яго здароўя. Зразумела, усё гэта вельмі чалавечае, прычым, закаванае ў лаканічную форму кароткага ліста… У лісце з пачатку 1944-га года ёсць такі абарот: «Калі Госпад Бог дапаможа, то магчыма хутка вернемся, але калі няварты буду вярнуцца, дык нічога не паробіш. (…) Яшчэ прашу, каб прасілі Госпада, каб нас уз’яднаў».
Архіў ліставання Мікалая Давыдзюка
На вялікі жаль, мы не маем фота Мікалая Давыдзюка, хоць у лістах ён згадвае, што дасылае па некалькі штук — і бацькам, і нейкай дзяўчыне. Зрэшты, сфатаграфавацца ў яго атрымалася не адразу, бо «сдёмщика» мясцовага, зразумела, немца, забралі на фронт. Таму — толькі варыянт пошуку атэлье ў Фраўэнбургу цягам нядзельнага шпацыру ў горадзе. «Мне тут добра, як выдадуць (фота)картку, то ўбачыце, што выглядаю не горш, як дома», — рэзюмуе Мікалай.
Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі
«У вас грыміць ці не?..»
Цікавы сегмент — урыўкі інфармацыі пра знешні свет, якім, на жаль, аўтар надае вельмі мала значэння ў ліставанні. Напрыклад, напрыканцы лютага 1944-га года Мікалай піша, што чуў перадачу, нібыта ў Расіі выпала два метры снегу. Значыць, радыё яны ўсё ж такі слухалі. Іншы варыянт — інфармацыя, атрыманая па «сарафанным радыё», пра тое, як у іншага рабочага забілі сына пад Кіевам…
Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі
«Прашу вас, каб пісалі, што чуваць, бо тут языкамі шмат балбочуць, толькі як насамрэч невядома», — такую просьбу з ноткамі трывогі чытаем у лісце ад 15 траўня 1944 года. У іншым травеньскім лісце сустракаецца цікавы пасаж, які можна трактаваць дваяка: «У вас грыміць ці не? Бо тут са мной адзін з Высокалітоўска (?), дык яму пішуць, што грыміць…» Пра што размова? Пра травеньскую навальніцу і дождж ці пра лінію фронту, якая, нібы хваля, імкліва коціцца назад, з усходу на захад?..
Працоўная кніжка для замежніка — такія выдаваліся остарбайтэрам
«Пока до свидание Дорогие родители и сестры кланяюсь Вам и целую Ваше лицо писал 6.5.44 год», — гэтае неймаверна простае і шчымлівае развітанне хочацца прывесці мовай арыгіналу і без знакаў прыпынку — так, як у лісце.
Працоўная кніжка для замежніка — такія выдаваліся остарбайтэрам
Лістоў за чэрвень у архіве мы ўжо не знаходзім. Пра далейшы лёс Мікалая Давыдзюка ды ягонай сям’і не ведаем. Цалкам магчыма, што склаўся ён трагічна, бо выжыўшых остарбайтэраў, дэпартаваных назад у СССР, чакалі новыя фільтрацыйныя лагеры, а часцяком і ГУЛАГ… за «здраду савецкай радзіме».
Остарбайтэры з Заходняй Беларусі ў Германіі
Замест пасляслоўя
У гэтым артыкуле я не ставіў за мэту пераканаць чытача, маўляў, усе остарбайтэры як сыр у масле каталіся. Наўпрост для аб’ектыўнага бачання сітуацыі мала эмоцыяў ды статыстыкі з дзясяткамі тысяч угнаных у Германію, але важныя асабістыя гісторыі ды сведчанні. Безумоўна, шмат для каго ўгон абярнуўся не толькі расставаннем з роднымі і блізкімі, але і нечалавечымі пакутамі на абарончых заводах. Для іншых — адзінай у жыцці магчымасцю ўбачыць вялікі свет, Еўропу, іншую цывілізацыю. Іншая справа, што вяртанне з гэтай 1–2-гадовай выправы дадому часам магло зацягнуцца альбо не адбыцца ўвогуле.
Новы Час, Фота аўтара
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия