апублікавана ў «Ваўкавышчына», № 7, 2009, автор Мечислав Супрон
Ваўкавыст ХІХ стагоддзя, як і большасць гарадоў і мястэчак Беларусі, не адрозніваўся высокім узроўнем унутранага парадку, што не магло не адбіцца на яго супрацьпажарным стане. Вузкія, брудныя, у большасці небрукаваныя вуліцы, перавага невялікіх драўляных дамоў, адсутнасць вулічнага асвятлення – характэрныя рысы аблічча гарадоў беларускіх губернях гэтага перыяду. Яшчэ горш у пажарным дачыненні выглядалі мястэчкі, сёлы і вёскі павету. Будынкі ў населеных пунктах былі ў асноўным драўлянымі, стрэхі высцілаліся саломай і дранкай. Хаты размяшчаліся ўшчыльную адна да адной, і вельмі часта пажар усяго за некалькі гадзін спусташаў значную частку селішча.
Рост мястэчак і развіццё прамысловасці павышаў іх пажарную небяспеку. Сведчаннем таму – пажар 1834г. Ваўкавыску, у выніку якога згарэла 27 жылых дамоў і 45 гаспадарчых пабудоў. У 1844г. у Ваўкавыскім павеце пажарамі знішчана 10 жылых дамоў, страты склалі 1798 руб. Знішчэнне ўсяго паселішча можна было папярэдзіць у тым выпадку, калі ліквідаваўся агонь на месца ўзнікнення пажару, а калі полымя пачынала распаўсюджвацца на суседнія пабудовы – зрываць крукамі стрэхі дамоў, да якіх пажар яшчэ не дакрануўся. Для прыкладу можна прывесці пажар, які адбыўся 18 верасня 1844г. у м.Ялоўка Ваўкавыскага павету. А 18 гадзіне загарэлася клуня селяніна Анталеўскага. На дапамогу збегліся сяляне, а таксама прыйшлі жаўнеры 2-га вучэбнага Карабінернага палка пад кіраўніцтвам капітана Пісемскага, якія размяшчаліся ў мястэчку. Цягам кароткага часу полымя было ліквідаванае, а паселішча выратавана ад поўнага выгарання, так як, па словах аднаго селяніна, “усе пабудовы знаходзяцца цесна і пакрытыя саломаю”. Будынкі ў большасці паселішчаў будаваліся без прытрымлівання правілаў. “Зрубіўшы хату, селянін пакрывае дах звычайнаю саломаю, затым будуе хлеў, калі не пад адзін дах з хатаю, дык паблізу яе” – сведчыў сучаснік. У выніку пажараў у 1863г. у той жа Ялоўцы згарэла 30 хат, страты складалі 18460 руб. Падобныя здарэнні патрабавалі з боку органаў дзяржаўнай улады прыняцця і ўдасканалення нарматыўных прававых дакументаў, рэгламентавання пытанняў забеспячэння пажарнай бяспекі. Аднак па прычыне вострага недахопу фінансавых сродкаў гарадскія ўлады ішлі на прыняцце рашэнняў, згодна з якімі пажарная бяспека павінна была быць прыярытэтам саміх гараджан, якія абавязваліся за свае сродкі набываць рознага кшталту вогнегасільныя сродкі і абсталяванне. Да такіх адносіліся гідрапульты (кшталту сучаснага вогнетушыцеля), бочкі, заўсёды напоўненыя вадою, швабры, крукі, прызначаныя для здзірання ахопленых полымем стрэх, вёдры і сякеры, а таксама прыстаўныя драбіны. Акрамя таго, гараджане некаторых гарадоў набывалі “пажарныя машыны” (помпы, якія прыводзіліся ў рух некалькімі асобамі, звычайна ад 2 да 8). Галоўныя абавязкі за наглядам выканання пастаноў ускладаліся на паліцмайстраў і павятовых спраўнікаў, якія праводзілі агляд усяго пажарнага абсталявання, дабівалiся прывядзення іх у спраўны стан. Але, па сведчанню губернскага спраўніка ад 29 жніўня 1879г., гэтыя меры ў большасці ігнараваліся і не выконваліся насельніцтвам.
Яшчэ вельмі важнай мерай “для паспяховай ліквідацыі пажараў” з’яўлялася начная варта. Яна назначалася ў парадку чаргі з саміх дарослых жыхароў. Вартаўнікі надзяляліся пэўнымі правамі і абавязкамі. Яны мелі права абыходзіць кожны дом, “калі ўзнікне якое-небудзь падазрэнне”, затрымліваць падазроных асоб і прадастаўляць паліцыі. У іх абавязкі ўваходзіла недапушчэнне загарання пабудоў, а таксама вартаванне маёмасці.
Стварэнне прафесійных пажарных каманд у Расійскай імперыі бярэ свой пачатак з 1802г., калі было створана Міністэрства ўнутраных спраў. У гэтым жа годзе Аляксандр І выдаў загад «Аб стварэнні пры паліцыі спецыяльнай пажарнай каманды», паводле якога ў горадзе Санкт-Пецярбурзе была заснавана сталая пажарная каманда.
У губернскім горадзе Гродна пажарная каманда была створана ў першай палове 1820-х гг. Аднак аб стварэнні пажарных каманд у такіх гарадах як Ваўкавыск пакуль і не задумваліся. Улады паклапаціліся набыць толькі пажарныя помпы і пабудаваць для іх драўляны “шпіцргаўз” (адрыну). Коней для пажарнага абсталявання дастаўлялі, як і ў іншых гарадах, жыхары, пачуўшы першыя сігналы пажарнай небяспекі. Адначасова дзейнічала сістэма пакаранняў за нез’яўленне на месца пажарнага здарэння, за што жыхары плацілі штраф.
У 1849г. у Ваўкавыску ўжо была пажарная каманда, але яна складалася толькі з аднаго брандмайстра. На выпадак пажару яму дапамагалі паліцэйскія і ніжэйшыя чыны мясцовых інвалідных каманд, карыстаючыся пажарнымі прыладамі.
Значным крокам у развіцці пажарнай аховы Ваўкавыска было сцвярджэнне 17 сакавіка 1853г. «Нармальнай табелі складу пажарнай часткі ў гарадах». Паводле гэтага дакумента, у мэтах стварэння ўпарадкаванай структуры пажарнай аховы ўсе гарады былі падзеленыя на сем груп, па ліку жыхароў. Для кожнай групы прадугледжваўся штатны склад, колькасць пажарнага інвентара і сродкі, якія адпускаліся на іх рамонт. Ваўкавыск адносіўся да гарадоў другога разраду (колькасць насельніцтва для гарадоў гэтага разраду складала ад 2 да 5 тыс.). Да сёмага, напрыклад, адносіліся гарады з насельніцтвам ад 25 да 30 тыс. Для гарадоў другога разраду прадугледжвалася 12 пажарных. Аднак, нягледзячы на гэта, горад не мог выдаткаваць сродкі на ўтрыманне іх патрэбнай колькасці. Таму быў складзены праект, які прадугледжваў для пажарнай каманды Ваўкавыска 5 чалавек. Разам з тым, устанаўлівалася і неабходная колькасць пажарнага абсталявання (павозкі, перавазныя бочкі, помпы, сякеры, вёдры, лапаты, крукі, драбіны, вілы, вяроўкі і інш.). Для транспарціроўкі гэтага абсталявання прадугледжвалася 6 коней. Такія ж прапорцыі захоўваліся і пры абсталяванні неабходных памяшканняў для размяшчэння пажарных каманд. Правядзенне мерапрыемстваў патрабавала вялікіх грошай, уключаючы сродкі на сілкаванне і абмундзіраванне пажарных, а таксама закуп фуражу для коней, а таму ўлады горада ўзвалілі закупку пажарнага інвентара ў Варшаве на жыхароў Ваўкавыска, размеркаваўшы патрэбную суму – 500р. – на ўсіх гараджан. Для гэтых мэтаў былі назначана два чалавекі, аднак гораду так і не ўдалося набыць нават прасцейшых прылада. У такім разе, было вырашана адрамантаваць старыя прылады. У 1865г. губернатар загадаў Ваўкавыскаму і Слонімскаму гарадскім магістратам, а таксама Сакольскай думе зацвердзіць дамовы з майстрамі для рамонту пажарнага абсталявання, а самім назіраць за выкананнем дамовы. Выкананне загаду мела пэўныя цяжкасці. Па-першае, усё яшчэ адчуваўся востры недахоп сродкаў. Па-другое, рамеснікамі ў асноўным былі габрэі, якія адмаўляліся працаваць у святочныя для іх дні, што замаруджвала рамонтныя работы.
Штатная пажарная каманда ў Ваўкавыску, нарэшце, была створана ў 1868г. За ёй замацоўваўся будынак былой гаўптвахты, размешчанай у самым цэнтры горада, былі выдзелены грошы на абмундзіраванне, абсталяванне і інвентар. Аднак пажарная каманда, якая дарэчы налічвала 4 чалавекі, роўна як і паліцэйская (7 чалавек), размяшчалася ў будынку, які быў у нездавальняючым стане: працякаў дах, зімою там было невыносна холадна. Улады, забяспечваючы каманды правіянтам, улічвалі кожную капейку. Напрыклад, пажарныя, якія не мелі магчымасці ўтрымліваць агарод, атрымлівалі па 27,9 кап. “прыварачнай” сумы штодзень (10 руб. у год), а на атаплення памяшкання ў зімовы час адпускалася па 3 палены (улічвалася нават і іх даўжыня – 2,25 аршына) на 10 чалавек у суткі. На асвятленне ў зімовы час выдавалася 7,5 фунтаў сальных свечак.
Пажарныя каманды ўтрымліваліся за кошт гарадской казны, але кіраўніцтва іх дзеяннямі па-ранейшаму заставалася ў вядзенні паліцыі. Гэтая дваістасць уносіла шмат блытаніны. Абстаноўку змяніла “Гарадское палажэнне”, якое выйшла 16 чэрвеня 1870г., а 29 красавіка 1875г. быў прыняты закон “Аб прымяненні Гарадскога палажэння 16 чэрвеня 1870 года ў гарадах Заходніх губерняў”. Яно ўскладала на гарадскія самакіраванні «апеку за пажарнай часткай», гэта значыць, утрыманне пажарных частак і каманд было аднесена да ліку абавязковых выдаткаў гарадскога бюджэту. З гэтага часу гарадскія самакіраванні абавязаныя былі самі выдаваць «Абавязковыя пастановы» па пажарнай справе. Кіраванні ж пажарнымі камандамі здзяйсняла паліцыя.
У 1873г., у сувязі з увядзеннем ў Расійскай імперыі ўсеагульнай воінскай павіннасці, Імператарам Аляксандрам II быў выдадзены ўказ аб спыненні камплектавання пажарных каманд вайсковым ведамствам. Пажарных сталі прымаць на працу па вольным найму, вызваляючы ад службы ў войску. У сувязі з гэтым, назначэнне або звальненне пажарных служачых прадастаўлялася ўправе або самому брандмайстру.
У 1883г. пажарная каманда Ваўкавыска па-ранейшаму складалася з 4 пажарных, якія мелі 3 пажарныя помпы (“трубы”), 4 бочкі, адну лінейку (або павозку) на летніх хадах, 6 лінеек на зімовых хадах. Коней у каманды не было – іх дастаўлялі жыхары. Утрыманне каманды складала каля 500руб. у год.
У 1886 г. у Ваўкавыскім павеце адбыліся 2 пажары. У красавіку агнём знішчаны 90 дамоў, 87 гаспадарчых будынкаў, 16 крам, маслабойня, свечачны завод. У жніўні згарэлі 123 дамы, 52 гаспадарчыя пабудовы, 3 крамы, воцатны завод, пошта, 6 грамадскіх будынкаў. Страты ад абодвух пажараў склалі 410 936 рублёў. У 1892 годзе 17 чэрвеня у в.Барадзічы Ваўкавыскага павета пажарам спалена 69 дамоў і 99 гаспадарчых пабудоў на суму, большую за 70тыс.руб. У 1895г. у Ваўкавыску зноў адбыўся моцны пажар, калі на працягу ўсяго красавіка і пачатку траўня стаяла спякота, не выпадала ні кроплі дажджу.
У 1892г., нягледзячы на хвалю знішчальных пажараў, склад пажарнай каманды Ваўкавыска быў практычна такі, як у пачатку 80-х гг. ХІХст. Пажарная каманда складалася з 4-х чалавек. Фінансаванне на ўтрыманне часці складала 270руб. у год. Што датычыць коней для перавозкі пажарнага абсталявання, то для гэтага наймалася 16 падводчыкаў для возкі падводаў, якія на выпадак пажару павінны былі з’явіцца на месца захавання абсталявання (пажарную адрыну), а адтуль разам з бочкамі з вадою і пажарным абсталяваннем спяшацца на месца пажару.
Што датычыць саміх пажарных, дык кожны, хто паступаў у пажарную ахову, складаў кантракт не менш чым на год. Акрамя таго, у пачатку службы з яго браўся заклад на суму, роўнай месячнаму акладу. Калі пажарны звальняўся з каманды раней тэрміну, заклад яму не вяртаўся. Калі ўсе фармальнасці з залічэннем заканчваліся, пачыналіся знясільваючыя заняткі і муштра. Пажарных навучалі страявым прыёмам, адданню гонару, вывучэнню «славеснасці», якая заключалася ў запамінанні чыноў і тытулаў асоб царскай сям’і і вышэйшых паліцэйскіх службоўцаў.
«Наш працоўны дзень – распавядалі працаўнікі пажарнай аховы – пачынаўся харавым спевам «Ойча наш» і дзяржаўнага гімна. Тое ж паўтаралася ў дзесяць гадзін вечара «.
У большасці каманд заняткаў па спецыяльнасці не было, пажарная справа вывучалася на практыцы падчас тушэння пажараў. Складанасць у арганізацыі заняткаў заключалася і ў тым, што абсалютная большасць пажарнікаў была непісьменнымі. Радавым пажарным прыходзілася займацца шматлікімі справамі, якія не адносіліся да іх прамых абавязкаў. У кожным горадзе на пажарных ускладаліся дадатковыя абавязкі, якія даваў паліцмайстар або гарадскі галава. Пажарныя каманды нярэдка займаліся паліваннем і ўборкай вуліц каля дамоў гарадскога чынавенства. Пажарных прымушалі рабіць самыя разнастайныя працы: вазіць дровы і ваду ў паліцэйскія ўчасткі, чысціць снег, запальваць вулічныя ліхтары, тапіць лазні для паліцмайстра і гарадскога галавы, збіраць па горадзе дохлых жывёлін. Пажарныя перавозілі таксама трупы забітых і тапельцаў, для гэтага ў пажарных частках меліся спецыяльныя павозкі (катафалкі).
Абавязкі пры зборы і выезду каманды на пажар былі выразна размеркаваныя. Па сігнале аб пажары пажарныя, заўсёды гатовыя да выезду (яны і ўначы спалі апранутыя і абутыя), выбягалі да пажарнага абозу, выкочвалі яго з трубавай або з-пад падстрэшша, дзе ён звычайна захоўваўся, і запрагалі коней [там жа, с.120]. Выязджала каманда на пажар у вызначаным парадку. Наперадзе конна скакаў брандмайстар у афіцэрскай форме з цёмна-зялёнага сукна, з бліскучымі меднымі шпорамі на хромавых ботах. За ім накіроўваўся пажарны абоз (на летніх або зімовых хадах, у залежнасці ад пары году) у наступным складзе: сярэдняя заліўная труба з пажарнымі служачымі; тры бочкі (чаны), пры кожнай па два чалавека; лінейка з пажарнымі і ручнымі прыладамі: калёсы з лесвіцамі і бусакамі, з якой выязджаў памагаты брандмайстра [там жа].
Пасля серыі спусташальных пажараў 1980-х гг. узнікла неабходнасць у стварэнні добраахвотнага пажарнага таварыства. Такія таварыствы значна пашырылі магчымасць прафілактычнай працы па папярэджанні пажараў, наладзіўшы нагляд за печамі і комінамі, крыніцамі водазабеспячэння, усталяваўшы кантроль за месцамі з масавым знаходжаннем людзей, арганізоўваючы кампаніі па ўзмацненні мер пажарнай бяспекі, праводзячы розныя грамадскія мерапрыемствы (дабрачынныя вечары, канцэрты, лекцыі і г.д.) з супрацьпажарным ухілам. У такіх таварыствах “служылі паны і мяшчане, і ўсе бясплатна. За сваю службу хоць ніхто грошай не браў, затое мелі шацунак і павагу ад усіх людзей”.
Ваўкавыскае добраахвотнае таварыства было першым, якое створана ў Гродзенскай губерні, пасля таго, як Гарадская думы ў сакавіку 1890г. выдала адпаведнае пастанаўленне. 4 лістапада гарадскі галава К.Тарасовіч на паседжанні Думы прапанаваў разгледжанне статута пажарнага таварыства. Статуты пажарных таварыстваў распрацоўваліся на падставе Нармальнага статуту гарадскіх пажарных таварыстваў, зацверджанага Міністрам унутраных спраў 23 студзеня 1896г.
Пажарныя таварыствы складаліся з заснавальнікаў, унёсшых пэўную грашовую суму пры заснаванні таварыства, ганаровых членаў і дзейных членаў, або ахвотнікаў. Кіравалі таварыствам агульныя сходы і праўленні. Непасрэднае кіраванне справамі таварыства ажьццяўляла праўленне (савет), якое абіралася на год членамі таварыства.
Такія ж таварыствы паўсталі на Беларусі ва ўсіх губернскіх гарадах і некаторых маленькіх мястэчках. Яны дзейнічалі незалежна ад прафесійных гарадскіх дружын і падпарадкоўваліся паліцмайстру ў губернскіх гарадах і спраўнікам або прыставам – у меншых. На губернскім узроўні агульнай справай кіраваў брандмаёр, а непасрэднае кіраўніцтва дружынамі на месцы ажыццяўлялі брандмайстры.
Да 1892г. на тэрыторыі Беларусі ўжо дзейнічалі 23 пажарныя таварыствы .
У 1893г. было створана Аб’яднанае Расійскае Пажарнае Таварыства. Яно стала даволі аўтарытэтнай арганізацый. Яе ганаровымі членамі з’яўляліся нават асобы царскай фаміліі. Невыпадкова ў 1898г. (30 красавiка) яна атрымала назву “Імператарскае Расійскае пажарнае таварыства” (ІРПТ). ІРПТ узяло на сябе важную арганізатарскую работу ў галіне развіцця пажарнай справы. У 1899г. сапраўдным членам ІРПТ стала Ваўкавыскае пажарныя таварыствы.
Ваўкавыскакае таварыства падраздзялялася на каманду трубнікаў, пампавальнікаў, каманду вадавозаў, каманду сякернікаў і ламавікоў і дапаможныя каманды (факельнікі, пільнавальнікі, фельшар). Кіраваў дзеяннямі кожнай каманды свой старшыня. Непасрэднае кіраўніцтва дзеяннямі ўсіх камандаў пры тушэнні пажараў ажыццяўляў начальнік каманды, даючы ўмоўныя загады пры дапамозе сігналістаў.
Таварыства існавала на сродкі, якія паступалі ад членскіх узносаў, ахвяраванняў і субсідый, адлічэнняў ад канцэртаў, спектакляў і іншых забаўляльных мерапрыемстваў, якія праводзіліся на карысць таварыстваў, ад даходаў з грашовых капіталаў і нерухомай маёмасці і ад паступленняў са сродкаў, атрыманых за ачышчэнне труб. У Ваўкавыску, апроч гэтага, пажарнае таварыства папаўняла сваю касу за кошт падатку, які быў уведзены Гарадской думаю за права займацца легкавымі і пасажырскімі перавозкамі. Аднак фурманы адмаўляліся плаціць грошы, за што павятовы спраўнік забараніў ім займацца сваім “промыслам”. 5 траўня 1904г. тыя аб’явілі страйк. Вось што пісалася ў газеце “Северо-Западное слово”: “Легкавыя фурманы ў колькасці 30 чалавек устроілі страйк і не выяжджаюць на біржу… Цяпер, пакуль суха, усё гэта забаўляе жыхароў і не прыносіць асаблівай нязручнасці. А на днях быў такі выпадак, звязаны з тым жа страйкам. Спатрэбілася адной артыстцы з цырку развесці афішы перад сваім бенефісам. Ніводзін з фурманаў не захацеў ехаць за плату нават па рублю за гадзіну, замест 35 кап., як належыць”. Як правіла, выручаныя сродкі расходаваліся на набыццё коней, пажарнага абсталявання і проціпажарных прыстасаванняў, на рамонт, ацяпленне і асвятленне памяшканняў, на выраб распазнавальных знакаў і выдачы ўзнагарод, на набыццё музычных інструментаў і абмундзіравання для членаў каманды, на выдачу дапамогі членам таварыства, якія страцілі працаздольнасць у час тушэння пажараў.
Да кожнага дома, дзе жыў ахвотнік, прыбіваўся знак з нумарам ахвотніка. Начныя вартаўнікі абавязваліся пры небяспецы апавясціць ахвотніка, які жыве ў гэтым доме, аб пажары.
У выніку пажара 1908г. ў Ваўкавыску згарэла значная яго частка. Агонь знішчыў шэраг прадпрыемстваў, жылых дамоў, грамадскіх будынкаў, у тым ліку сінагогу. Для назірання за горадам пры магістраце была пабудаванапажарная каланча. Для апавяшчэння ахвотнікаў аб пажары на ёй размяшчаўся равун, сігнальныя шары і ліхтары. Назіральнік, які знаходзіўся на вяршыні вежы, меў бінокль, план горада, інструкцыю па падачы сігналаў і абавязкова выратавальны пояс і вяроўку. Кожныя чвэрць гадзіны ён трубіў у спецыяльны ражок, каб сігналізаваць дзяжурнаму пра добрае нясенне службы.
Акрамя тушэння пажараў і правядзення вучэнняў многія пажарныя таварыствы ўдзельнічалі ў парадах, ва ўрачыстых сустрэчах высокапастаўленых чыноўнікаў.
У 1914 г. па ўсёй тэрыторыі Расійскай дзяржавы мелася каля 1541 гарадскіх, ведамасных і сельскіх добраахвотных пажарніых арганізацый, зарэгістраваных ІРПТ. Гэтая невялікая колькасць добраахвотных таварыстваў падчас вайны, калі на вайну пайшло ледзь не ўсё здольнае насіць зброю насельніцтва, распалася. Аднак, нягледзячы на вайну, разруху і рэвалюцыйную блытаніну, некаторыя пажарныя таварыствы працягвалі сваю дзейнасць, прымалі меры па згуртаванні сваіх шэрагаў. Аднак рэвалюцыйныя падзеі 1917г. прывялі да расслаення сярод пажарных добраахвотнікаў. Да кастрычніка ў ёй выразна сфармаваліся два крайніх крыла: рэакцыйная большасць і рэвалюцыйная меншасць. Такое размеркаванне сіл было абумоўлена сацыяльным складам добраахвотных пажарных таварыства ў, у якіх галоўную ролю адыгрывалі багатыя гараджане, а сярод радавых добраахвотнікаў было шмат мяшчан, гандляроў, домаўласнікаў і іншых дробных уласнікаў, якія трымалі пад сваім уплывам частку сялян іпрацоўных. Палярызацыя сіл адбілася і на прафесійным саюзе пажарных, які быў створаны ў траўні 1917г. і куды ўвайшлі прадстаўнікі пажарнай дабрачыннасці.
Як бачна, ХІХ ст. стала пачаткам дзейнасці пажарнай каманды ў павятовым горадзе Ваўкавыску, хоць першапачаткова малалікай, слаба тэхнічна ўзброенай. Гарадскія ўлады, як і дзяржава ў цэлым, не былі зацікаўлены ў паляпшэнні ўмоў працы пажарных, што не магло не адбіцца на стане супрацьпажарнай абароны. Са стварэннем пад канец ХІХст. у Ваўкавыску добраахвотнага пажарнага таварыства сітуацыя значна памянялася. Гэтае таварыствы, далучанае да ІРПТ, садзейнічала стварэнню добраахвотных і прафесійных пажарных каманд і дружын, аказвала ім арганізацыйную і матэрыяльную падтрымку, усяляк спрыяла развіццю захадаў па прадухіленню і тушэнню пажараў, аказвала матэрыяльную дапамогу пажарным і іх сем’ям, якія мелі ў чым-небудзь патрэбу.
Паводле Мячыслава Супруна
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия