Калісь Свіслач была часткай Ваўкавыскага павету, таму гісторыя Свіслачы звязана з гісторыяй Ваўкавышчыны. На старонках Свіслацкай газеты надрукаваны артыкул, раскрываючы яўрэйскае пытанне — калі яны з’явіліся у Свіслачы.

Па пытанні аб часе пасялення яўрэяў у мястэчку Свіслач меркаванні гісторыкаў разыходзяцца. Некаторыя адзначаюць, што першыя яўрэі з’явіліся ў Свіслачы, Поразаве і Новым Двары ўжо ў пачатку XVI ст., адразу пасля прывілея Аляксандра Ягелончыка. Аднак гэтае сцвярджэнне хутчэй за ўсё трэба прызнаць памылковым, паколькі дакументальных сведчанняў гэтаму сёння не знойдзена. Больш таго, у гісторыка В. Карпызы мы знаходзім сведчанне, што інвентары Свіслачы і Росі XVI ст. не фіксуюць наяўнасці яўрэяў у згаданых мястэчках.

Найбольш верагодным часам з’яўлення яўрэйскага этнічнага элемента ў Свіслачы можна лічыць канец XVI – пачатак XVII ст. Да нашага часу дайшлі пэўныя фрагментарныя сведчанні адносна згаданай тэматыкі. Так, у прыватнасці, у актавых кнігах слонімскага суда захавалася цікавая судовая справа. Паводле яе, 3 чэрвеня 1607 г. адзін з падданых Пятра Трызны, уладальніка Палонкі, Іван Пятруцавіч Казяк прысутнічаў у мястэчку Свіслач, дзе ў гэты час адбываўся вялікі кірмаш. Скончыўшы свае справы, Казяк накіроўваўся ўжо дахаты, калі падданыя Пжэцлава Пакаша (якому ў той час належала Свіслач) яўрэі Ёзаф Ісаковіч і Іцка Ёзафавіч са шматлікімі сваімі памагатымі дагналі яго і моцна збілі. Але на гэтым справа не скончылася: яўрэі падалі скаргу на таго І. Казяка, паколькі той аднаго з яўрэяў «патаемне і здрадліве» зраніў нажом, а другога збіў кіем. Першапачаткова справа разглядалася ў ваўкавыскім земскім судзе, які цалкам прызнаў віну Казяка і прыгаварыў яго да штрафу (відавочна, што і сапраўды той быў вінаваты). Аднак такое рашэнне не задаволіла ні самого Івана Пятруцавіча Казяка, ні яго пана, і ён падаў сустрэчную скагру – на гэты раз у слонімскі суд.

Менавіта ў такіх цьмяных і заблытаных абставінах упершыню згадваюцца свіслацкія яўрэі. Разам з Ёзафам Ісаковічам і Іцкай Ёзафавічам у канфлікце прынялі ўдзел іх «шматлікія памагатыя». Цяжка ўявіць, каб гэта былі хрысціяне: традыцыйная яўрэйская грамада таго часу (кагал) была надзвычай кансерватыўнай. Кагал рэгламентаваў практычна ўсе бакі жыцця яўрэяў і пільна сачыў за тым, каб яго члены выконвалі рэлігійныя абавязкі і не мелі з хрысціянамі ніякіх кантактаў, акрамя гандлёвых.

Пачаткова Свіслацкі кагал не меў поўнай аўтаноміі і знаходзіўся пад кіраўніцтвам старэйшай мсцібаўскай сінагогі. Шэраг даследчыкаў датай першай згадкі Мсцібаўскага кагалу падаюць 1529 год. У перыяд XVI – XVIII стст. Навагрудскае ваяводства адносна яўрэйскага самакіравання падзялялася на тры акругі: навагрудскую, слонімскую і мсцібаўскую. Аднак паступова сітуацыя мяняецца, і разам з эканамічным ростам суседніх кагалаў і прыкагалкаў мсцібаўская яўрэйская грамада паступова пачынае губляць былое значэнне і ўплыў. Паводле пастановы Літоўскага Ваада 1623 г., у адміністратыўным плане Мсцібава пераходзіла пад кіраўніцтва Брэсцкай сінагогі (кагалу).

Яшчэ на пачатку XVIII ст. мсцібаўская старэйшая сінагога злучала пад сваім кіраўніцтвам яўрэйскія грамады суседніх мястэчак: Росі, Свіслачы, Бераставіцы і інш. Але ўжо ў 1730-х гадах у старэйшым кагале назіраюцца моцныя сепаратысцкія тэндэнцыі. Звычайным прэтэкстам да аддзялення з’яўляюцца эканамічныя супярэчнасці: старэйшы Мсцібаўскі кагал прэтэндуе на памежныя корчмы, якія належалі малодшым яўрэйскім грамадам. Кагалы ў сваіх унутраных справах пачынаюць звяртацца альбо да самай аўтарытэтнай сінагогі – брэсцкай, альбо, у крайніх выпадках, да свецкай улады. Так, у 1731 г. Свіслацкі кагал звярнуўся да Брэсцкага па пытанні аб пяці спрэчных корчмах, на якія прэтэндаваў Мсцібаўскі кагал. Брэсцкая сінагога даравала Свіслацкаму кагалу аўтаномію, заставіла за ім ўсе корчмы, дазволіла мець уласную сінагогу і выбіраць свайго равіна, набыць дзе заўгодна «райскі яблык» і адначасова пазбавіла Мсцібаўскі кагал усёй юрысдыкцыі над свіслацкімі яўрэямі. Падобная сітуацыя склалася ў 1735 г., калі яўрэі мястэчка Бераставіца звярнуліся да свецкіх уладаў па пытанні аб спрэчных корчмах у Клепачах, Буршоўшчыне, Ляўшоўшчыне і Кватарах. Паводле рашэння трокскага кашталяна Сапегі, пацверджанага пазней канцлерам ВКЛ Вішнявецкім, корчмы засталіся за Бераставіцкім кагалам, а мсцібаўская сінагога была пазбаўлена ўлады над бераставіцкай. Дэцэнтралізацыя кагальнага кіравання 1730-х гадоў была з’явай натуральнай, абумоўленай шэрагам унутраных і знешніх прычын.

Зыходзячы з вышэйадзначанага, фактычнай датай атрымання незалежнасці Свіслацкім кагалам можна лічыць 7 кастрычніка 1731 г. (па старым стылі), паколькі менавіта ў гэты дзень брэсцкая сінагога, вырашаючы спрэчку паміж Мсцібаўскім і Свіслацкім кагаламі, даравала апошняму аўтаномію. Такім чынам, сёлета спаўняецца 280 гадоў гэтай падзеі ў гісторыі свіслацкіх яўрэяў. Дадзеная прашэнне падавалі старэйшыя яўрэі Свіслацкага кагалу: Шмайя Лезеравіч і Абрам Юзафовіч. Акрамя гэтага, за свіслацкімі яўрэямі засталіся таксама і спрэчныя корчмы: у Міхалках, Рудні, Клепачах, Студзеніках і Грынках. Усе вышэйзгаданыя мясцовасці разам з мястэчкам Свіслач на той час знаходзіліся ў спадчынным валоданні Ежы Крышпіна-Кіршанштэйна.

Яўрэйскае насельніцтва даволі мірна суседнічала практычна з усімі ўладальнікамі мястэчка: як з Пакашамі і Крышпінамі-Кіршанштэйнамі, так і з Тышкевічамі. Архівы захавалі шматлікія дакументы, што сведчаць пра актыўныя ўзаемныя эканамічныя і культурныя кантакты.

С. РАМАНАЎ

дагавор на арэнду маёмасці паміж графам Т. Тышкевічам і Свіслацкім кагалам, пачатак ХІХ ст.