На сайце беларускай бібліятэкі kamunikat.org можна спампаваць творы нашай знакамітай зямлячкі Ларысы Геніюш, якак нарадзілася ў маёнтку Жлобаўцы, што пад Воўпай. Старонка з творамі Л.Геніюш знаходзіцца тут >>>
Ларыса Антонаўна Генiюш (дзявочае прозвiшча МІКЛАШЭВІЧ; 27 ліпеня (9 жніўня) 1910, маёнтак Жлобаўцы каля в. Воўпа Гродзенскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл.) — 7 красавіка 1983, г.п. Зэльва), беларуская паэтка, празаік, грамадскі дзеяч.
Скончыла Ваўкавыскую гiмназiю (1928). Узяла шлюб з Янкам Генiюшам і ў 1937 пераехала ў Прагу, дзе ён вучыўся, а потым працаваў лекарам. Пасля таго, як Чырвоная Армiя заняла ў 1939 Заходнюю Беларусь, быў арыштаваны бацька Ларысы Геніюш. Пасля нядоўгага зняволення ў гродзенскай турме яго расстралялі. Мацi Ларысы Геніюш i двух яе сясцёр выслалі ў Казахстан. У 1937-1948 жыла ў Празе. Наладзiла стасункi з беларускай эмiграцыяй, брала ўдзел у працы ўрада БНР на эмiграцыi. У сакавіку 1943 стала Генеральным сакратаром урада i займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архiва БНР. Апекавалася беларускімі эмiгрантамi, палiтычнымі ўцекачамi, беларускімі работнiкамi i ваеннапалоннымi ў Германіі. 5 сакавіка 1948 арыштавана з мужам у Вiмперку (Чэхiя) і 12 жніўня iх перадалi савецкiм уладам. Утрымліваліся ў савецкiх турмах Вены i Львова, з канца 1948 у турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў мiнiстр Дзяржбяспекi БССР Л. Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архiвы БНР. У лютым 1949 Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. На такi ж тэрмiн быў асуджаны Я. Генiюш. Пакаранне адбывала ў лагерах Iнта i Абедзе (Комi АССР) i ў Мардоўскай АССР. У 1956 разам з мужам часткова рэабiлiтавана, тэрмiн пакарання зменшаны да 8 гадоў, якiя ўжо прайшлi з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасялiлiся на радзiме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Генiюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзi Беларусi. Нягледзячы на нагляд КДБ, тут бывалi частымi гасцямi паэты i пiсьменнiкi, мастакi, навукоўцы. Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гiмназii, а друкавацца пачала ў 1939 у беларускіх перыядычных выданнях «Ранiца», «Беларускi работнiк», «Новы шлях» і iнш. У 1942 у Празе выйшаў першы зборнiк яе паэзii. Пiсала вершы i ў зняволеннi. Пасля вызвалення яе творчасць на працягу 10 гадоў была забаронена. У 1967 пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусi зборнiк «Невадам з Нёмана». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялi выступаць толькi як дзiцячай пiсьменнiцы (апублікавала дзве кнiжкi вершаў для дзяцей). Пасля заняпаду таталiтарызму пасмяротна былi выдадзены найбольш поўныя i значныя зборнiкi яе твораў. Пахавана ў Зэльве.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия