У веку 87 гадоў 10 сьнежня ў Лёндане памёр родны брат паэткі Ларысы Геніюш Аляксей Міклашэвіч.
Нарадзіўся ён у 1923 годзе ў фальварку Жлобаўцы на Ваўкавышчыне. У 1940 годзе разам з маці, братамі й сёстрамі быў высланы ў Казахстан. Падчас Другой усясьветнай вайны ў складзе польскай арміі генэрала Андэрса ўдзельнічаў у бітве пры Монтэ-Касіна (дзе, дарэчы, загінуў другі брат Ларысы Антонаўны — Аркадзь).
Пасьля Другой усясьветнай вайны Аляксей Міклашэвіч жыў у Вялікай Брытаніі, у Шэлфалдзе і Лёндане. Дапамагаў матэрыяльна сястры, калі тая, вярнуўшыся з Гулагу, жыла ў Зэльве й вымушана нідзе не працавала.
У сваёй «Споведзі» Ларыса Геніюш згадвала пра брата: «Вельмі бурным, гордым, сьмелым юнаком быў наймалодшы з хлопцаў Аляксей… Алёша не забываў нас. «Дзьве тысячы братоў маіх ляжыць тут», — пісаў ён мне, перасылаючы здымак Монтэ-Касіна й знамянітую песьню аб ім. Хлопец быў хоць вады напіся — высокі, стройны й на здымках амаль волат сярод акружаючых яго дробных, нармальных людзей. Аляксей, кудою ні праходзіла іх армія, усюды лёгка вывучаў мовы й размаўляў па-італьянску, па-нямецку й дасканала ведаў ангельскую мову. Мне было радасна з таго, што хоць ён адзіны выжыў з гэтае вайны. Род наш, Богу дзякаваць, не загінуў».
Аляксей Міклашэвіч быў двойчы жанаты. У двух шлюбах меў сямёра дзяцей — шасьцёра сыноў і дачку.
Паводле Радыё Свабода
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия