17 снежня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння заснавальніка Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея, археолага, калекцыянера і мастака Георгія Пеха (1897-1969). На вялікі жаль імя яго сёння амаль забыта і нідзе не прыгадваецца. А гэта быў даволі таленавіты, адукаваны, апантаны сваёй справай чалавек, які заслугоўвае светлай памяці. Ён шмат зрабіў для беларускай археалогіі. Прымаў удзел у археалагічных раскопках Ваўкавыска, Менска, Слоніма, Турыйска. Падрабязна апісаў гэтыя раскопкі, распавёў пра іх у беларускім друку. Яго імем у Ваўкавыску не названа ні вуліца, ні музей, які ён заснаваў, няма яму помніка і шыльды ў Ваўкавыску.
Георгій Пех нарадзіўся 17 снежня 1897 года ў горадзе Луга былой Санкт-Пецярбургскай губерні Расеі ў сям’і беларуса Іосіфа Пеха, які родам быў з Беласточчыны. Іосіфа Пеха там даволі паважалі і ведалі, як даволі сур’ёзнага чалавека. Працаваў ён на чыгунцы тэлеграфістам, потым механікам. Тэлеграфісткай працавала і маці Георгія Пеха. Тэлеграфістам быў і яго дзед. Пазней і сам Георгій навучыцца гэтай справе. З юначых гадоў Георгій Пех таксама пачаў цікавіцца гісторыяй сваёй Бацькаўшчыны. Вельмі марыў працаваць у музеі. Часта наведваў музеі, асабліва сапыняўся і доўга разглядаў, вывучаў і запамінаў старыя манеты, архелагічныя скарбы. Хутка пачаў сам калекцыяніраваць манеты, розныя старыя рэчы, моцна захапіўся краязнаўствам і археалогіяй. А ў 1925 годзе ў Гародні пазнаёміўся з польска-беларускім археолагам Восіпам Ядкоўскім (Юзафам Іадкоўскім, 1890-1950). Спадар Ядкоўскі запрасіў Пеха прыняць удзел у раскопках «Швецкай гары» каля Ваўкавыска. Пех з радасцю пагадзіўся. Гэта былі яго першыя раскопкі. Ядкоўскі шмат разоў гасцяваў у Пехаў у Ваўкавыску. Яны разам абыйшлі амаль усю Ваўкавышчыну. А ў 1935 годзе ваўкавыскі інжынер Давыдоўскі прапанаваў Георгію Пеху ў падвальных памяшканнях будынка староства адкрыць музей. Гэты год і лічыцца заснаваннем Ваўкавыскага ваенна-гістарычнага музея імя Баграціёна, які сёння існуе. Для захоўвання экспанатаў Давыдоўскі выдаткаваў Пеху некалькі шафаў. Пех пачаў мэтанакіравана ездзіць то ў Вільню, то ў Варшаву, бо праезд у яго быў бясплатны, і прывозіць адтуль розныя экспанаты: кнігі, манеты, археалагічныя знаходкі.
Ён пачаў грунтоўна даследаваць Ваўкавышчыну і суседнія паветы. А ў 1937 годзе даследчык роднага краю становіцца сябрам Польскага турыстычна-краязнаўчага таварыства. Яго актыўна запрашаюць на розныя канферэнцыі, сустрэчы, прэзентацыі.
З прыходам савецкай улады ў Ваўкавыск, Георгія Пеха з 1 студзеня 1940 года прызначаюць дырэктарам Ваўкавыскага краязнаўчага музея. Адпрацаваў ён на гэтай пасадзе да 31 снежня 1940 года. А з 1 студзеня да 23 чэрвеня 1941 года ўжо працаваў на пасадзе загадчыка гістарычнага аддзела Гарадзенскага дзяржаўнага музея. Калі пачалася Другая сусветная вайна, Георгій Пех разам з сям’ёй пераязджае ў Беласток да жончыных сваякоў. Там ён уладкаваўся на працу памочнікам машыніста на манеўровым паравозе. А жонка пайшла працаваць на мясцовы рынак. Яна гандлявала гароднінай, якую скупляла ў вяскоўцаў. З радасцю Георгій Пех сустрэў выхад у Беластоку газеты «Новая дарога», якую рэдагаваў паэт Хведар Ільяшэвіч. Ён пазнаёміўся з рэдактарам. Хведар Ільяшэвіч прапанаваў яму супрацоўнічаць з газетай і пісаць для яе гісторыка-археалагічныя матэрыялы. Пех пагадзіўся. І ў 1943 годзе на старонках «Новай дарогі» пачалі з’яўляцца артыкулы Пеха.
Калі немцы пакінулі Ваўкавыск, Георгій Пех з сям’ёй вяртаецца ў вызвалены горад. Найперш яго цікавіў лёс музея і музейных экспанатаў. Ён пачаў абыходзіць усіх жыхароў Ваўкавыска і шукаць экспанаты. Але знайшлося дужа мала, большая частка каштоўных музейных рэчаў зніклі. Але ваўкавыскі руплівец не падаў духам, не апускаў рук. Ён пачаў збіраць па наваколлі савецкую і нямецкую зброю, уніформу, узнагароды, дакументы часоў акупацыі. А 18 студзеня 1945 года Ваўкавыскі аддзел народнай адукацыі прызначае яго дырэктарам краязнаўчага музея. Праз год Пех піша пісьмо народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу з просьбай дапамагчы знайсці сродкі на аднаўлення музея. І Якуб Колас дапамагае: першыя сродкі ў памеры 500 рублёў паступілі на аднаўлення музея. Пасля шматлікіх клопатаў і спраў, у 1948 годзе пад музей аддаюць адно памяшканне ў былым панскім маёнтку каля дарогі на Слонім, дзе ў 1812 годзе некалькі дзён знаходзіўся штаб Другой Заходняй арміі расейскіх войск з генералам Пятром Баграціёнам. Сам будынак быў пабудаваны ў 1805 годзе і сёння з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Але аднаго пакоя для музея тады было мала. І Пех дабіўся, каб пад музей з цягам часу аддалі ўвесь будынак. А 27 лютага 1953 года музей быў ператвораны з краязнаўчага ў ваенна-гістарычны імя Баграціёна.
Пасля Другой сусветнай вайны вялікія музеі Савецкага Саюза абавязаны былі дапамагаць музеям, якія знаходзіліся пад акупацыяй. Інакш кажучы, з маскоўскіх і ленінградскіх музееў маглі перадавацца ў Беларусь некаторыя музейныя экспанаты. На жаль, беларусы такую мажлівасць не выкарысталі. А вось Георгій Пех гэтага не мінуў. У пачатку 1950-х гадоў у Ленінградзе быў ліквідаваны інжынерна-артылерыйскі музей. Пех дабіўся, каб частку экспанатаў з гэтага музея перадалі ў Ваўкавыск, асабліва тых, якія звязаныя з вайной 1812 года. Адтуль ён прывёз гусарскія мундзіры, зброю, карціны, гравюры, кнігі, звязаныя з вайной 1812 года. У Ваўкавыскім музеі захоўваецца ці не адзіная ў Беларусі поўная калекцыя расійскіх узнагарод таго часу. З Ленінграда і Масквы Георгій Пех вёз старую кальчугу, заходнееўрапейскія, персідскія, турэцкія, расійскія шаблі, мячы, рапіры, шлемы. І тое, што ён меў у сваёй уласнай калекцыі, таксама аддаў роднаму музею. Многія яго экспанаты і сёння захоўваюцца ў іншых музеях Беларусі, а таксама ў прыватных калекцыях. Дарэчы, ён быў яшчэ вялікім калекцыянерам, збіраў манеты і паштовыя маркі. Яго калекцыя налічвала звыш 15 тысяч паштовых марак. Была там і першая марка Расійскай імперыі 1857 года.
Георгій Пех працаваў не толькі дырэктарам музея і з’яўляўся калекцыянерам даўніны, але і быў выдатным археолагам, навукоўцам. З ім раіліся кандыдаты і дактары гістарычных навук, супрацоўнікі інстытута гісторыі Акадэмій Навук БССР і СССР, яго запрашалі на розныя навуковыя канферэнцыі, дзе ён чытаў лекцыі па археалогіі. Тады ён мог стаць і кандыдатам, і доктарам навук. Але да гэтага яго не дапускалі, ніхто ніколі яму нават не параіў абараніць кандыдацкую ці доктарскую дысертацыі па беларускай археалогіі. Нават мала публікавалі яго даследчыя працы, а тыя, якія друкавалі ў навуковых выданнях – вельмі скарачалі, рэзалі. Напрыклад, артыкулы «Раскопки в Волковыске» (часопіс «Советская археология», 1963, № 1), «Раскопки древнего Слонима» (зборнік «Древности Белоруссии» (Мн., 1966) і іншыя.
Летам 1948 года Георгія Пеха запрашаюць прыняць удзел у раскопках Менскага замчышча. Пех пагадзіўся. І з 15 чэрвеня да 3 верасня 1948 года з’яўляўся начальнікам атрада археалагічнай экспедыцыі Менскага замчышча. У працоўнай дамове, копія якой захоўваецца ў аўтара гэтых радкоў, ад 8 чэрвеня 1948 года на рускай мове запісана, што працоўная дамова заключана паміж Акадэміяй Навук БССР у асобе дырэктара Інстытута гісторыі, сапраўднага члена АН БССР Мікалаем Нікольскім і Георгіем Пехам, які павінен выканаць шэраг работ: кіраваць рабочымі пры раскопках на Мінскім замчышчы плошчай да 100 кв.м., выконваць шэраг рабочых замалёвак, чарцяжоў, асобныя даручэнні кіраўніка раскопак, звязаных з арганізацыяй і правядзеннем раскопак, праводзіць фіксацыю і этыкеціраванне знаходак, рабіць чарнавыя запісы ў дзённіку раскопак і г.д. Георгій Пех усё выконваў шчыра і з вялікім задавальненнем. Дарэчы, Пех прымаў удзел у раскопках Мінскага замчышча і ў 1946, і ў 1947 і ў 1949 гадах.
31 жніўня 1948 года Георгій Пех атрымлівае адкрыты ліст з Інстытута гісторыі Акадэміі Навук БССР за подпісамі дырэктара інстытута доктара гістарычных навук А.П’янкова і сакратара П.Лук’янава ў якім паведамляецца, што Георгію Пеху дазваляецца праводзіць археалагічныя раскопкі на гарадзішчы «Швецкая гара» у Ваўкавыску. У адкрытым лісце таксама запрашаюцца ўсе «савецкія і грамадскія арганізацыі Ваўкавыскага раёна дапамагаць Г.І.Пеху ў паспяховым выкананні ўскладзеных на яго даручэнняў».
Георгій Пех «ускладзеныя на яго даручэнні» выканаў. А ў 1958 годзе ў Ваўкавыску зноў праводзіць самастойныя раскопкі, даследуе таксама ваколіцы Ваўкавыска: Аменічы, Рыбакі, Зубаўшчыну, Лазы, Мітрані, Мсцібаву, а таксама Турэйскае гарадзішча, курганны могільнік каля вёскі Чырвонае Сяло і іншыя. Па сваіх археалагічных даследаваннях напісаў грунтоўныя справаздачы.
Георгій Пех вельмі ўмеў сябраваць. У яго па ўсім былым Савецкім Саюзе, а таксама ў Польшчы было шмат сяброў-аднадумцаў. Ён з імі перапісваўся, даваў парады, сам у іх раіўся па розных музейных і археалагічных справах, гасцілі адзін у аднаго. Георгій Пех быў яшчэ добрым жывапісцам і скульптарам. Дагэтуль у Ваўкавыскім музеі і ў іншых музеях Беларусі знаходзяцца яго скульптурныя і жывапісныя карціны, на якіх адлюстраваны гусар гродзенскага палка на кані, Баграціён, Карбышаў, скульптурная група піянераў-падпольшчыкаў, бой каля Ваўкавыска 1812 года, бюсты Леніна і г.д. Бюстаў Леніна скульптар ў тыя 1940-я—1950-я гады нарабіў шмат. На той заробак, які ён пры жыцці атрымліваў, пражыць і пракарміць сям’ю было цяжка. Таму ён ляпіў Леніна і прадаваў іх калгасам, якія з радасцю бюсты куплялі і ставілі іх у свае «чырвоныя куткі». Але ніколі не быў Гергій Пех членам кампартыі. Таму савецкія партыйныя чыноўнікі глядзелі на яго заўсёды неяк асцярожна. Аднойчы Пеха нават хацелі ўзнагародзіць ордэнам, але даведаліся, што ён беспартыйны і ордэн не далі. А заахвочвалі краязнаўца і музейшчыка толькі ганаровымі граматамі. Пакінуў свой музей Георгій Пех у 1967 года, тады яму было ўжо 70 гадоў. А праз два гады яго не стала (памёр 19 мая 1969 года). Перад смерцю ён прадаў шмат каштоўных выданняў са сваёй сабранай уласнай бібліятэкі, калекцыю манет і іншыя з прыватнай калекцыі рэчы, бо баяўся, што сваякам не будзе за што яго пахаваць.
Сяргей Чыгрын, Радыё Рацыя
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия