Адзін з самых папулярных мастакоў Беларусі Сяргей Грыневіч адкрыў выставу манумэнтальных твораў у Горадні «Восьмы рэгіён», паведамляе Радыё Свабода. Яна расказвае пра вобласць, якая існуе толькі ў фантазіях беларусаў.
«У нас у краіне сем рэгіёнаў, і гэты, недасяжны, які застаецца ў нашых марах, будзе пад нумарам восьмым. Можна яго называць па-рознаму. Калісьці яго называлі ў сацыяльных сетках Вяйшнорыя. Цяпер можна назваць Шчучыншчына», — тлумачыць аўтар экспазыцыі Сяргей Грыневіч.
На шляху да гэтай недасяжнай мары ён і ствараў выстаўленыя творы, апошнія — сёлета ўвесну, ранейшыя — 20 гадоў таму.
«Потым прыйшла пандэмія, а пасьля — рэвалюцыя. У рэвалюцыю творы ня пішуцца», — прызнаецца мастак.
Грыневіч — манумэнталіст. Аднак у Беларусі амаль няма месцаў, каб выявіць ягонае мастацтва. Рэдкая выстава карцін даўжынёй па 5-6 мэтраў зьявілася ў новай экспазыцыйнай прасторы на вуліцы Гараднічанскай, 23. Творы занялі ўсе тры паверхі будынку, дзевяць заляў.
Як тлумачыць культуролаг Вольга Бараноўская, першая заля выяўляе біблійныя сюжэты з новага гледзішча, другая — партрэты блізкіх людзей Грыневіча. Трэці пакой прысвечаны ваеннай сымболіцы, паказвае ўмоўнасць дабра і зла. Чацвёрты пакой — ленінскі, выклікае духаў савецкага мінулага, якое ёсць, паводле аўтара, у кожным з гледачоў.
Пяты пакой іранізуе з культу прыгажосьці і глямуру. Ён сабраў, бадай што, самыя вядомыя творы Грыневіча. Сёмы пакой дапамагае адчуць сябе ў цэнтры безаблічнай масы людзей, у шчамлётках сыстэмы. Восьмая — экалагічная заля, прысвечаная наваколлю. У дзявятым пакоі мастак рэфлексуе над грамадзкімі падзеямі апошніх гадоў. У апошнім, дзясятым, пакоі аўтар гуляе з адлюстраваннем, а глядач становіцца саўдзельнікам мастацкага працэсу.
«Гэта выстава пра ўнутраную эміграцыю. Імкненне да яе ўласцівае ўсім людзям, пагатоў ва ўмовах нашай краіны. Але такое імкненне абсалютна беспэрспэктыўнае, бо сутыкненне з сыстэмай можа напаткаць нас на кожным кроку, але імкненне — гэта такое прыемнае пачуццё», — апавядае мастак.
Выстава будзе працаваць цягам трох тыдняў тры дні на тыдзень (у сераду, пятніцу і суботу).
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия