10 лістапада бягучага году клуб краснасельскіх інтэлектуалаў “Дэбют” (Краснасельскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі) паспрабаваў свае сілы ў найбольш папулярнай сярод моладзі (як нам сказалі) гульні КВЗ. Прадстаўнікі 16 раёнаў Гродзеншчыны (з 21), перамогшы адборачныя турніры ў сваіх рэгіёнах, прыехалі даказаць сваю кемлівасць, артыстычнасць, здольнасць да гумару.
І сапраўды, там было што паглядзець. У нашай вобласці, як мы ўбачылі, ёсць навучальныя ўстановы, у якіх не па загаду, не “для галачкі”, педагогі і дзеці “зажыгаюць”, “рубяцца” на раённых адборах з такімі ж таленавітымі падлеткамі. Відавочна, што так яскрава выступаць можна толькі пасля шматгадовай планамернай працы, маючы падтрымку з боку кіраўніцтва школы і раёна. На жаль, гэта не пра нас.
Краснасельцы ўжо лічацца аднымі з лідэраў раёна і вобласці па інтэлектуальных гульнях. Тыя ж дзеці склалі аснову каманды па хакею, якія ўпершыню за апошнія гады пачалі годна прадстаўляць наш раён на абласных спаборніцтвах (адзіныя з фіналістаў, хто трэніруецца на балоце). Годна выступілі мы і на абласных “Дэбатах”. І вось упершыню Бубноў Кірыл, Зінкевіч Дзмітрый, Данцэвіч Ілона, Пішчык Валерыя, Карабач Васіль, Патула Дар’я, Каральчук Аляксандр, Бубнова Вера, Казуля Андрэй і Федаровіч Алег вышлі на сцэну як каманда КВЗ. Было вельмі непрыемна выслухваць прэтэнзіі рэдактара. Так, мы яшчэ няўпэўнена трымаемся і спяваем таксама неідэальна, але ж мы вельмі ўлягалі. У выніку, пасля даволі злоснага “цэнзара”, які “вырэзаў” 2 нашых сцэны з 9, мы атрымалі дазвол на выступленне: “…Только репетируйте, репетируйте, репетируйте…”. Але мы ў вольныя тры гадзіны пагулялі па гораду, і вырашылі адмовіцца толькі ад сцэны з міліцыянерам, а пра хакей пакінуць.
І вось выступленне. Як цудоўна “зажыгаюць” іншыя каманды!!! Дзякуй Богу, мы выступілі! Мы здолелі, зрабілі гэты крок і ганарымся сабой. Аднак мы не былі, зразумела, сярод прэтэндэнтаў на лідэрства. І не праходзілі адбор, як іншыя каманды. Проста ў Ваўкавыскім раёне акрамя нас ніхто не пажадаў прыняць удзел у гэтым вельмі цікавым спаборніцтве. Няўжо няма людзей, якія хочуць гадаваць таленавітых, артыстычных, кемлівых падлеткаў? А ў другіх раёнах ёсць.
Нам спадабалася, мы хочам удзельнічаць далей. Але хацелася б, каб дадзены рух развіваўся ва ўсіх навучальных установах нашай мясцовасці. І дзеці, якія не здольны рэалізаваць сябе ў навучальнай дзейнасці, змогуць стаць зоркамі сцэны і пераканацца ва ўласных магчымасцях. Ці прасцей не ўдзельнічаць? А дзеці хай сядзяць па хатах у кампутарах?
Яшчэ што вельмі не спадабалася. Субота, дзеці змагаюцца ў фінале вобласці па КВЗ, паказваюць цікавыя нумары. Гледачоў толькі некалькі чалавек. У бацькоў, радні, наогул у грамадства ёсць шмат іншых пільных спраў, таму і прыходзіцца выступаць перад самімі сабой. Мы, дарослыя, часта нешта патрабуем ад дзяцей, а ці не трэба распачаць з саміх сябе? І прыйсці на спаборніцтвы па КВЗ, спартыўнаму арыентыраванню (17-га адбудзецца ў Ваўкавыску), інтэлектуальных гульнях (17-га ў Ваўкавыску і 24-га у Краснасельскім) каб падтрымаць сваіх нашчадкаў? На жаль, вопыт сведчыць, што ніхто нікуды не пойдзе. Вось такое у нас грамадства.
Скончым прыемным: нас пахвалілі, адзначылі за касцюмы і арыгінальнасць (яшчэ ніхто не гуляў у хакей на сцэне КВЗ) і патрыятызм. І нам апладыравалі!!! Вось толькі мы на гэта не спадзяваліся, і паўз не падрыхтавалі.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия