З 8 кастрычніка ў Беларусі стартуе сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» – конкурс яскравых ідэй пакалення Z: навучэнцаў 9, 10 і 11-х класаў. На працягу навучальнага года ўдзельнікі праекта будуць раcпрацоўваць сваю ідэю, развіваць навыкі публічнага выступлення і самапрэзентацыі, атрымліваць карысныя веды на воркшопах і сустрэчах з экспертамі. 10 фіналістаў праекта, якіх абярэ журы, атрымаюць персанальных ментараў TEDx і з іх дапамогай будуць рыхтавацца да свайго вялікага публічнага выступу на маштабнай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.
Менавіта 10 фіналістаў выйдуць у знакаміты чырвоны круг TED і прэзентуюць свае ідэі перад вялікай аўдыторыяй. Усе яны атрымаюць прызы – iPhone Xs. Праект «Першыя» будзе цалкам рэалізаваны на беларускай мове, у тым ліку ўсе майстар-класы і публічныя выступы фіналістаў, бо адна з мэтаў гэтай ініцыятывы – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы і яе вядомасці ў сусветнай прасторы з дапамогай супольнасці TED.
Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. У мінулым годзе кампанія А1 ужо праводзіла падобны адукацыйны праект velcom YOUTH. Праект «Першыя» пройдзе яшчэ больш маштабна – запланаваны воркшопы і адукацыйныя мерапрыемствы не толькі ў Мінску, але і ў Гародні, Гомелі, Магілёве і Віцебску.
Больш за тое, у гэтым годзе акрамя навучэнцаў 10 і 11-х класаў да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца і навучэнцы 9-х класаў. Пашырана і тэматыка конкурсу: да кірункаў «Тэхналогіі», «Культура» і «Інклюзія» дадаўся вялікі блок «Экалогія». Больш падрабязна можна даведацца на сайце generation.A1.by і ў суполцы праекта. Генеральны інфармацыйны партнёр праекта – беларускі партал .
Згодна з палажэннем на сайце конкурсу, прыём заявак будзе праходзіць з 8 кастрычніка 2019 г. па 8 сакавіка 2020 г. У першапачатковай заяўцы трэба сфармуляваць сваю ідэю і коратка расказаць пра яе. Падаваць заяўкі могуць навучэнцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Зарэгістраваных удзельнікаў праекта чакаюць інтэрактыўныя воркшопы ад экспертаў у галіне майстэрства прэзентацыі і аратарскага мастацтва, а таксама ад вядомых беларускіх і замежных спецыялістаў па кірунках конкурсу.
«Мы распачынаем праект «Першыя» для таго, каб даць старшакласнікам па ўсёй краіне дадатковыя магчымасці для самаразвіцця па цікавых для іх тэмах. Мы верым, што прынцып «думай глабальна – дзейнічай лакальна» можа стаць штуршком для вялікіх зменаў. У партнёрстве з беларускай супольнасцю TEDx мы хочам зрабіць так, каб беларуская моладзь змагла быць пачутай, каб падлеткі маглі падзяліцца сваімі ідэямі і знайсці для іх падтрымку», – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый A1 Мікалай Брэдзелеў.
Удзельнікі конкурсу будуць мець магчымасць дапрацаваць сваю ідэю. Да 8 сакавіка 2020 г. відэаролік з пашыранай прэзентацыяй неабходна будзе размясціць на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак з хэштэгам #generationA1 і даслаць спасылку на generationA1.2019@gmail.com.
Аўтары самых яркіх, цікавых, значных, перспектыўных і арыгінальных ідэй трапяць у лік 10 фіналістаў. Яны наведаюць TEDxMinsk 2020 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з ментарамі TEDx. Іх выступленні адбудуцца на выніковым мерапрыемстве TEDxYouth@Minsk у маі 2020 года. Трансляцыю канферэнцыі будзе весці відэасэрвіс VOKA.
«Першыя» ўжо на старце! Далучайцеся!
Для даведак
Гісторыя TED:
TED (ад англ. technology, entertainment, design – тэхналогіі, забавы, дызайн) – сусветна вядомы фармат канферэнцый, першая з якіх адбылася ў 1984 годзе ў ЗША. Іх місія – распаўсюджанне і прасоўванне ўнікальных ідэй. Сярод вядомых удзельнікаў TED-канферэнцый – Сціў Джобс, Сцівен Хокінг, Біл Клінтан і інш.
TEDx – праект TED, які дазваляе асобным людзям ці групам людзей праводзіць незалежныя канферэнцыі ў фармаце і па ліцэнзіі TED.
Гісторыя TEDx у Беларусі:
Першае мерапрыемства ў фармаце TEDx у Беларусі адбылося ў 2009 г. З тых часоў было праведзена 8 лакальных мерапрыемстваў.
Канферэнцыя TEDxMinsk2019 прайшла ў Купалаўскім тэатры і стала адной з самых яскравых інтэлектуальных падзей краіны.
У 2018-2019 гг. у Беларусі ўпершыню быў праведзены сацыяльна-адукацыйны праект velcom YOUTH для старшакласнікаў, дзясятка фіналістаў якога сталі спікерамі вялікай моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия