Гурт пад назвй SAN UZEL — адзіная вядомая банда ў Ваўкавыску. Як сьцьвярджаюць старажылы гораду, раней тут быў цэлы рок-рух, існавала нямала камандаў, праводзіліся канцэрты і фэсты. Першыя гадоў дзесяць SAN UZEL разглядаў музыку, як хобі, таму ў асноўным паігрывалі ў ахвотку кавэры. Але цяпер каманда абудзілася, выступіла на «Басовішчы-2011» ды ўзялася пісаць свой першы альбом за 13-гадовую гісторыю. «Тузін Гітоў» залёг на дно на адзін дзень у Ваўкавыску разам з Каўбоем і Хамэрам, каб паразмаўляць пра насутнае.
Ваўкавыскі рок-гурт SAN UZEL заснавалі Каўбой ды Хамэр. Гэтак сябе называюць вакаліст і гітарыст Аляксандар Палікша і басіст Павал Карнацэвіч. Да іх далучыўся яшчэ бубнач Ігар «Пэркусыста» Палікша. Назву камандзе даў бацька Хамэра, бо рэпэтавалі хлопцы ў сутарэньнях шматпавярховіка, у цеплавузьле. Першыя гадоў дзесяць музыка для каманды SAN UZEL была ў якасьці хобі. Яны выконвалі кавэры на розныя гурты ды часам складалі свае, выконваючы спліт-праграму на розных фэстывалях на Гарадзеншчыне.
Пераломным для гурта быў 2008 год, калі было напісана некалькі новых песень ды цалкам перапрацаваны ўвесь папярэдні рэпэртуар. І пачалася больш сур’ёзная праца. SAN UZEL часьцей за ўсё можна пачуць і пабачыць на байкерскіх зьлётах і фэстывалях, а сёлета яны выступілі на вольнай сцэне «Басовішча». Таксама сёлета гурт плянуе скончыць працу над сваім дэбютным альбомам. Гурт грае ўжо 13 гадоў, але пакуль вядомы толькі ў вузкіх колах. Як так атрымалася? Вы ставілі мэту атрымаць вядомасьць?
Хамэр: Вырашылі спачатку навучыцца нармальна граць на інструмэнтах, падрыхтаваць матэрыял, а потым …стаць вядомымі.
Вы часта выступаеце на байкерскіх імпрэзах, але ці можаце назваць сябе байкерскай камандай?
Каўбой: Адносіны з байкерамі ў нас сапраўды выдатныя! Нам даспадобы атмасфэра на іх фэстах, у нас шмат сяброў байкераў, асабліва зь Берасьця. А ці можна назваць нас байкерскай камандай больш дакладна адкажуць самі байкеры.
Раней байкеры асацыяваліся з барадатымі мача, якіх цікавіць піва ды гэві-мэтал. Наколькі зьмяніўся музычны густ сучасных байкераў?
Хамер: Байкеры, якіх мы ведаем, такія і ёсьць: піва, дзяўчаты ды рок-н-рол! Але часам можна назіраць жахлівую карціну: нейкія ёлупні ў пантофлях, танных спартовых нагавіцах ды… на чопэрах. І пра музычны густ часткі так званых «байкераў» можна сказаць: гэта проста гамбец!
А як наогул у вас з канцэртамі ідуць справы?
Каўбой: Так сабе… Запрашайце — залабаем!
А ці існуе наогул у Ваўкавыску рок-сцэна? Ёсьць яшчэ каманды, ці ёсьць спробы зладзіць канцэрты?
Каўбой: Раней, гадоў дзесяць назад, гэта ўсё было. Праводзіўся рок-фэст, было нямала гуртоў. А цяпер усё вельмі глуха. Ня ведаю чаму так.
Паплечнікаў знайсьці нерэальна?
Хамэр: Ды халера яго ведае, мы пошукамі не займаліся.
Чуў, што вы хочаце выходзіць на камэрцыйную аснову і ў вас нават прадусар зьявіўся…
Каўбой: Бздура! Проста адзін наш сябра па мянушцы DED, які быў на шмат якіх нашых рэпэтыцыях і канцэртах, даўно назіраў за ўсім гэтым бязладзьдзем, таму вырашыў дапамагчы зрабіць усё больш арганізавана. Таму рэспэкт яму!
А ці рэальна зрабіць усё арганізавана? У Беларусі ёсьць шоў-бізнэс?
Хамэр: Можа і ёсьць, але мы яго ня бачылі.
Сёлета вы зьездзілі на «Басовішча». Як уражаньні?
Каўбой: Усё было як належыць: апарат, народ, піва. Усё як у Эўропе (сьмяецца).
Вы сьпяваеце на расейскай, ангельскай ды беларускай мовах. Чаму ўвялі такое трохмоўе?
Каўбой: Мы над гэтым ніколі не разважалі. Каб ведалі кітайскую, то і на ёй бы прасьпявалі. Музыка — ёсьць музыка.
Пра што сьпяваеце можаце акрэсьліць?
Каўбой: Нашыя песні — гэта чырвонае віно, дуэлі, жанчыны, ці як кажуць палякі «trzy P»: Pie, Pali i Pierdoli (сьмяецца).
ТГ: Такі польскі ўплыў? (пад агульны сьмех)
Пэркусыста: Ведаеш, сьмех — сьмехам, а на нашую творчасьць найбольш паўплывалі брытанцы з Motorhead ды полякі з Acid Drinkers. Гэта найбольш любімыя намі каманды. Таму і свой стыль нам цяжка вызначыць. Усё намяшана: і гард-рок, і трэш-мэтал, і нешта яшчэ…
Чаму толькі сёлета ўзяліся за запіс першага альбома?
Хамэр: Бо ўрэшце дайшла справа да таго, што наш матэрыял выкрашталізаваўся. Цяпер можна сьмела пісаць. Як пашанцуе, дык выдадзім неўзабаве альбом на лэйбле Roadrunner records. А яшчэ хочам паболей даць жывых канцэртаў.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия