У свой час ён пажыў і папрацаваў у Эквадоры, перакладаў з арыгінала творы Борхеса, напісаў пяць кніг прозы, паэзіі, эсэістыкі (выдадзена пакуль што адна). Аднак жыццёвыя абставіны прымусілі яго стаць сацыяльным работнікам (з запісам у працоўнай кніжцы). Сёння ён даглядае сваю старэнькую маці, якой амаль 95 гадоў. Клапатлівы сын і пісьменнік Сяргей ВЕРАЦІЛА – госць «Народнай Волі».

– Сяргей, пасля філфака БДУ ты паездзіў па свеце – дапяў аж да Паўднёвай Амерыкі. Але ўрэшце вярнуўся на радзіму, у Краснасельскі. Дзе радзіўся, там прыгадзіўся?

– Я не проста вярнуўся, а, можна сказаць, прыпоўз, як прыпаўзае паранены звер у сваю нару залізваць раны. Жыццё мяне няслаба пашкуматала, ды і агульны клімат для беларускамоўнага чалавека ў нашай краіне ніяк не назавеш спрыяльным. Я ўвесь час адчуваў сябе апошнім магіканінам, які спрабуе захаваць мову паміраючага народа. У такой сітуацыі і неслабы чалавек надломваецца. Так атрымалася, што надламаўся і я. Але на радзіме я не прыгадзіўся. Як філолаг, як пісьменнік я тут зусім не запатрабаваны. Але на жыццё не наракаю. Мне родная зямля, людзі, якія тут жывуць, дапамаглі акрыяць. Я перакананы: пакуль мы гаворым на роднай мове, мы яшчэ не прапалі. Мы яшчэ пазмагаемся! Бо, як слушна калісьці заўважыў Ядвігін Ш., «мова – кроў народа». Калі народ гаворыць на сваёй мове – гаворыць яго кроў, не чужая, а свая. І гэта галоўнае.

– Ты ўсё ж прыгадзіўся – сваёй маці.

– Маці – так. Ёй, дарэчы, хутка споўніцца 95 гадоў. Тут непадалёк, у Росі, жыве мая сястра, але я падумаў: навошта ёй прыязджаць штодня? І аформіўся пры маці сацыяльным работнікам. Я ўсё, што неабходна, умею рабіць.

– З кароткай размовы з тваёй маці я даведаўся, што яна і ў такім паважным веку цікавіцца палітычнымі навінамі. Кажа, што і ў прэзідэнцкіх выбарах удзельнічала.

– Мы разам галасавалі. Я запатрабаваў, каб прынеслі скрыню дахаты. Чалавек восем у хату зайшло, і маці, атрымліваючы бюлетэнь, сказала членам камісіі: «Давайце я за тую дзевачку прагаласую…» У Краснасельскім, наколькі я ведаю, проста павальна ўсе галасавалі за Ціханоўскую. Камусьці яна сама спадабалася, а хтосьці – абы не за Лукашэнку. І калі галасы былі скрадзены, людскому абурэнню не было мяжы! Мяркую, што ў жніўні 2020-га народу была нанесена такая траўма, якая будзе загойвацца вельмі доўга. Рэпрэсіі кранулі амаль кожную сям’ю. У людзей у душы да гэтай пары – глухая нянавісць, адчуванне бяссілля і крыўды. У Купалы як пра сённяшні дзень сказана: «А што яны нясуць на худых плячах? Сваю крыўду!» Толькі плечы ў беларусаў даўно ўжо не худыя…

– У часы, калі ствараўся купалаўскі верш «А хто там ідзе?», народ хацеў чуць найперш пра дабрабыт. А сёння што для беларусаў з «нехудымі плячамі» важней – свабода ці каўбаса?

– Мне здаецца, людзі пачалі разумець прыярытэт свабоды. Тут можна правесці гістарычную паралель. Брытанскі міністр Чэмберлен пасля змовы з Гітлерам прыехаў у 1939 годзе з Мюнхена і сказаў суайчыннікам: «Я прывёз вам мір!» На што Чэрчыль заўважыў: «Хто паміж ганьбай і вайной выбірае ганьбу, урэшце атрымае і ганьбу, і вайну». Так і ў Беларусі. Калі народ на лукашэнкаўскіх рэферэндумах адмовіўся ад мовы і свабоды на карысць каўбасы, то ўрэшце можа застацца і без свабоды, і без мовы, і без каўбасы. Як мне бачыцца, нашы людзі пачынаюць гэта разумець.

– Як бы ты ахарактарызаваў той палітычны рэжым, які ўсталяваўся ў Беларусі пасля жніўня 2020-га?

– Гэта класічная тыранія. Вось табе яшчэ адна гістарычная паралель, больш даўняя. 2500 гадоў таму ў Афінах прыйшоў да ўлады (цалкам законна) палітык Пісістрат. Потым ён сабраў 300 байцоў з сацыяльных нізоў, узброіў іх дручкамі. Яны хадзілі па горадзе і наваколлі і ўсталёўвалі тыя парадкі, якія дыктаваў Пісістрат. Ён паказваў, каго біць, каго арыштаваць. І байцы з асаблівым задавальненнем білі прадстаўнікоў багатых і радавітых сем’яў. Яны лупілі арыстакратаў, і ім за гэта нічога не было! У апошнія гады ўлада Пісістрата не было юрыдычна аформлена, ён проста кіраваў як харызматычны лідар. Перад смерцю ён перадаў уладу двум сваім сынам. Аднаго з іх зарэзалі змоўшчыкі. Другі ў адказ яшчэ больш узмацніў тыранію. Усё гэта цягнулася, пакуль не прыйшлі спартанцы і не выгналі тырана прэч…

– Неяк прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант сказала, што дыктатура ў Беларусі запатрабавана. Страшныя словы, калі ўдумацца. Пісістрат усё ж ад нас далекавата – і па часе, і геаграфічна. Узорам «цвёрдай рукі» для беларускага кіраўніцтва з’яўляецца хутчэй Сталін. Нездарма БТ па святочных днях запрашае ўсіх наведаць «Лінію Сталіна», дзе, між іншым, стаіць парадны помнік генералісімусу.

– Гэта ўсё ж розныя псіхатыпы. Сталін – усходні дэспат. Лукашэнка – еўрапейскі тыран. Ён разглядае краіну проста як сваю ўласнасць. Калі б ён ажыццявіў сваю даўнюю мару і трапіў у Крэмль, магчыма, змяніўся б і яго псіхатып. Гісторыя ведае безліч падобных прыкладаў. Скажам, брытанскі афіцэр, які дэзерціраваў са свайго войска ў Афганістане, стаў там царом мясцовага племені. І ў Афрыцы здараліся выпадкі, калі еўрапейцы рабіліся кіраўнікамі плямёнаў і цалкам прыстасоўваліся да афрыканскага жыцця.

– Спартанцы да нас адназначна не прыйдуць. Колькі можа пратрымацца дзейны рэжым у Беларусі?

– Колькі заўгодна. Як кажуць расіяне, «если на холяву да при хорошей закуси – то до бесконечности». Згадай Паўночную Карэю, Кубу. І санкцыі супраць іх уводзілі, і маніфестацыі адбываліся. Але хіба няўзброеныя людзі могуць скінуць тыранію? Прыўладная вярхушка ў Беларусі жыве, як у казцы. І што, яна гэтую казку проста возьме і камусьці аддасць? Ды ніколі.

– У Краснасельскім паўсюль крэйдавы пыл – на дрэвах, на ходніках, на стрэхах дамоў. А жыць сярод гэтага пылу не шкодна?

– Вядома, шкодна. Цяпер, праўда, сітуацыя лепшая. За савецкім часам тут была проста экалагічная катастрофа. Зімой – снег чорны, летам – усё белае. Раней, праўда, краснасельскі цэмент быў больш высокай якасці. З яго рабілі шахты на Кубе – пад савецкія ракеты, падмурак Астанкінскай тэлевежы, Брацкую ГЭС. На лініі Манергейма снарады ад нашага бетону адскоквалі… Што да здароўя людзей, то хто ў нашай краіне (увогуле ў краінах таталітарных) лічыцца з людзьмі? Напрыклад, рак лёгкіх у Краснасельскім – вельмі пашыраная хвароба. Мой бацька памёр ад яе, хоць не курыў. А колькі знаёмых!..

– З заводскіх комінаў ідзе падазрона чорны дым. Як быццам там спальваюць нейкую смалу.

– Ты амаль угадаў. У кацельнях там спальваюць старыя аўтамабільныя шыны. Раней выкарыстоўвалі газ, потым вугаль, але іх жа трэба купляць. А скаты вам прывязуць бясплатна, яшчэ і дзякуй скажуць. А што куродыму на ўсё наваколле, то, зноў жа, каго гэта хвалюе? Завод працягвае выпускаць і шыфер, і трубы, і цэмент. У Еўрасаюзе цалкам адмовіліся ад азбеставага шыферу, а беларусы і Расія купляюць. У нас тут людзі шчаслівыя, калі па краіне бура праходзіць і стрэхі зрывае – значыць, будуць набываць шыфер.

– Твой краснасельскі дзядзька Міхась Вераціла збудаваў (змураваў з валуноў!) двухпавярховы будынак, дзе планаваў адкрыць музей. На жаль, паважны век і нездароўе не даюць яму давесці справу да ладу. Хай бы завод узяў той музей пад сваю апеку, надаўшы яму імя заснавальніка. Ці гістарычны музей кіраўніцтву завода не патрэбны?

– Не патрэбны абсалютна. Дзядзька раней стварыў музей на заводзе і быў яго першым дырэктарам. Але яго звольнілі. На заводзе (яшчэ да вайны) працаваў будучы народны пісьменнік Іван Шамякін. Дык няма нават мемарыяльнай дошкі. Як няма ў Краснасельскім вуліцы імя Янкеля Шарашэўскага – заснавальніка цэментнага завода. А гэта ж пасёлкаўтваральнае прадпрыемства!

– Дык прайдзіся па сваёй вуліцы Школьнай і збяры подпісы за перайменаванне ў вуліцу Шамякіна ці Шарашэўскага.

– Перакананы: ініцыятыва будзе зарэзана на карані. Цяпер жа начальства ўсяго баіцца. Скажам, у Краснасельскім жыве каля 7000 чалавек, і – няма лазні. Колькі мы пісьмаў напісалі – у самыя розныя інстанцыі! І што? Старшыня Ваўкавыскага райвыканкама адказаў: «Лазня ёсць у Росі – ездзіце туды». А да Росі – 8 кіламетраў, не кожны даедзе. І людзі проста зняверыліся. Разумееш, у стомленых нацый (а беларусы, я лічу, стомленая нацыя) ёсць такая абарончая рыса – замыкацца ў сваіх недахопах. Нават культываваць тыя недахопы, як чалавек, які песціць сваю балючую рану. Нага баліць, калі на яе ступаць, а калі легчы, то нібыта і не баліць…

– Жывучы ў Краснасельскім, ты адчуваеш сябе выкінутым на ўзбочыну, ці, наадварот, у гушчыні свайго народа?

– Я – аўтахтон, я тут нарадзіўся, мяне тут усе ведаюць. Мне здаецца, мы не разумеем, што азначае слова «народ». Вось, скажам, старажытныя цюркі падзялялі ўсіх на ханаў, народ і насельніцтва. Народам называлі свядомую частку людзей. У нас гэта была шляхта, якую вынішчылі пад корань. Падкрэслю: шляхта была нашым народам, а пазней народам сталі называць насельніцтва. Але насельніцтва – не народ. Народ – гэта тое, што нараджае, штосьці дзяржаватворнае. Так, я лічу сябе часткай народа. Без мяне народ няпоўны, і я без народа няпоўны.

– А хіба стварэнне і ўмацаванне дзяржавы – не клопат дзяржаўнай улады?

– На жаль, цяперашняя Рэспубліка Беларусь – гэта не дзяржава беларусаў. Гэта дзяржава калабарантаў. Гэта трагедыя любога забранага народа. А мы працягваем быць забраным народам. Расія і дасюль трымае нас у сваіх кіпцюрах. І будзе трымаць, пакуль мае сілу.

– Ёсць жа войска беларускае, вучэнні рэгулярна праходзяць.

– У Беларусі калабаранцкая ўлада, адпаведна і войска калабаранцкае. Амаль усе беларускія генералы ў Маскве вучыліся, пра што тут казаць. Французскі гісторык і сацыёлаг Гюстаў Лебон пісаў, як можна знішчыць самую вялікую нацыю. Трэба ўзяць сто найлепшых муляроў, сто найлепшых цесляроў, сто найлепшых пісьменнікаў, сто найлепшых навукоўцаў, сто найлепшых мастакоў і г.д. – і расстраляць. І нацыя апынецца пад пагрозай знікнення. Так у нашай гісторыі і адбывалася. Прычым неаднойчы.

– Беларуская нацыя ўсё ж існуе. Можа, таму, што не ўсіх найлепшых знішчылі. Вобразна кажучы, па рацэ гісторыі мы плывём, хоць і са звязанымі рукамі.

– Гэта мне нагадала адзін анекдот. Ідзе чэмпіянат свету па плаванні сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сярод удзельнікаў – галава. Старт, заплыў. Галава адразу пайшла на дно. Дасталі, адкачалі. Яна апрытомнела і кажа: «Навошта вы на мяне шапачку нацягнулі? Я тры гады вучылася вушамі грэбці». Так мы і плывём па рацэ гісторыі – дзе нагамі падграбём, дзе вушамі.

– Дык усё ж выплывем?

– Абавязкова выплывем!

 

 

Сяргей Вераціла адзначае юбілей