Беларускі камітэт ICOMOS абвяшчае збор кейсаў аб эфектыўнасці Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў у ратаванні помнікаў. Дэдлайн - 10 чэрвеня.
Беларускія медыя рэгулярна ўскіпаюць ад навін аб разбурэнні альбо занядбанасці важных для нашай культуры помнікаў. Спецыялісты ў ахове культурнай спадчыны, бізнэсоўцы, актывісты і многія іншыя неабыякавыя абураюцца дзеяннямі альбо бяздзеяннем дзяржаўных службоўцаў. Агульнапрынята лічыць уключэнне будынка ў Дзяржаўны спіс першым і важнейшым крокам яго ратавання. Але што адбываецца далей? І ці не здараецца часам так, што на практыцы ўключэнне помніка ў Дзяржспіс не заўсёды гарантуе яго захаванне, у той час як многія помнікі набываюць новае жыццё перадусім дзякуючы высілкам асобных людзей альбо супольнасцяў?
Беларускі камітэт ICOMOS запрашае паглядзець больш пільна на ўсю карціну такіх рознародных сітуацый і супольна прааналізаваць эфектыўнасць Спіса як найпершага інструмента культурнай палітыкі у захаванні спадчыны. Арганізацыя шукае паказальныя кейсы, якія ілюструюць наступныя сцэнары:
1) Калі каштоўны аб'ект знаходзіўся пад пагрозай зноса, і яго ўнясенне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў сапраўды паспрыяла захаванню і аднаўленню, аб'ект быў уведзены ў эксплуатацыю;
2) Калі аб'ект з наданым статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці гадамі стаіць закінуты і занядбаны, інвестар на яго не знаходзіцца або пасля некалькіх спробаў пачаць працы адмаўляецца;
3) Калі каштоўны аб'ект не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, аднак яго аднаўленне адбываецца згодна методыцы рэстаўрацыі з павагай да аўтэнтычных элементаў і ролі ў гісторыі;
4) Калі грамадская актыўнасць, арганізаваная вакол каштоўнага аб'екта з мэтай яго захавання, сапраўды садзейнічала яго аднаўленню і ўвядзенню ў эксплуатацыю, у незалежнасці ад таго, унесены ён у Дзяржспіс ці не.
Прапанаваць на разгляд кейсы можна да 10 чэрвеня ўключна, проста запоўніўшы гэтую форму.
Сабраныя кейсы будуць прадстаўленыя падчас навукова-практычнай канферэнцыі “Права на спадчыну” і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: Выклікі і рашэнні”, што мае адбыцца 19-20 чэрвеня гэтага года офлайн ці онлайн. Арганізатары падзеі імкнуцца прааналізаваць ілюстрацыі (не-) эфектыўнасці працы такога інструмента, як Дзяржспіс, у дыялогу з адказнымі органамі ўлады. А выніковы аналітычны дакумент, складзены паводле сабраных кейсаў, дазволіць экспертам (сярод якіх можаце быць вы) акрэсліць наступныя крокі ў адвакатаванні неабходных зменаў у прававым рэгуляванні працы з спадчынай.
***
Даведка:
“Права на спадчыну” - серыя супольных мерапрыемстваў Беларускага камітэта ICOMOS і МНДА “ЕўраБеларусь”, прысвечаных выпрацоўцы актуальных і дзейсных практык кіравання спадчынай прафесійнымі, лакальнымі і іншымі супольнасцямі.
Першай падзеяй - ужо ва ўмовах пандэміі - стаў онлайн-семінар “Партысіпатыўнае кіраванне культурнай спадчынай: у пошуках эфектыўнай мадэлі для Беларусі”, на якім каля 20 грамадскіх і культурніцкіх актывістаў абмеркавалі шляхі развіцця практык удзелу разнастайных супольнасцяў. Далей чакаюцца канферэнцыя, а таксама лекцыі і круглы стол з удзелам замежных экспертаў у галіне спадчыны.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия