1. Асноўны атрымальнік замежнай заходняй дапамогі — беларуская дзяржава

За шэсьць гадоў з 2006 па 2012 Беларусь атрымала донарскай дапамогі амаль на 755 мільёнаў даляраў ЗША. Ад 12 да 20 працэнтаў зь яе накіроўваюцца на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Астатняе атрымлівае дзяржаўны сэктар Беларусі.

2. Эўразьвяз зьяўляецца найвялікшым донарам Беларусі

У структуры замежнай дапамогі Беларусі з 2006 па 2012 гады вылучаюцца пяць асноўных донараў — інстытуты Эўразьвязу ($101,66 мільёна) тры краіны ЭЗ — Нямеччына ($129,17 мільёна), Польшча ($107,72 мільёна) і Швэцыя ($105,26 мільёна), а таксама Злучаныя Штаты Амэрыкі ($90 мільёнаў).

3. Інстытуты ЭЗ выдаткоўваюць на разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі 13% ад агульнай дапамогі, ЗША — 71%

У 2012 годзе ЭЗ разам з краінамі-сябрамі вылучыў на гэтыя мэты $65,88 мільёнаў, альбо 13% ад сукупнай донарскай дапамогі, ЗША — $64,4 мільёны альбо 71% ад сукупнай донарскай дапамогі ЗША.

4. Лідэрам у сфэры дапамогі дзеля дэмакратычнага разьвіцьця Беларусі зьяўляецца Швэцыя

На сфэру «Дэмакратычны ўдзел і грамадзянская супольнасьць» Швэцыя вылучыла амаль $10 мільёнаў у 2011 годзе і каля $3 мільёнаў у 2010 годзе.

5. Агульны памер дапамогі Даніі ў 5 разоў меншы за сукупную дапамогу Нямеччыны, але памер дапамогі грамадзянскай супольнасьці Беларусі з боку двух донараў прыкладна аднолькавы

Пры гэтым дапамога грамадзянскай супольнасьці складае амаль 100% усё дапамогі Даніі для Беларусі, а Нямеччына накіроўвае грамадзянскай супольнасьці каля 1/5 ўсіх сродкаў.

6. Падчас судоў за Плошчу ў 2011 годзе нямецкія паліцыянты праводзілі трэнінг для беларускіх міліцыянтаў на былым нямецка-польскім памежным пераходзе

З 2008 па 2011 гады на навучаньне беларускіх міліцыянтаў Нямеччына выдаткавала 248 902 эўра.

7. Нямеччына зьяўляецца адным з найвялікшых донараў Беларусі сярод краінаў Эўразьвязу

З 2006 па 2012 гады яна выдаткавала 129,17 мільёнаў даляраў ЗША, гэта амаль чвэрць ад агульная сумы донарскай дапамогі краінаў ЭЗ. 2/3 нямецкай дапамогі накіроўваюцца на адукацыю. Пераважна гэта расходы на навучаньне беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Нямеччыны. Сродкі, выдаткаваныя на разьвіцьцё гэтага напрамку, фактычна застаюцца ў Нямеччыне.

8. У Беларусі сярод усіх краінаў Усходняга партнэрства самая нізкая эфэктыўнасьць засваеньня дапамогі Эўразьвязу

Прычыны — зашмат узгадняючых органаў, антызаходнія настроі чыноўнікаў, адсутнасьць пераемнасьці і вялікая бюракратыя.

9. Пры рэалізацыі буйных праектаў на грошы Эўразьвязу ў Беларусі ствараюцца праўладныя НДА

Гэта зьвязана з патрабаваньнем ЭЗ — абавязковым удзеле недзяржаўнай арганізацыі ў праекце замежнай дапамогі.

10. Кіраўніцай эўразьвязаўскага праекту коштам больш за адзін мільён эўра «Умацаваньне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымяненьня мэханізмаў дзяржаўна-прыватнага партнэрства ў Беларусі» зьяўляецца Алена Дадзеркіна

Яна вядомая тым, што зьяўляючыся выкладчыцай эканомікі ў Акадэміі кіраваньня, набыла кватэру ў самым дарагім доме Беларусі, «доме Чыжа» ля Траецкага.

sosgrant

***

Кіраўнік Беларусі, чыноўнікі і праўладныя палітыкі часта заяўляюць, што заходняя дапамога Беларусі накіроўваецца выключна на так званую «пятую калёну» і «скіданьне палітычнага рэжыму». Палітычна актыўная частка інтэрнэт-карыстальнікаў і камэнтатараў у сацыяльных сетках крытыкуе грамадзкія і палітычныя рухі за бессэнсоўнае «праяданьне» грантаў. Прадстаўнікі палітычнай апазыцыі часта абвінавачваюць адзін аднаго ў нямэтавым расходаваньні сродкаў замежнай дапамогі і заклікаюць да аўдыту. Усе гэтыя абвінавачваньні не заснаваныя на рэальных фактах.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году мы вырашылі прааналізаваць, што адбываецца з заходняй дапамогай Беларусі і каму яна насамрэч дапамагае? Адказы на гэтыя пытаньні я шукала ў Менску, Бэрліне і Брусэлі.

Радыё Свабода