30 гадоў таму 7 красавіка 1983 года на праваслаўнае свята Дабравесця спынілася сэрца легендарнай беларускай паэткі Ларысы Геніюш, нязломнай патрыёткі, сакратаркі БНР на чужыне і пакутніцы камуністычнага ГУЛАГу, «сэрца, распятае на заінелых дратах Поўначы за Беларусь»!

Фотажурналіст Зьдзіслаў Сіцька зафіксаваў для гісторыі пахаваньне ў Зэльве:

— Спадар Зьдзіслаў, у 80-я гады вы жылі ў Баранавічах. «Мае баранавіцкія сябры» — гэткі выраз нярэдка сустракаецца ў лістах Ларысы Геніюш. Вы ўваходзілі ў іх лік. Што вас лучыла з Ларысай Геніюш?

— Я сапраўды магу пахваліцца, што меў гонар бываць у зэльвенскай хаце Геніюшаў, маю аўтографы на кнігах. Але словы «мае баранавіцкія сябры» — гэта пра іншых маіх землякоў. Кажучы так, Ларыса Антонаўна мела на ўвазе двух Пётраў — Рашэтніка і Саўчука. Абодва Пётры шмат зрабілі для сям’і Геніюшаў, яны былі разам зь Янкам Геніюшам у лягеры. Менавіта Пётра Саўчук, баранавіцкі фармацэўт, пазнаёміў мяне ды іншых сваіх сяброў з Ларысай Антонаўнай. Я працаваў тады ў рэдакцыі баранавіцкай газэты «Знамя коммунизма», вучыўся завочна на факультэце журналістыкі ў БДУ і нават быў намерыўся напісаць курсавую работу паводле творчасьці Ларысы Геніюш. Я хацеў у сваёй рабоце параўнаць верш «Зубры» Ларысы Антонаўны з паэмай «Песьня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Нам было пра што зь ёю пагаварыць, бо яе зацікавіла мая задумка. Праўда, пасьля майго другога гасьцяваньня ў Геніюшаў галоўны рэдактар прапанаваў мне пакаяцца і напісаць, пра што мы гаварылі з Ларысай Антонаўнай. Рэдактар хацеў кампрамату, і мне давялося звольніцца. Пасьля я толькі некалькі разоў наведваў гасьцінны дом Геніюшаў, прыяжджаў і на пахаваньне Янкі Геніюша.

— Давайце вернемся ў тыя красавіцкія дні 1983 году. Вы ад пачатку мелі намер зафатаграфаваць увесь абрад пахаваньня?

— Калі прыйшла сумная вестка пра сьмерць Ларысы Антонаўны і быў прызначаны дзень пахаваньня, я паехаў у Зэльву напярэдадні. Я ня мог не паехаць. Пра наступствы я ня думаў. Да таго ж, я спадзяваўся, што напярэдадні ніхто ня будзе асабліва сачыць. Я намерваўся аддаць даніну памяці і на само пахаваньне ўжо ня ехаць. Але ў хаце Ларысы Антонаўны я сустрэў знаёмых менчукоў, якія, на жаль, мелі такія ж намеры. Але камусьці ж трэба было зафатаграфаваць заўтрашняе пахаваньне! Я вярнуўся ў Менск, узяў фотаапарат і паехаў у Баранавічы, каб быць бліжэй да Зэльвы. Ехаў туды, на жаль, з прыгодамі і трохі спазьніўся. Я добра памятаю той дзень. Было цёпла. У лесе абапал дарогі цьвілі пралескі. Але ж які гэта быў чорны дзень! Калі ў Зэльве я збочыў на вуліцу Савецкую, то ўбачыў каля царквы незлічоную сьціжму людзей. У царкве ўжо заканчвалася адпяваньне. Вырашыў, што буду фатаграфаваць здаля, каб ня кідацца нікому ў вочы.

geniusz_pah0

.

— Вы згадалі пахаваньне Янкі Геніюша ў 1979-м. «Дома сьвечкі даўно пагашаны, / і магілкі пад сьнегам сьпяць. / Дык няўжо і мяне, няшчасную, / пад канвоем будуць хаваць,» — гэта радкі зь верша Ларысы Антонаўны. А ці на яе пахаваньні былі заўважныя прадстаўнікі спэцслужбаў? Падчас фатаграфаваньня вам ніхто не чыніў перашкодаў?

— Не, ніхто да мяне не падыходзіў. Я фатаграфаваў здаля, каб была бачная вялікая колькасьць людзей. Жалобная працэсія расьцягнулася амаль на кілямэтар. Наперадзе ішлі дзеці. За імі мужчыны несьлі труну. Несьлі, зьмяняючыся, да самых могілак. На могілках мужчыны неяк асабліва высока ўзьнялі труну па-над зямлёй. А ўдалечыні — Зэльва і навакольныя лясы. А Ларыса Антонаўна — нібы ўжо ў небе… Я не заўважыў, каб нехта некага спыняў ці папярэджваў. Не памятаю, каб былі там міліцыянты. Праўда, потым мне Ўладзімер Арлоў прызнаўся, што мяне спачатку прынялі за чалавека з канторы… Я больш стараўся ўхапіць цікавыя моманты, каб жалобная ўрачыстасьць была дакумэнтальна засьведчана. Мне ня важныя былі асобныя абліччы, мне важна было паказаць, колькі людзей ішло ў працэсіі.

geniusz_pah1.

.

— Як вы можаце патлумачыць той факт, што ў савецкім мястэчку ў 1983 годзе на пахаваньне несавецкай грамадзянкі сабралася столькі людзей?

— Тлумачэньне тут адно — і ў савецкім мястэчку жылі людзі. А людзі ў любым выпадку паводзяць сябе па-людзку. У нас ад дзядоў-прадзедаў вядзецца такі звычай — у лепшы сьвет правесьці крэўнага сваяка ці аднавяскоўца. Сям’ю Геніюшаў у Зэльве вельмі паважалі. Шмат хто з зэльвенцаў быў удзячны Янку Геніюшу, бо ён быў вельмі добрым лекарам. І Ларысу Антонаўну паважалі, ганарыліся, што ў Зэльве жыве такая паэтка. А чаго ім было баяцца? Яны ж праводзілі сваю зямлячку.

genius_pah1

.

На пахаваньні Ларысы Геніюш прысутнічаў і прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, які з намі на тэлефоннай сувязі. Спадар Аляксей, па вашых прыкідках, колькі людзей было на разьвітаньні?

Аляксей Пяткевіч: Я думаю — тысячы, бо працэсія цягнулася з Зэльвы да самых могілак, а гэта даволі далёка. Людзкая плынь была густая, шырокая. Я помню, як аглядаўся ўвесь час, і мяне ўжо тады зьдзіўляла, што столькі людзей выйшла — практычна ўся Зэльва. Чым можна вытлумачыць такую масавасьць? Я не сумняваюся, што прычына ў тым, што Ларыса Геніюш была апальнай беларускай паэткай. Людзі добра ведалі, што яна — persona non grata ў сябе на радзіме. Людзі не маглі выказаць да яе сваіх пачуцьцяў, сваіх адносінаў, хоць яна жыла побач зь імі. А вось правесьці ў апошні шлях чалавека, якога шануеш, — гэта іншая справа. І людзі зрабілі гэта — уся Зэльва выйшла. Гэта была праява здаровага народнага духу.

geniusz_pah2

.

— Спадар Зьдзіслаў, сёньняшняя беларуская ўлада выступае супраць рэабілітацыі Ларысы Геніюш, пра што неаднаразова хадайнічалі перад Вярхоўным судом некалькі грамадзкіх арганізацый. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтае ўпартае нежаданьне ўлады юрыдычна рэабілітаваць Геніюш?

— Думаю, што такія звароты трапляюць найперш да простых сталаначальнікаў. І той службовец, якому трапляе на стол нейкі важны дакумэнт, ня хоча браць на сябе адказнасьць. Яго прынцып — не рабі сабе лішняга клопату. Калі раней адмовілі, то адмоўлю і я. Тым больш, ніхто мне пасьля гэтага заўвагі ня зробіць. А яшчэ, думаю, на адмоўнае рашэньне паўплываў той факт, што Ларыса Геніюш не захацела прыняць савецкае грамадзянства. Як яе ні агітавалі. Але галоўнае на сёньня тое, што кнігі Ларысы Антонаўны друкуюцца, што іх чытаюць беларусы.

genius_pah4

Паводле