Польшча канчаткова хоча развітацца з камуністычнай спадчынай. Польскі парламент прыняў Закон аб дэкамунізацыі.
Чакаецца, што пасля пачатку дзеяння закону, тыя вуліцы, і месты памяці, якія звязаныя з камуністычным мінулым краіны, знікнуць з тапанімікі польскіх гарадоў.
Шкада, што гэты закон прынялі толькі цяпер, адзначыў у нашым эфіры беларускі гісторык, прафесар універсітэту ў Беластоку Алег Латышонак. Аднак, пры гэтым ён адзначыў, што да дэкамунізацыі варта падыходзіць з развагай.
– Як я разумею, дэкамунізацыя мусіць тычыцца тых, хто дзейнічаў на шкоду польскага народу. Але шмат вуліц і ўстановаў названыя імёнамі людзей, якія жылі і працавалі пры камунізме, але рабілі добрыя справы. Таму вельмі шмат залежыць ад тых, хто будзе прымаць рашэнні на мясцовы роўні.
РР: Калі казаць пра помнікі і пра назвы вуліц, паводле Вас, якая будзе рэакцыя на вуліцы “Чырвонай арміі” і помнікі чырвонаармейцам, якія лічыліся ў Польшчы вызваліцелямі.
Алег Латышонак: Вядома, калі так позна пасля змены сістэмы гэта рабіць, то рэакцыя будзе ў асноўным адмоўная. Бо калі б гэта зрабілі ў 1990-92 гады – іншая справа. Расея будзе дакараць Польшчу, што тая спрабуе віртуальна змяніць вынікі Другой сусветнай вайны. Мы павінны помніць, што для Захаду СССР быў саюзнікам. І тады, атрымліваецца, што мы пад сумнеў ставім і заслугі Амерыканскай і Англійскай армій. Таму справа вельмі складаная.
Напрыклад, як ставіцца да польскіх жаўнераў, якія змагаліся на савецкім баку? Я думаю, што яны не павінны падпадаць пад гэты дэкамунізацыйны запал, паколькі гэта былі сотні тысяч людзей, якія не дбалі пра камунізм, а пайшлі ў армію, каб змагацца супраць фашызму. Таму цяпер пачынаць гэтую справу бессэнсоўна.
РР: Асабліва, калі гаварыць пра Беласточчыну, дзе маладых людзей, мужчын у 1944 годзе каго прымусова, каго добраахвотна забіралі ў Чырвоную армію, і людзі даходзілі да Берліна.
Алег Латышонак: Яны перамаглі і японцаў, бо іх яшчэ і на Японскую вайну паслалі ваяваць.
РР: З нагоды прыняцця гэтага закона, напэўна, яшчэ раз узнікне імя Аляксандра Ваўкавыцкага – пачынальніка беларускага школьніцтва ў Нараўцы, якога ўльтраправыя лічаць камуністам, усе магчымыя і немагчымыя ярлыкі былі навешаныя на яго. У выніку ІНП правёў праверку, абвінавачванні не пацвердзіліся, з архіваў даведаліся, што ў партыі Ваўкавыцкі знаходзіўся толькі адзін дзень да свайго расстрэлу.
Алег Латышонак: Безумоўна, гэтае пытанне падымуць. Я бачу, што гэта справа вельмі прынцыповая і для Інстытута нацыянальнай памяці, і для польскіх нацыянальных дзеячоў. Справа ў тым, што Ваўкавыцкага і яго таварышаў забіў атрад Лупашкі, а гэта новы польскі “святы”, таму Лупашака не мог загадаць забіць невінаватага чалавека. Тут справа прынцыповая, таму, на жаль, зверху, з ІНП пойдзе прымус змяніць патрона комплексу школ у Нараўцы. Я лічу, што ўлады Нараўкі не павінны на гэта згаджацца і мусяць судзіцца за гэтую назву. Але я бачу, што настроі ўжо капітулянскія. Мы ведаем, што забіць яго хацелі за тое, што ён не хацеў вывесці са школьнага навучання беларускую мову. Яму абяцалі, што заб’юць, вось і забілі.
РР: То можа варта рабіць патронамі і даваць назвы вуліц імя Браніслава Тарашкевіча, Янкі Купалы ды іншых беларускіх дзеячоў, каб адказаць беларускасцю на гэтыя закіды?
Алег Латышонак: Так, каб ведалі тыя людзі, якія змагаюцца супраць Ваўкавыцкага, што будуць наступнымі патронамі Янка Купала ды іншыя выбітныя беларусы.
РР: Беларусь застаецца выспай камунізму. Тут існуюць вуліцы Маркса, Энгельса, Леніна… Знаходзяцца яны побач з вуліцамі Багушэвіча ды вуліцамі з сярэднявечнымі назвамі. Наколькі Беларусі патрэбная дэкамунізацыя?
Алег Латышонак: Безумоўна, вельмі патрэбная, бо не могуць ворагі беларускага народа быць патронамі. Думаю, што ў Беларусі Леніну таксама не месца. І ўсё павінна пачацца з дэмантажу ягоных помнікаў. З такімі патронамі Беларусь нікуды не зойдзе. Дарэчы, усе мы бачым, што апошнія 20 гадоў завялі краіну ў тупік. Беларусь засталася сталінскім запаведнікам.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия