Шмат людзей любяць глядзець па тэлебачанні праграмы, у якіх раскрываюцца таямніцы гісторыі, расказваецца пра археалогію і пошук мінулага, але, здаецца, што гэта недзе далека і пад нагамі ў нас няма нічога цікавага. І толькі некалькі чалавек ведае, што ў Ваўкавыску ўжо некалькі дзён праходзяць самыя сапраўдныя археалагічныя раскопкі могільніка каля Шведскай гары. Працуюць на раскопках студэнты, кіруе імі дацэнт кафедры Гісторыі Беларусі, археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту Генадзь Семянчук.

Спадар Семянчук нарадзіўся і пражыў шмат гадоў у Ваўкавыску, час ад часу ён звяртаецца сюды, каб пракрасціся ў таямніцы гісторыі Ваўкавышчыны і расказаць пра гэта сваім сучаснікам. Пра свае даследванні гісторыі Ваўкавышчыны ён пагадзіўся расказаць чытачам нашага сайту.

Пасля дзевяцігадовага перапынку, вялікая археалогія вяртаецца ў старажытны горад Ваўкавыск. Вяртаецца з вялікімі спадзяваннямі на новыя цікавыя адкрыцці. Абавязковая археалагічная практыка, якая прадугледжана ў вучэбным плане на гістарычным факультэце ў гэтым годзе абрала сваёй мэтай горад Ваўкавыск. Аб’ектам даследавання лічыцца сярэдневечны раннехрысціянскі могільнік, які ўпершыню даследваўся ў 2005 годзе.

Спачатку хацелася б расказаць гісторыю адкрыцця гэтага могільніка. Справа ў тым, што ў той час на гэтым месцы выпадкова быў знойдзены чалавечы чэрап, які спрычініўся прыезду на месца знаходкі не археолагаў, а пашуковага батальёна, які займаецца пошукам рэшткаў салдат Айчыннай вайны, хаця Шведская гара і Замчышча з’яўляюцца археалагічным комплексам, які ахоўваецца дзяржавай. У рэшце  «плённай» двухгадовай працы вайскоўцаў па эксгумацыі рэшткаў 56 сярэдневечных шкелетаў былі пахаваны ва ўрочышчы Парахаўня як невядомыя салдаты Другой сусветнай вайны.

Гэта стала апошнім штуршком да сістэматычнага вывучэння з боку навукоўцаў. Раскопкі тут вяліся і ў сярэздзіне прошлага стагоддзя, менавіта тады былі знойдзены руіны хрысціянскага храму 12-13 ст., які хутчэй усяго быў разбураны пад час вайны маладога Вялікага Княства Літоўскага і Галіцка-Валынскага Княства. Другім значным адкрыццём стаў вось гэты раннехрысціянскі могільнік. На гэтым могільніке знаходак не вельмі шмат, гэта адносіцца да традыцый пахавання. Язычніцкія пахаванні былі больш багатыя, нябожчыка збіралі ў вялікі шлях, акрамя таго, яго цела крэмавалі. Хрысціян хавалі больш сціпла. З прадметаў, якія больш усяго трапляюцца — жаночыя кольцы. Хаця нейкі час таму ваўкавыскі краязнаўца Віктар Вайтчук знайшоў тут пярсцёнак.

Каштоўнасць ваўкавыскага могільніка яшчэ і ў тым, што ён вельмі добра захаваўся, пахаванняў яго стану не шмат у Беларусі. Большасць пахаванняў, якія мы выявілі, датуюцца 13-15 стагоддзем. Метадычнае даследаванне гэтага помніка дасць нам больш інфармацыі аб гісторыі Ваўкавыска. Адсутнасць пісьмовых крыніц таго часу прывяло да таго, што пачалі з’яўляцца міфы. Напрыклад, міф мра тое, што шведы шапкамі насыпалі Шведскую гару. Спадзяюся, што археалогія разбурыць гэтыя не вельмі сапраўдныя ўяўленні пра гэта месца.

Да гэтага дададзім, што работы студэнтаў працягнуцца да 18 ліпеня. Яны працуюць ад 7-й да 12-й гадзіны ранку і ад 16-й да 19-й гадзіны ўвечары. У жыхароў горада ёсць цікавая магчымасць паназіраць як робіцца сапраўдная навука і пазнаёміцца з людзьмі, якія ведаюць шмат пра нашу гісторыю.

IMG_7911

IMG_7894

IMG_7897

IMG_7899

IMG_7903

IMG_7904

IMG_7905