Дзень засяроджання з Донам Турбітам, які адбыўся ў Росі, адзначыўся надзвычайнай прадуктыўнасцю: за невялічкі адрэзак часу былі праведзеныя тры канферэнцыі, а ў перапынку паміж імі кожны з удзельнікаў атрымаў магчымасць задаць пытанні місіянеру з Паўночнай Амерыкі.

Першая канферэнцыя была прысвечаная веры, яе практычнаму вымярэнню. Вера – гэта вялікі дар, дзякуючы якому мы можам супрацьстаяць жыццёвых цяжкасцям і рэалізоўваць Божую волю. Дон Турбіт падкрэсліваў, што згодна з Святым Пісаннем, мера веры дадзена кожнаму хрысціяніну, але развіваць і ўмацоўваць яе мы абавязаныя самі. Вера нараджаецца з “слухання, а слуханне ад Слова Божага” (Рымлянаў 10:17). Для ўмацаванне веры вельмі важна ўважлівае, рэгулярнае, малітоўнае, вывучэнне Святога Пісання, а таксама кніг і матэрыялаў, якія звязаныя з хрысціянскім жыццём. Калі ў сэрцы няма веры, там будзе панаваць страх, які мае разбуральную моц.

Новай евангелізацыі была прысвечаная другая канферэнцыя. Перш чым каталікі змогуць быць сапраўднымі сведкамі веры, ім трэба перажыць духоўную аднову і напоўніцца Святым Духам. Дон Турбіт казаў таксама пра пагрозы і памылкі, якія насаджаюцца “псеўдадухоўнымі” настаўнікамі і лідарамі па ўсім свеце. Ён падкрэсліў, што існаванне пекла і раю, – гэта рэальнасць, а папулярная сучасная ідэя, што пекла не існуе і тэорыя ўсеагульнага выратавання з’яўляюцца саманадзейнымі заявамі.

Трэцяя канферэнцыя была прысвечаная бацькоўству Бога. Хрыстос паказаў нам Творцу, як клапатлівага і чулага Айца. Ён звяртаўся да Яго, называючы “Абба», што ў перакладзе з арамейскай азначае “тата”. Місіянер з ЗША натхняў удзельнікаў паглыбляць свае адносіны з Богам Айцом, сузіраючы Хрыста ў Пісанні.

Акрамя ўдзелу ў канферэнцыях ў мужчын была магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі і супольна перажыць Эўхарыстыю.

grodnensis.by