У Беларусі знялі забарону на начны продаж алкаголю. Гэта не жарт, як і тое, што такая забарона была. А вось тое, што з гарэлкай жарты кепскія ў Беларусі ведаюць усе.
Гэтаму бацькі вучаць дзяцей з самага маленства. Замахне бацька за каўнер кілішак горкай ды давай настаўляць маленькага сынка. Маўляў, гарэлка гэта атрута. Ды вось адна ёсць з ёй базавая праблема. Без яе нельга. Жыццё, нібыта, такое. Таму, тлумачыць бацька свайму маленькаму нашчадку, трэба ведаць меру. І кажа гэта так пераканаўча, што пачынаеш верыць, што сам то ён меру ведае дакладна.
Нават калі ўжо і мычэць не можа. Што-што, а з гарэлкай эксперыментаваць сапраўды нельга. Нікому, ніколі і ні пры якіх умовах. Усе ведаюць чым скончыўся сухі закон у Амерыцы. Добра што своечасова схамянуліся. Ды і бальшавікі ў нас спрабавалі рабіць з гарэлкай свае эксперыменты. Ну з бальшавіцкімі прыдумкамі людзі даўно разабраліся. Усё што рабілі бальшавікі вызначалася толькі адной мэтай – захаванне ўлады шляхам абалваньвання суайчыннікаў. Звычайная задача для кожнай класічнай дыктатуры. Сучасныя дыктатуры не выключэнне.
Прыкладам, перамаглі камуністы безграматнасць. Так ўжо гэтым хваліліся, што многія паверылі, што яны пра людзей клапаціліся. Але ж тыя навучылі людзей чытаць толькі для таго, каб людцы савецкія газеты чыталі. Гэта значыць каб спажывалі савецкую прапаганду. Бо пакуль савецкія грамадзяне вучыліся чытаць, бальшавікі знішчылі ўсё што можна было чытаць, усю альтэрнатыўную прэсу акрамя іхняй прапаганды.
І з гарэлкай эксперыменты таксама рабіліся з гэтай адной мэтай. Толькі там у супярэчнасць увайшлі дзве важныя праблемы. З аднаго боку трэба было загнаць усіх людзей на працу у імя ідэй сацыялізму. Каб гарбацілі як робаты дзеля выжывання камуністычнай дыктатуры. Ну а што з п’янога за работнік? Таму гарэлку спрабавалі забараніць пад выглядам клопату пра здароўе працоўных. Але з другога боку іх бязглуздая сацыялістычная эканоміка аніяк казну не магла напоўніць. І ратаваў сітуацыю толькі продаж алкаголю, які ва ўмовах дыктатуры для бюджэту ёсць істотная падтрымка, а вось для чалавека працы амаль адзіны шлях да персанальнай свабоды.
Галоўнае, каб той свабоды не было зашмат. Вось і балансавала бальшавіцкая ўлада паміж гэтымі дзвюма задачамі. Гарэлка была таннай і даступнай, але кантроль таксама не адставаў. Пі колькі хочаш але з ранку кожны мусіць быць цвярозы і на працы. Як хто выбіваўся з гэтага балансу то для такіх быў вынайдзены цэлы шэраг метадаў уздзеяння. Ад выцвярэзнікаў, пазбаўлення прэміі, публічных грамадскіх судоў да прымусовага лячэння ў адмыслова зробленых ўстановах.
Усталяваны баланс разбурыў Гарбачоў. Ён хіба што ад настаўлення свайго бацькі запомніў толькі першую частку, што гарэлка гэта зло. А вось тое, што без яе нельга, па нейкай прычыне не даслухаў. Узяў і забараніў. Ну то ўсё і пасыпалася. Людзі ўпершыню за семдзесят год глянулі на сваё жыццё цвярозымі вачамі і яно ім не спадабалася.
А зараз і да Беларусі дайшла чарга паэксперыментаваць з алкаголем па-даросламу. Не на жарт. Напачатку то ўсё было лагічна для такой эканамічнай і палітычнай мадэлі. Пры захаванні паўсацыялістычнай эканомікі захоўваўся такі ж падыход і да гарэлкі. Папаўняць бюджэт трэба. Таму піце на здароўе. Толькі з ранку каб на працу і цвярозымі. Таму і савецкія схемы аднавіліся. Такія як забарона продажу горкай позна вечарам.
Ды вось зараз сістэма трэснула. Сам начальнік краіны, славуты сваёй прыхільнасцю да здаровага ладу жыцця, звярнуў увагу на яго вялікасць алкаголь. І паслухмяныя чыноўнікі адмянілі на яго ўсе забароны. І сталі ім гандляваць і ўдзень і ўночы. Відаць п’яны гультай у Беларусі значна больш карысны для бюджэту, чым абсалютна цвярозы работнік. Такая вось эканоміка.
Зразумела, што фельетон жартаўлівы. Але як кажуць у народзе – у кожным жарце ёсць крыху жарту. Ну а калі сур’ёзна, то зараз, пасля таго як бюджэт пачалі ратаваць не проста “тунеядцы”, але “тунеядцы” п’яныя, то пра эканамічны крызіс можна пачынаць пісаць ўжо без аніякіх жартаў.
Віктар Сазонаў, Гарадзенская вясна
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия