Шаноўнае спадарства! Інтэлектуальны народны клуб “Высокі Волак” ва ўрачыста-спартыўнай атмасферы правёў заключнае паседжанне сезона 2012-2013.

Абласныя чэмпіянат, “Белая тросць”, Рэспубліканскія асінхрон і Яго Вялікасць Кубак “Волака і Высека”, штомесячныя сустрэчы ў чарговы раз паспяхова арганізавала і  правяла наша Галіна Іванаўна Чарапок (гэта калі не лічыць яшчэ яе працу як трэнера дзіцячых каманд).

Акрамя “Сваёй гульні” і “Што? Дзе? Калі?” наш нязломны і нязменны лідэр разам з Марынай Бабіч арганізавалі цэлае шоў з вызначэннем па намінацыях лепшых інтэлектуалаў (кожны з прысутных быў адзначаны, а некаторыя і не аднойчы).

“Благавест” (які абяцае вуснамі яе капітана Насці Самушчык больш не прапускаць гульні), “ПадШаФэ”, “Рыск”і “Крэмень” у чарговы раз нічога не здолелі супрацьставіць новаму стараму чэмпіёну – камандзе “Ньюс-В”, які быў зноў пераканаўчы ў “Што? Дзе? Калі?”. Аднак хай Алег Аўштоль і яго каманда не раслабляюцца, іх заўсёды могуць “шчоўкнуць па носу” і “Салагі” (нашы ветэраны), і “Ваўкі” (маладыя, але вельмі галодныя да перамог). Хочацца спадзявацца, што “ВГАК” не пакіне інтэлектуальную дзейнасць (а то ходзюць, а пасля не ходзюць). Аднак раённым уладам можа і добра, калі ў нас мала камандаў: не будзе балець галава пра выдзяленне памяшкання для развіцця інтэлекту. Хай лепей нашы ўрачы, чыноўнікі, педагогі, электрыкі (а была ж цудоўная суперкаманда!), міліцыянеры ў вольны час бухаюць ціхенька піўко на дыванчыку пад тэлевізар.

Толькі глянеш на Ашмяны, Астравец, дзе і мэр, і кожнае прадпрыемства, установы выстаўляюць каманды, гуляюць не на фанцікі, праводзяць турніры… Ну, значыць, хай лепей ваўкавычане п’юць альбо ляжаць (хоць мне здаецца, што і ў нашага мэра харызмы б хапіла, каб і ў нас інтэлект пайшоў у массы).

Адметнай рысай гэтага сезону была прысутнасць на гульнях дзяцей.  Будзем спадзявацца і верыць, што не толькі яны – нашы дзеці – наша будучае. Таму што пачынаць займацца інтэлектам ніколі не позна. Дзякуй, сезон 2012-2013! Вось крыху адпачнем і з верасня зноў распачнем!

 1112

 

1111