22 мая 1899 г. у в. Малыя Азяранкі Ваўкавыскага павета нарадзіўся публіцыст, пэдагог, палітычны дзеяч Мікола Антонавіч ЧАРНЕЦКІ.
Паходзіў з сялянскай сям‘і. У 1918 г. скончыў Свіслацкую настаўніцкую сэмінарыю. Першая сусветная вайна перапыніла навуку і назаўсёды адарвала яго ад сям’і. Семінарыю эвакуіравалі ў Калужскую губернію, а бацькі пасля доўгіх блуканняў аселі ў Мінску. Да 1921 г. знаходзіўся ў бежанстве ў Расеі, дзе загінула ўся яго сям‘я. Па вяртаннні на радзіму далучыўся да беларускага руху: збіраў фальклор, друкаваўся на старонках мясцовых газет. А ў 1921 г. нелегальна перайшоў польска-чэхаславацкую мяжу. У гэты час урад Чэхаславакіі выдзеліў некалькі дзесяткаў стыпендый для ўраджэнцаў Заходняй Беларусі, якія, з-за перашкод польскіх улад, не маглі атрымаць вышэйшую адукацыю на радзіме. Скарыстаўшы мажлівасць, Чарнецкі ў 1923 г. паступіў на філязофскі факультэт Пражскага ўніверсітэта, які скончыў у 1929 г. са ступенню доктара філязофіі.
Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, у 1923-1929 гг. уваходзіў у Замежнае бюро БПСР у Празе. У 1929 г. вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, працаваў настаўнікам беларускіх гімназій у Радашковічах і Клецку. У 1939 г. савецкія ўлады прызначылі яго дырэктарам школы ў в. Крынкі, з 1940 г. – кіраўніком асветы Крынскага раёну. Арыштаваны НКВД, уцёк з-пад арышту. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку. Удзельнік беларускага нацыянальнага падполля.
Забойства акаўцамі Чарнецкага стала незаменнай стратай для беларускіх нацыянальна-патрыятычных сіл. Ён і ў даваенны час праследаваўся польскімі ўладамі за сваю самаахвярную працу на карысць беларускай справе. Чарнецкі выкладаў гісторыю і геаграфію Беларусі. За свае шырокія веды хутка здабыў ад вучняў паважную мянушку “Пан прафесар”. Ён не толькі дасканала ведаў свае прадметы, але быў знаўцам літаратуры і філязофіі. Акрамя польскай і беларускай мовы, вольна валодаў чэшскаю, ведаў латынь. Не застаўся незаўважаны і яго патрыятызм. Паміж сабою гімназісты не раз гаварылі: “Пан прафесар цалкам закаханы ў Беларусь”. Гэта былі словы ўдзячнасці і пахвалы. Акрамя штодзённых заняткаў, М.Чарнецкі кіраваў пасяджэннямі літаратурнага гуртка. На жаль, яго педагагічны талент не паспеў раскрыцца ў поўнай меры. У 1931 г. улады закрылі Клецкую гімназію. Праз год была ліквідавана настаўніцкая семінарыя ў Вільні, а яшчэ пазней – гімназія ў Наваградку.
У тых умовах Мікола Чарнецкі пераехаў у Вільню. Быў сябрам Беларускага Навуковага Таварыства, разам з аднадумцамі выдаваў грамадска-палітычны часопіс “Золак”. Толькі пасля верасня 1939 г. зноў змог вярнуцца да настаўніцтва. Працаваў дырэктарам школы ў Крынках, на Беласточчыне, а потым узначаліў раённы аддзел народнай асветы. Але і на гэты раз перыяд настаўніцтва аказаўся нядоўгім. Нямецкая акупацыя перакрэсліла ўсе планы. Чарнецкі адмовіўся супрацоўнічаць з гітлераўцамі, хаця прапановы ў гэтым накірунку і паступалі. Але найбольш небяспечнымі аказаліся дзеянні польскага падполля, якое скарысталася сітуацыяй для вынішчэння беларускай інтэлігенцыі, развязаўшы супраць яе сапраўдны тэрор. На пачатку студзеня 1944 г. узброеная група АКаўцаў напала на дом сястры Міколы Чарнецкага і забрала настаўніка з сабой. Толькі праз некалькі тыдняў яго цела, са слядамі жорсткіх катаванняў, было знойдзена ў адной з вёсак. Беларускага настаўніка пахавалі на праваслаўных могілках у Беластоку. На таблічцы ўказана дата смерці: 19 студзеня 1944 г. Так загінуў адзін з найбольш таленавітых выкладчыкаў Клецкай беларускай гімназіі. Чалавек, пра якога сябры казалі: “Гэта быў камень, крышталь, цвёрды і непахісны ідэаліст, гатовы на ўсё, акрамя здрады дзеля кавалка хлеба”.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия