1 лютага 1811 года ў Завілейскім павеце Віленскай губерні нарадзіўся беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, краязнаўца і педагог Рамуальд Сыманавіч ЗЯНКЕВІЧ.
Нарадзіўся ў сям’і арандатара, бацькоўскі фальварак, верагодна, знаходзіўся недзе паміж Свір’ю і Свянцянамі. Пачатковую адукацыю атрымаў у Свірскай парафіяльнай школе (1818—1820 гг.). У 1826 г. скончыў Віленскую гімназію, у 1830 г. — літаратурнае аддзяленне Віленскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам і выхавальнікам у прыватных школах. У 1844 г. атрымаў месца настаўніка Росенскай павятовай школы Ваўкавыскага паввета, але неўзабаве з-за прагрэсуючай слепаты пакінуў працу. У пошуках работы Зянкевіч апынуўся на Палессі, знайшоў прытулак у Луніне Пінскага пав., рэзідэнцыі князёўДруцкіх-Любецкіх. Эдвін Друцкі-Любецкі дазволіў Зянкевічу карыстацца сваёй бібліятэкай, архівам і кабінетам-музеем.
Зянкевіч запісваў песні, казкі, паданні, легенды, абрады і звычаі. У 1847 г. у часопісе Ю. Крашэўскага «Athenaeum» («Атэнэум») надрукаваў нарыс «Народныя песні, сабраныя на Піншчыне і перакладзеныя Р. Зянкевічам», дзе разам з беларускім арыгіналам змяшчаў пераклад на польскую мову, што значна пашырала кола даследчыкаў беларускага фальклору і павышала вартасць яго працы. У зборніку «Народныя песні Піншчыны» («Piosenki gminne ludu Pińskiego», Коўна, 1851 г.) змясціў беларускія песні, запісаныя над Пінай, Прыпяццю і Цной (звыш 200 песень), з дадаткам некалькіх песень з Валынскага Палесся, з Бугу, з ваколіц Любамля. Зянкевіч — этнограф-аматар, але яго зборнік з’яўляецца першым зборам беларускіх песень, які, у адрозненне ад папярэдніх яму зборнікаў Я. Чачота, мае навуковае значэнне. Змест зборніка ў 1868 г. быў перадрукаваны О. Кольбергам у 52-м томе «Беларусь — Палессе» «Поўнага збору прац».
Важнейшай у навуковай спадчыне Зянкевіча з’яўляецца праца «Пра ўрочышчы і звычаі жыхароў Піншчыны, а таксама пра характар іх песень» (часопіс «Вiblіotека Warszawska» — 1852, т. 4; 1853, т. 1), дзе ён даў апісанне працоўных працэсаў, каляндарных і сямейных абрадаў, вераванняў і забабонаў. Упершыню расказаў пра старажытны веснавы абрад «куста», які суправаджаўся багатым і пышным рытуалам, пахавальныя абрады, памінальны абрад «дзяды».
Зянкевіч вывучаў Крэўскі замак, запісаў паданні пра яго г.зв. «падземныя хады», даў звесткі пра гарадзішча і старажытны вал каля Турава, зафіксаваў месца даўняга пабоішча каля Сташанаў над Ясельдай. Звяртаючыся да гісторыі засялення Палесся, абвяргаў сцверджанне пра тое, што ў VI ст. на Палессі жылі будзіны, а славяне там з’явіліся значна пазней. Спасылаючыся на запісаныя ім назвы ўрочышчаў, абрады, звычаі і вераванні, сцвярджаў, што Піншчына заселена славянамі са старажытных часоў.
Таксама Зянкевіч цікавіўся археалогіяй. З-за дрэннага зроку раскопак не праводзіў, аднак у 1843 г., будучы на Ашмяншчыне, рабіў абмеры курганоў, гарадзішчаў, абарончых валоў і замчышчаў. Карыстаўся звесткамі аратых пра знаходкі старажытных рэчаў. Упершыню стварыў археалагічную карту Ашмянскага павета. У 1848 г. у часопісе «Атэнэум» апублікаваў працу «Пра курганы і гарадзішчы Ашмянскага павета» («О kurhanach i grodziskach powiatu Osmianskego»). Матэрыял Р. Зянкевіча пра Крэўскі замак выкарыстаў польскі гісторык М. Балінскі пры напісанні працы «Старажытная Польшча…».
У Вільні Зянкевіч выдаў зборнікі «Рыфмаваныя спробы», «Вяселле, рыфмаваны перадшлюбны падарунак». У рукапісе засталіся «Гісторыя польскай літаратуры», якая заканчвалася раздзелам пра творчасць А. Міцкевіча, а таксама педагагічнай працы пра выхаванне моладзі з пералікам абавязкаў бацькоў і настаўнікаў. Аўтар працы «Сістэматычны агляд усіх навук». Частка творчай спадчыны Зянкевіча захоўваецца ў Вільні ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы.
Памёр 11 верасня 1868 года ў крайняй беднаце, быўшы сляпым.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия