25 жніўня 1804 г. у Свіслачы была адкрытая гімназія. Свіслацкая гімназія — адна з 8 сярэдніх навучальных устаноў адкрытых на тэрыторыі Беларусі і Літвы паводле плану ўтварэння Віленскай навучальнай акругі, распрацаванага кіраўніцтвам Віленскага ўніверсітэта на чале з рэктарам Янам Снядэцкім. Заснаваная як Гарадзенская губернская акадэмічная гімназія для навучання моладзі з Берасцейскага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гарадзенскага паветаў. Адкрытая ў 1805 г. У 1834 г. страціла статут губернскай. З 1944 г. — Свіслацкая сярэдняя школа. З 1987 г. — Свіслацкая сярэдняя школа № 1 імя К. Каліноўскага. З 2005 г. — гімназія № 1 імя К. Каліноўскага.
Навучанне разлічвалася на 7 гадоў. Вучэбны план гімназіі быў падобны да планаў павятовых вучылішчаў, але быў больш шырокі і разнастайны. Асноўнай мовай навучання была польская. Гімназіі і павятовыя вучылішчы аб’яўляліся ўсесаслоўнымі. Аднак на самой справе яны былі даступнымі толькі багатым, пансіёны пры вучылішчах прымаліся толькі дзеці шляхты.
Свіслацкая гімназія была дастаткова буйной навучальнай установай. Тут у розныя гады вучыліся ад 200 да 300 вучняў. Сюды прыязджалі не толькі дзеці мясцовай ваўкавыскай шляхты, але навучэнцы з розных куткоў Гродзенскай губерні. Для іх, дзякуючы дабрачыннасці Тышкевіча, быў зроблены інтэрнат.
Першым дырэктарам гімназіі працаваў доктар філалогіі Г. Крусінскі.
У 1820-я гады гімназіяй кіраваў А. Сухадольскі, а ў часы пераўладкавання яе ў вучылішча — Грацэрт. Тут вывучаліся матэматычныя навукі, гісторыя, мовы, у тым ліку польская, руская, французская, маляванне (з 1820-х — тапаграфічны малюнак, чарчэнне), геаграфія, прыродазнаўчыя навукі, літаратура.
Гімназія ў Свіслачы была базавай школай Віленскага ўніверсітэта, у параграфе 1 Устава Віленскай навучальнай акругі гаворыцца: «Свислочская гимназия передается в непосредственное ведение и университета». Універсітэт падбіраў кадры для гімназіі, даваў вучэбныя дапаможнікі, папаўняў бібліятэку. Таму гімназія ў Свіслачы адрознівалася высокім узроўнем навучання і мела вялікую вядомасць. Атрымала афіцыйную назву Гродзенская губернская гімназія ў Свіслачы.
Гімназія мела моцны прафесарска-настаўніцкі склад. Тут працавалі Лявон Бароўскі — настаўнік мовы і літаратуры; Іван Вольскі — настаўнік фізікі, аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў; Максіміліан Якубовіч — настаўнік лацінскай і грэчаскай моў, аўтар граматыкі лацінскай мовы і навуковай працы «Философия христианства»; Шыдлоўскі — настаўнік рыторыкі, вядомы пісьменнік, працаваў прафесарам Віленскага ўніверсітэта; Ян Чачот — настаўнік геаграфіі.
Насельніцтва Свіслачы было 614 чалавек (1816), выкладчыкі і вучні — 328 (1818).
Магчымасць забяспечыць гімназію падручнікамі, стварыць лабараторыі і іншым чынам уладкаваць навучальны працэс далі грошы графа Тышкевіча. Які ў 1816 згодна з тастаментам перадаў на гімназічны фундуш 20 тысяч рублёў серабром.
Заняткі ў гімназіі праходзілі па распарадку дня. Навучэнцы уставалі ў 6 гадзін раніцы, клаліся спаць у 10 гадзін вечара. Выконваць урокі гімназісты павінны былі з паловы сёмага і да часу, калі трэба было ісці на заняткі. Пасля заняткаў давалася дзве гадзіны, каб вярнуцца дадому і пагуляць. Потым быў час на выконванне ўрокаў і асабліва такіх пісьмовых работ, якія не патрабавалі вялікага разумовага напружання. Пасля гэтага адводзіліся яшчэ 2 гадзіны на абед, прагулку, а затым зноў 2 гадзіны на выконванне ўрокаў. Забаранялася піць моцныя напіткі і курыць тытун, а таксама спрэчкі. Навучэнцы не павінны былі ілгаць і крывадушнічаць. Гімназісты павінны былі імкнуцца да самаўдасканалення.
Высокі ўзровень навучання, багатая бібліятэка, добры настаўніцкі склад садзейнічалі не толькі атрыманню добрых ведаў, але і развіццю вальнадумства сярод студэнтаў. Формай арганізацыйнага і ідэйнага з’яднання дэмакратычных сіл былі розныя тайныя таварыствы. У 1819 вучнямі шостага класа Свіслацкай гімназіі было ўтворана «Таварыства аматараў навук». Потым было ўтворана «Маральнае таварыства», «Заран», аддзяленне «Таварыства вайсковых сяброў».
Свіслацкая гімназія некалькі разоў перажыла карэннае пераўладкаванне, выкліканае, найперш, палітычнымі прычынамі моцны ўдар па гімназіі быў нанесены рэпрэсіямі ў сувязі з раскрыццём тайных таварыстваў. Быў не толькі зменены настаўніцкі калектыў, але і ўведзены экстраардынарныя сродкі і метады нагляду, быў зменены вучэбны план гімназіі. Ствараецца асаблівая вучылішчная паліцыя.
Наступны ўдар па гімназіі быў нанесены ў 1830-я гады пасля паўстання 1830—1831. Парадзелі шэрагі таленавітых выкладчыкаў, зменшыўся прыток здольных вучняў. Сярод прычын гэтага было закрыццё Віленскага ўніверсітэта (1832) і адкрыццё ў красавіку 1834 гімназіі ў Гродна. Свіслацкая гімназія пераўтварылася ў ардынарную павятовую. У 1835 гімназія была рэарганізавана ў павятовае вучылішча, а праз 16 гадоў — у пяцікласнае дваранскае вучылішча. Канчаткова Свіслацкая гімназія была закрытая ў 1851, калі яе перавялі ў Шаўлі.
Са Свіслацкай гімназіі выйшла шмат вядомых людзей свайго часу, сярод іх Адольф Белакоз, Канстанцін Будзінскі, Віктар Гельтман, Леан Зянковіч, Восіп Кавалеўскі, Канстанцін Каліноўскі, Люцыян Крашэўскі, Юзаф Крашэўскі, Уладзіслаў Малахоўскі, Напалеон Орда, Леан Патоцкі, Восіп Пашкоўскі, Райнальд Сухадольскі, Януарый Сухадольскі, Рамуальд Траўгут і інш.
Сам будынак гімназіі быў пабудаваны напярэдадні афіцыйнага адкрыцця таксама на сродкі Тышкевіча. Гімназія размяшчалася ў прамавугольным у плане аднапавярховым будынаку накрытым двухсхільным дахам. Заходні тарцовы фасад аформлены каланадай дарычнага ордара з атыкам. Два ўваходы на бакавым фасадзе завершаны ў выглядзе порцікаў з дзвюма парамі квадратных у сячэнні слупоў. Унутраная планіроўка і дэкор інтэр’ера не захаваліся.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия