4 кастрычніка 1741 г. у в. Галаскоў, цяпер Каламыйскі раён Івана-Франкоўскай вобласці нарадзіўся польскі паэт эпохі асветніцтва, адзін з пачынальнікаў польскага сэнтымэнталізму Францішак Карпінскі гербу Кораб.
Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і, яго бацька Анджэй служыў у Патоцкіх. Ф. Карпінскі вучыўся ў езуіцкай школе ў Станіслававе, Львоўскай езуіцкай акадэміі, якую скончыў у 1765 г. Ужо тады праявіў сябе як здольны паэт. Не абраў духоўнай кар’еры, як гэтага хацела яго сям’я, працаваў гувернёрам пры магнацкіх дварах. У 1770-1771 гг. вучыўся ў Вене. Па вяртанні з Вены арандаваў фальваркі. У 1780 г. выдаў першую кніжку вершаў «Zabawki wierszem i przykłady obyczajne», якая звярнула да яго ўвагу Чартарыйскіх. У тым жа 1780 г., па запрашэнні Адама Казіміра Чартарыйскага Ф. Карпінскі пераехаў у Варшаву, працаваў у князя сакратаром. У Варшаве вакол паэта склаўся літаратурны гурток, Ф. Карпінскі выдаў тры зборнікі паэзіі (1782-1783), стаў вядомым паэтам, нават звярнуў на сябе ўвагу каралеўскага двара. У 1781-1782 гг. наведаў Гародню і Вільню. Вытрымаў у Варшаве толькі да 1783 г., бо меў незалежны нораў, быў расчараваны сталічным жыццём. Пераехаў у Галіцыю, дзе арандаваў фальваркі, працаваў гувернёрам. Часам наязджаў у Варшаву, дзе выдаваліся яго кніжкі. Гасцяваў пры магнацкіх дварах, у 1785-1818 гг. найчасцей ў Браніцкіх у Беластоку, дзе ў 1792 г. напісаў «Pieśni nabożne» (Kiedy ranne wstają zorze, Bóg się rodzi і інш.), якія былі прачытаныя ім у катэдральным саборы, а затым выданыя ў Супральскім базыліянскім манастыры (1792).
З 1793 г., на працягу 30 гадоў, арандаваў фальваркі на Пружаншчыне (Краснік на ўскрайку Белавежскай пушчы) і Гарадзеншчыне (Хараўшчына каля Ваўкавыска, цяпер Свіслацкі раён). Зацікавіўся гісторыяй краю, завязаў знаёмствы з мясцовай шляхтай-літвінамі. З 1800 г. член Варшаўскага таварыства сяброў навукі. Бываў у Свіслацкай гімназіі, у 1806 г. падарыў ёй свой кнігазбор. Будучы ў прыязных адносінах з гарадзенскім губернатарам Кошалевым, Ф. Карпінскі прапаноўваў рэформы па паляпшэнні жыцця сялян. Быў прыхільнікам ідэй Жан-Жака Русо, ідэалізоўваў вясковае жыццё, лічыў сялянаў маральна несапсаванымі. У 1819 г. Ф. Карпінскі купіў фальварак Хараўшчына ў Ваўкавыскім павеце, дзе на практыцы ажыццявіў сюжэты сваіх п’ес-ідылій, працаваў разам з сялянамі ў полі, адкрыў у Хараўшчыне школу для сялянскіх дзяцей, у якой сам настаўнічаў. Займаўся зборам вершаў, напісаных па-беларуску, запісам беларускіх песень, паданняў, казак. Згуртаваў вакол сябе мясцовых літаратараў — І. Храптовіча, С. Клакоцкага, А. Хадкевіча.
Памёр 16 верасня 1825 г. у фальварку Хараўшчына. Праз 19 гадоў ягоныя рэшткі перапахаваныя на касцёльных могілках в. Лыскава. Надмагілле захавалася, мае выгляд паменшанай вясковай хаты. На алоўкавым, падмаляваным акварэллю малюнку Н. Орды надпіс: «31 траўня 1877. То мой дом убогі; Фр. Карпінскі памёр у 1825 г. 4 дня верасьня, жыў 84 гады». Першапачаткова там быў толькі надпіс «То мой дом убогі». Архіў Ф. Карпінскага захоўваўся ў К. Прозара ў Хойніках, потым часткова ў А. Ельскага ў Замосці.
Аўтар ідылій, лірычных вершаў, абразкоў і перакладаў сабраных у зборніку «Забаўкі вершам і прозай» (1782-1787 гг.). Шырокую папулярнасць набылі песні і балады Ф. Карпінскага («Да Юстыны. Вясновая туга», «Лаура і Філон», «Балада аб Людгардзе» і інш.). У камедыі «Чынш» (1790) Ф. Карпінскі за вызваленне сялян ад прыгону. Водгукам на падзелы Рэчы Паспалітай быў верш «Жалоба Сарматы над магілай Жыгімонта Аўгуста». Паэзія Ф. Карпінскага вылучалася прастатой мастацкіх формаў, была прасякнутая матывамі народнай творчасці, у тым ліку беларускага фальклору. Апроч літаратурнай спадчыны, пакінуў успаміны, якія ўпершыю былі выданыя ў 1822 г. і вытрымалі 6 выданняў.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия