3 красавіка 1923 г. у сяле Уладзіміраўка былога Мяжэўскага раёну Днепрапятроўскай вобласці нарадзіўся Ганаровы грамадзянін пасёлка гарадскога тыпу Новамікалаеўка Запарожскай вобласці (1971) і горада Ваўкавыска (1979), камандзір гарматы 160-га Асобнага супрацьтанкавага артылерыйскага дывізіёна (169-я Рагачоўская Чырванасцяжная ордэнаў Суворава і Кутузава стралковая дывізія, 40-й стралковы корпус, 3-я армія, 1-ы Беларускі фронт), старэйшы сяржант Васіль Трафімавіч Грыцэнка.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Украінец. Скончыў сямігадовую школу, школу фабрычназавадскога навучання. Працаваў у Днепрапятроўску на паравозарамонтным заводзе. У 1941 годзе быў эвакуіраваны ў Ташкент, дзе таксама працаваў на паравозарамонтным заводзе.
28 лютага 1942 г. прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны на вучобу ў Ташкенцкае кулямётна-мінамётнае вучылішча. У сувязі з цяжкай сітуацыяй на фронце ў жніўні 1942 года не скончыўшых навучанне курсантаў накіравалі ў дзеючую армію.
Грыцэнка ваяваў на Сталінградскім, Данскім, Заходнім, Бранскім, трох Беларускіх франтах. Прымаў удзел у Сталінградскай бітве, бітве на Курскай Дузе, Арлоўскай, Гомельска-Рэчыцкай, Рагачоўска-Жлобінскай, Бабруйскай, Мінскай, Беластоцкай, Млаўска-Эльбінгскай і Берлінскай наступальных аперацыях.
У ходзе Мінскай і Беластоцкай наступальных аперацый на подступах да горада Мінск і пры авалоданні горадам Ваўкавыскам з 29 чэрвеня па 14 ліпеня 1944 года разлік Грыцэнка падбіў штурмавую гармату, знішчыў станковы кулямёт і да 20 салдат праціўніка. Загадам камандзіра дывізіі Грыцэнка быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У 1947 дэмабілізаваны. Вярнуўся ў родны край. У 1952 годзе скончыў Мелітопальскую сельскагаспадарчую школу. З 1953 па 1983 год узначальваў калгас «Украіна» Новамікалаеўскага раёна Запарожскай вобласці.
З 1983 года — на пенсіі. Жыў у горадзе Запорожжа. Капітан у адстаўцы. Памёр 30 чэрвеня 1992 г.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, 2 ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Славы 1-й, 2-й і 3-й ступеняў, медалямі, у тым ліку «За адвагу».
Званне Ганаровага грамадзяніна Ваўкавыска прысвоена 11 ліпеня 1979 года рашэннем № 475 выканкаму Ваўкавыскага гарадскога Савета народных дэпутатаў.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия