18 чэрвеня 1889 г. у Ваўкавыску нарадзіўся беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, публіцыст, гісторык, пасол польскага Сойму Уладзімер Сямёнавіч КАЛІНОЎСКІ.

У 1910 г. скончыў Гарадзенскую гімназію, ў 1914 г. юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Праслухаў поўны курс Археалягічнага інстытуту і Ўсходняй акадэміі ў Петраградзе. Працаваў у Пецярбурскім судовым ведамстве. Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Народным камісарыяце харчаваньня. У ліпені 1921 г. як рэпатрыянт з’ехаў у Заходнюю Беларусь.

Быў вядомы сярод беларускіх сялянаў, дапамагаў ім у юрыдычных пытаньнях. Узначаліў у 1922 г. Беларускі выбарчы камітэт у Ваўкавыску па Беластоцкай акрузе. Абраны паслом Сойму з Беластоцка-Сакольскай акругі ад Блёку нацыянальных Меншасьцяў. Польскі суд 23 чэрвеня 1923 г. ануляваў яго дэпутацкі мандат прызнаўшы, што Каліноўскі ня мае польскага грамадзянства. У ліпені 1923 г. Каліноўскі быў арыштаваны і высланы з Польшчы.

Са сьнежня 1923 г. у Менску. У лютым 1924-ліпені 1925 гг. кіраўнік справамі і юрысконсульт Беларускага сельскагаспадарчага інстытута. У 1925-1927 гг. працаваў на розных пасадах у ЦВК БССР. З 1 кастрычніка 1927 г. да 1 верасьня 1929 г. — дацэнт катэдры гісторыі польскай культуры пэдагагічнага факультэту БДУ.

Супрацоўнічаў у часопісамі «Полымя», «Савецкае будаўніцтва», газэтамі «Савецкая Беларусь», «Звязда». Далейшы лёс невядомы. Памёр. Магчыма, у 1940 г. у Старабельску Варашылаўградзкай вобласці, цяпер Луганская вобласць.

Творы
Зямельная палітыка ў Польшчы // Полымя. 1925, № 5;
Палітычныя партыі і аб’яднаньні ў сучаснай Польшчы // Тамсама. 1926, № 2, 4—5;
Краткий обзор экономического и финансового положения Польши // Савецкае будаўніцтва. 1926, № 1;
Торговые договоры Польши // Тамсама. 1926, № 4.