25 верасня 1875 г. у в. Асавец Кобрынскага павета Гарадзенскай губерні нарадзіўся багаслоў, пэдагог, перакладчык, дзяяч у галіне царкоўнае асветы Сяргей Канстанцінавіч ПАЎЛОВІЧ.
Скончыў Літоўскую духоўную сэмінарыю ў Вільні, пасля вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. Тэмай кандыдацкай дысэртацыі абраў уніяцкі Замойскі сабор 1720 году. У 1900 г. скончыў акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя.
Выкладаў Закон Божы ў духоўнай вучэльні. У 1904 г. «Гродненские епархиальные ведомости» надрукавалі дапрацаванае ім кандыдацкае сачыненне пад назвай «Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.)», а потым яно выйшла асобным выданнем у 254 старонкі.
У 1909—1912 гг. выкладаў Закон Божы ў настаўніцкай сэмінарыі і жаночай гімназіі Рагачова (Віленская навучальная акруга). У 1913 -1918 гг. быў прызначаны інспэктарам народных вучэльняў у Ваўкавыску. Потым выехаў як бежанец у Калускую губэрню. Там займаў пасаду загадчыка фінансавага аддзялення ў аддзеле народнае адукацыі, а яго жонка Марыя Мікалаеўна працавала памочнікам бугалтара ў Калускім аддзяленні Дзяржаўнага банку.
Паўловічы вярнуліся з Расеі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Пасля пераезду ў Вільню Паўловіч працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1927—1928 гг. навучальным годзе займаў пасаду дырэктара гэтае гімназіі.
Пэдагагічная й грамадзкая дзейнасць Паўловіча была цесна звязаная з Таварыствам беларускае школы, некаторы час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асветнай арганізацыі. Ён рэдагаваў часопісы «Летапіс Таварыства беларускае школы» (з 1936 г. — «Беларускі летапіс») і «Беларускі каляндар», якія выдаваліся гэтым Таварыствам. Акрамя таго, Паўловіч дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, выступаў з рэфэратамі па гісторыі хрысьціянства на яго паседжаннях.
16 кастрычніка 1930 г. і ў 1933 г. Паўловіч быў арыштаваны і сядзеў у турме на Лукішках.
3 канца 1920-х гг. рэзка ўзмацнілася палянізацыя школы. Міністэрства веравызнанняў і грамадзкае асветы запланавала на 1929—1930 гг. навучальны год увядзенне ў беларускія школы падручніка «Лемантар» Ст. Любіч-Маеўскага. Паўловіч крытычна аналізаваў яго; выкрыў шкоднасць гэтага дапаможніка для нацыянальнае сьвядомасці дзяцей. Прыкмечаныя Паўловічам 88 артаграфічных памылак вымусілі чыноўнікаў зняць лемантар з карыстання, але ў наступным годзе «выпраўлены» падручнік усё ж такі быў уведзены ў навучальчы працэс.
У 1929 г. у Вільні, у беларускай друкарні імя Ф. Скарыны быў выдадзены падручнік С. Паўловіча «Пішы самадзейна. Разьвіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. Ч. 1: першы год навучання (пасля азбукі)». У тым жа годзе выйшлі ў свет і «Мэтадычныя ўвагі» да пасобніка «Пішы самадзейна». Яны былі дапушчаны Міністэрствам асветы ў настаўніцкія бібліятэкі пачатковых школ з беларускай мовай навучання.
У 1936 г. у Вільні быў надрукаваны лемантар Паўловіча «Першыя зерняткі». Нацыянальнай абэцэдай беларусаў С. Паўловіч лічыў кірыліцу і абгрунтоўваў гэта прычынамі гісторыка-культурнага характару. У ва ўмовах паглыблення палянізацыі ён быў вымушаны надрукаваць другое выданне лемантара лацінкай пад назовам «Zasieczki». Нягледзячы на гэта, тыраж быў канфіскаваны.
У 1926 г. была надрукавана падрыхтаваная ім «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімнаэій». Сынод дазволіў увесці гэты падручнік у навучальны працэс. Пад рэдакцыяй Паўловіча ў 1933 г. быў выдадзены «Праваслаўны малітваслоў» на царкоўнаславянскай і беларускай мовах, які часова быў дапушчаны да ўжывання ў беларускіх пачатковых школах Віленскае акругі.
Вялікая папулярнасць падручнікаў С. Паўловіча і высокі ўзровень яго ведаў былі прычынай таго, што ў адной з пастаноў Варшаўскага Сынода яго асоба прапаноўваецца ў якасці адзінага кандыдата ў камісію с адмыслоўцаў-багасловаў і мовазнаўцаў па стварэнні падручнікаў Закону Божага на беларускай мове. На рэкамендацыю Віленскае камісіі па беларускіх падручніках Закону Божага выйшла ў свет апрацаваная Паўловічам «Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (1-У аддзелы)» (Варшава, 1935 г.) і «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі» (Вільня, 1936 г.).
Паводле некаторых звестках, у 1937 г. жыў у Варшаве, дзе рэдагаваў дзіцячы ілюстраваны царкоўна-культурны часопіс «Снапок», які быў дадаткам да газэты праваслаўнай мітраполіі «Слово». 16 верасьня 1940 г. памёр ад хваробы сэрца і быў пахаваны на Літоўскіх могілках у Вільні.
Спадчына асветніка-патрыёта, яго маральны аўтарытэт і праз семдзесят гадоў пасля смерці Настаўніка застаюцца актуальныя для сённяшняга беларускага грамадства.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия