11 лістапада 1928 г. у в. Ляткі Ваўкавыскага павету (цяпер Мастоўскі раён), якая з часам злілася з вёскай Гудзевічы, нарадзіўся настаўнік, краязнаўца, музэязнаўца Алесь БЕЛАКОЗ. Заслужаны настаўнік Беларусі, заслужаны дзеяч культуры, адным з першых быў ушанаваны медалём імя Францыска Скарыны.
Белакоз нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х ездзіў на працу ў Бразылію, а па вяртанні на заробленыя грошы пабудаваў дом у в. Ляткі і адчыніў сваю краму. Белакоз амаль усё жыцьцё пражыў у роднай вёсцы, якая з часам злілася з больш вялікімі Гудзевічамі. Тут атрымаў і пачатковую адукацыю. Да нямецкай акупацыі скончыў 5 клясаў Гудзевіцкай няпоўнай сярэдняй школы. У часы вайны вучыўся пад кіраўніцтвам роднай сястры Веры. «У 1943 годзе, — успамінаў Белакоз, — на нашу і іншыя хаты напалі бандыты, якія пасля называлі сябе партызанамі, з мэтай рабунку. Тата хаты не адчыняў і выбухам гранаты быў забіты… Давялося гаспадарку браць на свае плечы».
У кастрычніку 1944 г. Белакоз пачаў вучыцца ў восьмай клясе расейскай школы № 1 Ваўкавыска, якую скончыў у 1947 г. «Тады ні ў Ваўкавыскім, ні ў Мастоўскім, ні ў Свіслацкім, ні ў Бераставіцкім раёнах не было беларускай школы, якая мела б восьмую клясу».
Няўдалыя спробы паступіць у Менскі мэдычны інстытут вымусілі Белакоз часова адмовіцца ад плянаў пра вышэйшую адукацыю і ўладкавацца ў 1948 г. на працу ў якасці настаўніка другіх і чацвёртых клясаў у Гудзевіцкай школе. З 1949 г. Белакоз распачаў завочнае навучанне на беларускім аддзяленні Гарадзенскага пэдагагічнага інстытуту. «Я заўсёды любіў матэматыку, — узгадваў Белакоз — і хацеў стаць матэматыкам, але лічыў, што найпершы абавязак кожнага чалавека, а тым больш настаўніка, добра ведаць родную мову».
Яшчэ ў 1948 г. уласнаручна вырабіў улёткі кароткага зместу (напрыклад, з заклікам «Змагайцеся за незалежную Беларусь!») і ўпершыню раскідаў іх з цягніка па шляху ў Менск; раскідваў іх і ў Менску. У 1949 г. здолеў здабыць ужо шрыфт і выдрукаваў улётку антысавецкага зместу, якую распаўсюджваў разам з сябрамі ў Горадні. Белакозу цудам удалося пазбегнуць арышту, калі пры наклейванні ўлёткі на будынак міліцыі іх заўважылі. Пасля гэтага выпадку ў Горадні пачаліся арышты, у прыватнасці, ва ўнівэрсытэце. Белакоз узгадвае: «Я прыйшоў да высновы, што нельга гэтага рабіць, бо церпяць невінаватыя людзі».
З часоў навучання Белакоз успамінаў: «Найбольшае ўражанне на мяне зрабіў выкладчык беларускай літаратуры Браніслаў Ржэўскі, які мужна нёс патрыятычнае слова сярод крыжоў па задушанай мове, культуры, гісторыі Беларусі. Патрыёта Ржэўскага за беларускі патрыятызм у час праўлення Хрушчова засудзілі на сем гадоў зняволення. Тады я зразумеў, што палітыка забойства беларускай мовы — гэта палітыка партыі».
Падчас вучобы Белакоз працаваў у розных школах: 1953-1954 гг. — настаўнік пачатковых клясаў у Струзе, 1954-1955 гг. — выкладчык фізыкі і матэматыкі ў Тупічанскай семігодцы, 1955-1959 гг. — выкладчык беларускай, нямецкай моваў у Радзявіцкай семігодцы. Па заканчэнні інстытута ў 1958 г. уладкаваўся выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Гудзевіцкай сярэдняй школе.
Праца з вучнямі і прага вывучэньня беларускай гісторыі, мовы, культуры захапіла Белакоза. У 1965 г. ён наладжвае ліставанне вучняў з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, арганізоўвае школьны кабінэт беларускай літаратуры. Вучні захапіліся літаратурнай і даследніцкай дзейнасцю, іх працы пачалі друкавацца ў беларускіх газэтах і часопісах.
У 1965 г. зарганізаваў акцыю лістоў слухачоў Курсаў удасканалення настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры (у Менску) на адрас ЦК КПБ з выкладаннем праблемаў статуса беларускай мовы. Загітаваў на гэтую акцыю Арсень Ліс. Акцыя выклікала незадаволенасць уладаў. Надалей настаўніцкая дзейнасьць Белакоза знаходзілася пад пастаянным кантролем.
У 1966 г. Белакоз разам з вучнямі выдаў першы нумар машынапіснага літаратурна-краязнаўчага альманаху «Праменьчык». Выданьне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў, па 4 асобнікі кожны.
У 1968 г. на базе кабінэта беларускай мовы і літаратуры быў адчынены літаратурна-краязнаўчы музэй, які складаўся з літаратурнага, этнаграфічнага аддзелаў, аддзела гісторыі Гудзевіцкай школы, а таксама «небяспечных» аддзелаў гісторыі Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і КПЗБ.
За актыўную дзейнасць па зьбіранні нацыянальнай спадчыны і распаўсюджанні беларускай мовы Белакоз неаднойчы адчуваў уціск з боку кіраўніцтва мясцовых аддзелаў адукацыі, а таксама КГБ. Супрацоўнікі апошняга нават папярэджвалі Белакоза яшчэ ў 1969 г.: «Белорусский язык должен исчезнуть, а вы нам мешаете. Изменяйте своё отношение к этому языку, пропагандируйте русский». Аднак, нягледзячы на перашкоды, музэй працягваў існаваць і нават пашыраўся.
З 1990 г. Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музэй мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі. Таленавіты настаўнік, ён распрацаваў спэцыяльную мэтодыку далучэння вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музэйнай справы і праз гэта да каштоўнасьцяў беларускай гісторыі і культуры.
Памёр 1 снежня 2016 г.
Інтэрвію з Белакозам глядзіце ў першай і другой частках праграмы «Госць Белсату».
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия