12 лістапада 1911 г. у в. Богава Яфрэмаўскага раёна Тульскай вобласці нарадзіўся гаспадарчы кіраўнік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Сацыялістычнай Працы (1958 г.), заслужаны працаўнік сельскай гаспадаркі БССР (1973 г.) ШАВЯКОЎ Рыгор Іванавіч.

Бацькі — Іван Рыгоравіч і Ксенія Паўлаўна Шавяковы. Сям’я была па тагачасных мерках крыху больш за сярэднюю. Шавяковы гадавалі шасцярых дзяцей. Чацвярых сыноў: Івана, Міхаіла, Мікалая, Рыгора і дзвюх дачок: Яўгену і Ганну.

Калі пачалася Першая сусветная вайна бацьку — Івана Рыгоравіча мабілізавалі ў дзеючую армію, загінуў у мазурскіх балотах. Ўдаве царскі ўрад прызначыў пенсію і вылучыў дапамагаць па гаспадарцы палоннага аўстрыйскага салдата.

Пасля школы паступіў у Маскоўскую ветэрынарную акадэмію. Пасля акадэміі, працуючы ў адным з раёнаў Разанскай вобласці, паказаў сябе добрым фахоўцам, схільным да навуковай дзейнасці, пошуку. У 1936 г. закончыў Маскоўскі ветэрынарны інстытут.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны прызваны ў Чырвоную Армію. У палявых паходных лазарэтах ваенветурач Шавякоў лячыў параненых і хворых коней. З 1943 г. быў начальнікам хірургічнага аддзялення ветэрынарнага лазарэта фронту. Служба маёра Шавякова працягвалася пасля перамогі ў Беларускай ваенным акрузе да 1948 г.

Пасля дэмабілізацыі — у Ваўкавыскім раёне ён трохі прабыў галоўным ветврачом. З траўня 1950 г. дырэктар, з 1975 г. старшы інспектар па кадрах племзавода “Рось”. Званне Героя прысвоена за поспехі ў развіцці сельскай гаспадаркі і ўкараненне ў вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту. Член ЦК КПБ у 1961-1966 гг. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1955-1963 гг., дэпутат ХХI з’езда КПСС. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Памёр 13 студзеня 1986 г. Пахаваны ў гп. Рось, на магіле ўсталяваны бюст. Імем Шавякова названая вуліца ў гп. Рось. У музеі баявой і працоўнай славы племзавода «Рось» экспануюцца матэрыялы пра яго.