Песенька артыста
Міхасю Пятрову прысвячаецца
Я чараўнік, я чараўнік,
Такі мой абавязак.
Вас павяду, як праваднік,
У свет дзівосных казак.
На гэтай сцэне я ўладар,
Не ўвенчаны каронай.
Ах, колькі самых светлых мар
Схавана за заслонай!
Маё жыццё і праца тут.
Мая дзяржава – сцэна.
Вам не адзін пакажам цуд
Мы сёння несумненна.
Я чараўнік, я чараўнік,
Мне ўсе да твару маскі.
Вас павяду, як праваднік,
У свет дзівосных казак.
Артур Вольскі
23 снежня 1937 г. у Ваўкавыску нарадзіўся народны артыст Беларусі (1991 г.) Міхаіл Уладзіміравіч ПЯТРОЎ.
У 1960 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс К. Саннікава і А. Бутакова). Сцэнічную дзейнасць пачаў у 1960 годзе ў Тэатры юнага гледача. З тых часоў да канца сваіх дзён акцёр быў верны гэтаму тэатру. М. Пятроў сыграў каля 200 роляў у тэатры і кіно. Зняўся ў карцінах «Людзі на балоце», «Зорны хлопчык», «Пра Чырвоную Шапачку», «Кола» і інш. Акрамя таго, шмат працаваў на радыё і тэлебачанні.
Акцёр быў актыўна заняты ў бягучым рэпертуары тэатра, гуляў у спектаклях «Маленькі лорд Фаўнтлярой», «Недалетак», «Палачанка» і інш. У кастрычніку 2005 года павінна была адбыцца прэм’ера сезона «А зоры тут ціхія …»; у гэтым спектаклі ў Пятрова была галоўная роля — старшыны Васкава.
Трагічна загінуў 13 верасеня 2005 года.
«Належу толькі гэтай зале»
Я сыграў каля ста пяцідзесяці роляў. Правёў сто пяцьдзесят паядынкаў… У нейкіх з іх перамог… У«Вішнёвым садзе» ёсць маленькая роля Фірса. Мяркую, гэтая роля — мая.
Магчыма, з мяне выйшаў бы неблагі сталяр: бацька мой быў чырванадрэўшчыкам. Яшчэ, цяпер, калі вазьму ў рукі кавалак драўніны, — душа спявае… У пасляваенным Ваўкавыску было поўна зладзюжных шаек і збіцца з тропу, збадзяцца падлетку было не цяжка, але я пачаў бегаць па розных гуртках і трапіў у драматычны. Паступіў на курс Канстанціна Саннікава і Аляксандра Бутакова ў БДТМІ, Пасля Любоў Мазалеўская запрасіла ў ТЮГ, бо быў я, напэуна, такога «кірунку» тюгаўскага. Лёс вядзе чалавека за руку. Мой лёс правёў мяне па наканаванай жыццёвай сцяжыне, І за гэта я лёсу ўдзячны.
Часта пытаюцца: чаму ты ўсё жыццё працуеш у ТЮГу, хоць цябе запрашалі і іншыя тэатры? Напэуна, я ніколі не здолею адказаць на гэтае пытанне. Мяркую, не адкажуць і мае калегі, якія ўсё жыццё пражылі на гэтых падмостках.
Калі прыйшоў у тэатр, здавалася — магу ўсё. А цяпер усведамляю: зрабіў, мабыць, дзесяціну таго, што мог бы. Усё жыццё я з трапятаннем стаўлюся да сваёй прафесіі, я — «фанат» тэатральнай справы.
За мной цягнецца шлейф камедыйнага артыста. Ну і няхай сабе цягнецца. Праўда, сёння такое амплуа — комік-прасцяк — у чыстым выглядзе існуе, хіба што ў аперэце. А якое амплуа, скажам, ў Генадзя Аусяннікава? Ён жа акцёр і камедыйны, і трагедыйны, і драматычны. Калісьці я іграў ролю блазна Феста ў «Дванаццатай ночы», і ад гэтага блазна рабілася ніякавата. Каралеўскі блазен — разумны, таленавіты, разважлівы, ягонае блазнаванне — вышэйшы клас. Платонаў у «Лявонісе на арбіце» выконваў камедыйную ролю, але з якой псіхалагічнай глыбінёй! Вось чаму я досыць асцярожна стаўлюся да вызначэння «чысты комік», гэтаксама як і да задачы кшталту «выйшаў — насмяшыў». Каб сыграць вясёлага, часам трэба паплакаць. Душа ў нас такая, мы і сябе развярэдзім, і залу таксама. Хіба гэга кепска? Хоць за мяжой ніхто так не робіць. Зрэшты, я не смяшу людзей — я ствараю ім добры настрой.
Кажуць, у дзіцячым тэатры зала – «спецыфічная». А я не зусім разумею, што гэта такое. Ведаю пэўна, што кожны павінен займацца сваёй справай: акцёр — працаваць, глядач — глядзець. Але гаспадар залы — я. Дзеля таго, каб на мяне глядзелі, я павінен наладзіць кантакт, перакінуць масток. Каб я — ім, а яны — мне. Дачыненні з залай — толькі на роўных. Я прабіваюся да іхных сэрцаў, яны мяне разумеюць. Калі з дзецьмі прыходзяць дарослыя, для мяне яны таксама як дзеці, І размаўляю я з дзецьмі… Усё гэта рэчы няўлоуныя, іх немагчыма дакладна сфармуляваць. Ды настае такі момант, калі я разумею: яны на мяне глядзяць, і я магу весці залу, як захачу — да цішыні, да шэпта, да «муха праляціць», альбо — магу «узарваць» залу, як на стадыёне. Гэта быццам дырыжорства. Толькі вось спецыяльных прыёмаў — няма.
Калі мяне не слухаюць, я ведаю: у ролі нешта няправільна выбудавана, трэба змяніць мізансцэну,рэпліку, маналог, каб смяяцца, размаўляць, пакутваць разам з гледачом. Маленькія дзеці давяраюцца адразу, падлеткі — саромеюцца рэагаваць адкрыта, перажываць і суперажываць. Але я спраўляюся. Не люблю, калі яны дурэюць.
3 шасцідзесятага года я выходжу на гэтую сцэну і заўжды думаю пра тое, што дзяцінства — цудоўная пара. Яны народжаны для жыцця, для весялосці і прыемнасці, і заусёды шчырыя. Цяпер дзеці змяніліся: зрабіліся больш тонкімі і даверлівымі. Маленькія дзеці — самая лепшая частка нашага грамадства. Яны так цягнуцца да добрага, так самі сябе падбадзёрваюць у зале, што часам здаецца, што дзеці нешта важнае робяць за нас, дарослых, якія азліліся, пачарсцвелі, уцяклі ў сябе.
Над роляй я ніколі не працую, як за плугам. Маўляў, выцягвай мяне, конь… Іграць трэба лёгка, з асалодай. Інтуіцыя і натхненне — вялікая сіла. Мне заўсёды ўдаецца адсунуць убок свае жыццёвыя праблемы: ніколі не цягну на сцэну асабістыя клопаты, асабліва калі выходжу да дзяцей. Дзве гадзіны я належу толькі гэтай зале.
Люблю зазірнуць у залу перад спектаклем: паглядзець, хто прыйшоу да нас сёння, кінуць туды сваю энергію, злучыцца з імі. Часам магу высунуцца з-за куліс і састроіць грымасу (хоць і разумею, што так рабіць нельга). Але мне досыць, каб мяне убачылі два-тры чалавечкі і засмяяліся ў адказ. Астатнія пяцьсот будуць мяне ўспрымаць, як тая тройца.
У дарослых сур’ёзных тэатрах можа быць нават сумна. У дзіцячым тэатры сумна не павінна быць ніколі. Толькі весела, часам — крыху роспачна. Дзіцячы тэатр — як маладая скрыпка. Як маладое гучанне флейты ў сімфанічным аркестры. Нельга без звонкай, чыстай, высакароднай, аптымістычнай і добрай ноты. 3 дарослага тэатра глядач можа выйсці і прыгнечаным. 3 ТЮГа мы не павінны выпускаць дзяцей разгубленымі. Трэба ўзрушыць іх радасцю.
У жыцці многае змянілася. Вядома, тэатр павінен гэта ўлічваць. Не пераймаць, не займацца малпаваннем, а прапаноўваць — сваё. Мы прызвычаіліся да беднага ўмоўнага тэатра (маўляў, мы сыграем!), але хараство на сцэне павінна выяўляцца ва ўсім — у афармленні, у касцюмах, у рэжысуры. Усё павінна быць вартае. Калі мы хочам вырасціць разумнага, адукаванага, культурнага чалавека з пачуццём уласнай годнасці, нельга апранаць дзіцёнка ў старое паліто і збітыя чаравікі. Сучасны тэатр — гэта тэатр, які мысліць па-сучаснаму. Сёння галоўнае — зразумець, што свет шырокі і размаіты.
У дзіцячым тэатры ніколі нельга адбыцца потым. Толькі сёння. Заўтра дзеці вырастуць і пойдуць, а мы іх ужо ўпусцілі.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия