27 снежня 1901 года ў вёсцы Збляны Ваўкавыскага павета (цяпер Зэльвенскі раён) у сям’і селяніна нарадзіўся беларускі генэтык, сэлекцыянэр Антон Раманавіч ЖАБРАК.
Сваё адукацыю пачаў у царкоўна-прыходскім вучылішчы, потым працягнуў вучобу ў Слонімскім рэальным вучылішчы, якое рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ і давала права паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Аднак скончыць яго перашкодзіла першая сусветная вайна. Антон Раманавіч працягнуў сваю адукацыю ў рэальным вучылішчы г. Шацк, якое скончыў у 1917 г. Пасля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі ў 1921 г. ён паступіў у Пятроўскую (з 1923 г. Ціміразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмію, якую скончыў у 1925 годзе. У 1929 г. скончыў Інстытут чырвонай прафэсуры. У 1930-1931 гадах спэцыялізаваўся па генэтыцы ў Калюмбійскім і Каліфарнійскім унівэрсытэтах (ЗША) у лябараторыі вядомага генэтыка, стваральніка храмасомнай тэорыі спадчыннасці Томаса Ганта Моргана.
У 1932—1948 гадах — прафэсар, загадчык катэдрай генэтыкі Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Адначасова з тым у 1945—1946 гадах ён загадвае аддзелам Упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК КПСС.
У 1940 годзе Жабрака абіраюць чальцом прэзыдыюму АН БССР, а ў 1947 годзе ён становіцца прэзыдэнтам Акадэміі навук (з траўня па кастрычнік).
У 1945 годзе ў складзе дэлегацыі Беларускай ССР ён падпісаў у Сан-Францыска Статут ААН.
Пасля вайны акадэмік Жабрак стаўся адным з арганізатараў і лідэрам выступаў супраць манапалізму Лысенкі ў біялёгіі. Ён неаднаразова пісаў грунтоўныя запіскі ва ўрадавыя і партыйныя ворганы, інфармуючы іх аб становішчы ў савецкай генэтыцы, згубных наступствах дыктату Лысенкі. На жаль, гэта не дало аніякіх плённых вынікаў. Выступаючы на сумна вядомай сэсіі УАСГНІЛ у жніўні 1948 г., Антон Жабрак, ужо адхілены ад пасады прэзыдэнта АН БССР і фактычна пазбаўлены магчымасці працягваць дасьледчую працу, пад градам здзеклівых рэплік і зьедлівых пытаньняў смела адстойваў свае погляды.
У 1948 годзе займае пасаду прафэсара катэдры батанікі ў Маскоўскім лесатэхнічным інстытуце, а ў 1949 годзе ўзначальвае катэдру ў Маскоўскім фармацэўтычным інстытуце.
У 1955 годзе падпісаў «Ліст трахсот».
З 1957 году да самай смерці Антон Жабрак вядзе актыўную навуковую працу ў Беларусі ў Акадэміі навук БССР, дзе па ініцыятыве акадэміка Мікалая Турбіна ў Інстытуце біялёгіі была арганізаваная лябараторыя поліплаідыі. Тут ён працягвае свае даследаваньні ў галіне сэлекцыі пшаніцы і грэчкі, удзельнічае ў стварэньні праекту па атрыманню поліплоідных формаў цукровага бураку.
Раптоўна памёр 20 траўня 1965 года. Пахаваны на Увядзенскіх могілках у Маскве.
Акадэмік Жабрак быў узнагароджаны ордэнамі «Працоўнага Чырвонага Сцягу», «Чырвонай Зоркі», «Знак Пашаны», мэдалямі.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия