Вядомы беларускі абаронца Максім Вітус вярнуўся ў Гродна, дзе адыграў тры сезоны ў складзе «Нёмана». У панядзелак, 30 лістапада, яго цяперашняя каманда — мінскае «Дынама» — абгуляла гарадзенцаў і выбіла іх з Кубка Беларусі.

Максім, што для цябе значыць вярнуцца ў Гродна?

— Вядома ж, настальгія. Тры гады я гуляў за «Нёман» і заўсёды ў Гродне была добрая атмасфера. Тады ў нас была вельмі моцная каманда, якая паказывала вынік. І мы дамагліся таго, каб «Нёман» удзельнічаў ў Еўракубках. Уласна Гродна мне праклаў дарогу ў «Дынама».

Як адчуваеш сябе ў сталічнай камандзе?

— Я, як нармальны футбаліст, мару ісці ўверх і прагрэсаваць. І тое, што я перайшоў з «Нёмана» ў «Дынама», гэта вялікі плюс, не толькі для мяне, але, думаю, і для Гродна, бо гулец перайшоў у больш прэстыжны клуб. Гэта нармальная практыка.

Каго б ты хацеў бачыць з цяперашняй гарадзенскай каманды ў «Дынама»?

— Жэню Савасьцьянава. У гэтым выпадку усё залежыць ад яго. Тым больш, з’яўляецца ўсё больш і больш чутак звязаныя з ім і мiнскай камандай. Я буду толькі рады, калі мы апынемся ў адной камандзе.

За кошт чаго «Дынама» перамагло «Нёман» у Кубку?

— Напэўна, з-за таго, што гэта нам больш патрэбна было. «Нёману» не хапіла рэалізацыі і галоў. Гэта гульня, гэта футбол і перамагае мацнейшы. Мы забілі і ведалі, што гарадзенцы пойдуць ў контратакі, мы адстаялі і не далі ім забіць. За кошт і гэтага перамаглі.

Скончыўся сезон. Напэўна, ты сачыў за «Нёманам». Як лічыш, чаго не хапае гарадзенскай камандзе?

— Напэўна, балючае пытанне для ўсіх, гэта змена пакалення. Мне здаецца, цяперашняе пакаленне чамусьцi не так прагрэсуе, як раней. Напрыклад, у часы Дзімы Кавалёнка ўсё было зусім па-іншаму. Зараз хлопцы нейкія мяккацелыя, не хапае ім характару ў тых момантах, дзе трэба яго праявіць.

***

Перад тым як пакінуць стадыён Максім Вітус падзякаваў гарадзенскім балельшчыкам і падарыў аднаму з іх сваю імянную майку.

Твой стыль