Лідар прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч падводзіць вынікі года.

Улады Беларусі самі правакуюць людзей на пратэсты. Пра гэта лідар прадпрымальнікаў і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч заявіў у інтэрв’ю charter97.org.

— У адыходзячым 2015 з’явіліся новыя асобы беларускага пратэсту: кадэты вайсковага вучылішча не пабаяліся сфатаграфавацца з «Пагоняй», студэнты ўпершыню за шмат гадоў прайшлі маршам па цэнтры Менска, прадпрымальнікі ва ўсёй краіне гатовыя спыніць працу з 1 студзеня… Ці захаваюцца гэтыя тэндэнцыі ў новым, 2016?

— Сёння сітуацыя такая, што святло ў канцы тунэля для беларусаў ужо бачнае, бо эканамічнае становішча ў краіне вельмі цяжкае. Я думаю, што на гэтай хвалі людзі пачнуць прачынацца, адстойваць свае правы, паказваць, што не жадаюць так жыць.

Яшчэ крыху, калі людзям не будзе чаго есці — яны нават без заклікаў выйдуць і будуць страйкаваць. Вядома, гэта павінна быць узгоднена, павінна кімсьці каардынавацца, каб гэта стала рэальна масавым выступам. Але кожны чалавек павінен падумаць у новым годзе і не казаць: «Я пасяджу дома, пачнецца — тады пайду».

Кожны чалавек павінен паламаць у сабе страх, павінен ужо зразумець, што калі нічога не рабіць — гэта рабства будзе прадаўжацца. І пачынаць наўпрост з сябе: я не хачу, каб гэта прадаўжалася, я не буду проста так аддаваць грошы гэтай дзяржаве, я не буду мірыцца з тым і тым.

Людзі ўжо пачынаюць злавацца і абурацца, народ паступова падымаецца супраць незаконных пабораў улады. І калі гэтыя схемы адымання грошай у народа будуць прадаўжацца — улады самі падымуць людзей на пратэст ва ўсёй краіне.

Нашы людзі ў рэгіёнах ужо глядзяць на Менск і толькі і чакаюць, калі адтуль дадуць каманду «Да бою!». Калі дэмакратычныя лідары скажуць, як нам паступіць. Не хачу нікога пакрыўдзіць, але, па-мойму, некаторым лідарам апазіцыі трэба вызваліць дарогу маладзейшым.

— Ці можна сказаць аб «Маршы студэнтаў» ды іншых падзеях, што ў Беларусі з’яўляюцца новыя лідары пратэстнага руху?

— Вядома. Лідары заўсёды з’яўляюцца. Я памятаю «Марш прадпрымальнікаў» 2008-га года, калі спецслужбы ізалявалі кіраўнікоў акцыі — і з’явіўся Сяргей Парсюкевіч, былы маёр міліцыі, які ў адказны момант узяў мегафон і павёў людзей.

У сітуацыі, калі мы доўга пражылі ў застоі і страху, вельмі патрэбныя людзі, гатовыя павесці народ за сабой: выступіць, сказаць нешта, каб падняць людзям настрой. Людзі павінны бачыць, што ёсць за кім пайсці.

— Чаго б хацелі пажадаць беларусам у новым годзе?

— Цяпер у мяне няма столькі часу, колькі было ў турме, калі можна было адкрыць пакет з лістамі і пачаць віншаваць усіх, хто мне пісаў. Таму я хачу павіншаваць з Новым годам усіх, з кім перапісваўся і наогул — усіх беларусаў.

І пажадаць усім здароўя і дабрабыту. І каб у гэтым годзе пачаліся змены да лепшага. Я разумею, што вельмі хутка ўсё памяняцца не можа. Але, улічваючы апошнія падзеі ды ўспамінаючы найноўшую гісторыю, можна чакаць чаго заўгодна. Таму хай людзі спадзяюцца на лепшае і перастануць баяцца. Трэба зноў здабыць сваю годнасць і жаданне адстойваць свае правы і сваю маёмасць. Нельга апускаць галаву і падціскаць хвост, як жывёліна. Калі што-небудзь здарылася — адразу абурэнне, адразу супраціў. Калі гэта будзе паўсюдна — гэтая ўлада хутка згіне.

Фота Радыё Рацыя