Як рэгіёны рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў? Чым жывуць людзі? Пра гэта распавядае былы палітвязень, ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
Мікалай Аўтуховіч: У тым жа Ваўкавыску зусім не кідаецца ў вочы, што ідзе вялікая падрыхтоўка да выбараў. Кампанія нават не кволая, а ніхто ўвогуле не звяртае ўвагі на тое, што будуць выбары. Практычна ўсе загадзя ведаюць вынік і змірыліся з гэтым. А, калі і чакаюць нейкіх перамен, то не праз выбары.
РР: У рэгіёнах узровень жыцця значна ніжэйшы, чым у сталіцы, але многія падтрымліваюць уладу. Людзі ўсім задаволены?
Мікалай Аўтуховіч: За 20 гадоў улада ўзмацніла сваю праслойку. Тыя, хто раней быў пры ўладзе, пасадзіў на свае месцы ўжо сваіх дзяцей. Дзеці сталі міліцыянтамі, пракурорамі, суддзямі… Гэта такая моцная праслойка, што астатнія людзі нават не вераць у тое, што можна дабіцца нейкай справядлівасці. Таму і маўчаць, бо ведаюць, чым заканчваецца паход за праўдай. Як толькі нехта пачынае дабівацца справядлівасці, яго могуць нават у турму пасадзіць. Па сабе ведаю. Навошта гэта людзям? Таму прынцып “мая хата з краю” добра спрацоўвае. Улада жыве сабе, людзі – сабе. Апошнія нават не жывуць, а выжываюць. У рэгіёнах – менавіта так.
РР: На ваш погляд, ці паўплываў на гэтыя выбары нейкім чынам ваенны канфлікт ва Украіне? Многія ж кажуць так: “Ну і што, што дрэнна жывём, затое вайны няма”.
Мікалай Аўтуховіч: Магчыма, але народ нават баіцца пра гэта казаць. А вось на беларускую ўладу, безумоўна, добра паўплывала. Нашы кіраўнікі цудоўна разумеюць, што ў нас такая ж самая сітуацыя, а можа і горш. Таму і пайшлі ў апошні час размовы пра незалежнасць.
РР: Што вы можаце сказаць пра гэтыя выбары?
Мікалай Аўтуховіч: Не даводзіцца казаць пра тое, чаго няма. Калі дэмакратычным сілам не аб’яднацца, то нічога годнага не будзе і надалей. А апазіцыя наступае на старыя граблі і грукае галавой у тую ж самую сценку. Вынік усёй працы апазіцыі будзе бачны пасля выбараў.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия