Навуковая канферэнцыя “Паўстанне 1863 года на Гарадзеншчыне” прайшла ў Гродне 25 траўня. Канферэнцыя і дыскусія адбываліся ў адной з залаў польскага консульства.

Адкрылі мерапрыемства амбасадар Польшчы Лешэк Шарэпка і палітык Аляксандр Мілінкевіч. Апошні заўважыў, што хоць і лічыцца палітыкам, усё ж з’яўляецца яшчэ і краязнаўцам.

Першым з дакладам выступіў былы выкладчык ГрДУ і адзін з аўтараў “Гродназнаўства” Вячаслаў Швед (на здымку ніжэй). Выступ быў прысвечаны фальсіфікатарам гісторыі паўстання. Прафесар спыніўся на асобе Валера Чарапіцы, як аднаго з найбольш адыёзных сучасных крытыкаў паўстання, вылучыўшы найбольш грубыя гістарычныя памылкі апошняга.

Акрамя беларускіх навукоўцаў ды цікаўнай да гісторыі публікі з выступамі прыехалі прадстаўнікі Польшчы: праф. Адам Даброньскі ды праф. Ежы Здрада, з Беластоцкага і Ягелонскага ўніверсітэтаў адпаведна.

Больш жыва прайшла дыскусійная частка, прысвечаная вострым нацыянальным пытанням у паўстанні. Яе мадэраваў гісторык Алесь Краўцэвіч.

“Наўмысна рабіць Каліноўскага палякам – гэта халасты стрэл лукашэнкаўскай ідэалогіі, — адзначыў Краўцэвіч, — Асабліва ў Заходняй Беларусі, дзе не знойдзеш чалавека, які б не меў сувязяў з Польшчай. Савецкі міф, які прадстаўляе Польшчу ворагам, не працуе!”

Краязнавец Уладзімір Хільмановіч, у сваю чаргу, звярнуўся да папярэдняга выступу прафесара Шведа: “Не пагаджуся са Шведам датычна таго, што паўстанцы змагаліся не супраць самадзяржаўя ў Расеі, а за сваю Бацькаўшчыну супраць акупацыйнага рэжыму. А Бацькаўшчына ўжо была ў кожнага свая: Рэч Паспалітая, Вялікае Княства альбо Беларусь, ідэя якой акурат фармулявалася, ў тым ліку паўстанцам Багушэвічам”.

Краязнавец з в.Лунна Лявон Карповіч звярнуў увагу на практычны бок ушанавання памяці: “Чаму каля паўстанцкіх крыжоў бачныя толькі бела-чырвоныя стужкі? Дзе бел-чырвона-белыя? І гэтак не толькі з Каліноўскім. Таксама і на лініі Сталіна – едуць экскурсіі з пустымі рукамі. Ані Сталіну, ані Каліноўскаму…”

Скончыў дыскусійны блок малады гісторык Васіль Герасімчык: “Мы кажам, што гэта не важна, быў Каліноўскі беларусам ці не. А людзям гэта важна! Людзям трэба ведаць, якім мае быць беларус. І Каліноўскі ўжо тады ў свае 26 год стаў беларусам больш, чым мы з вамі!..”

Па абедзе, на кніжныя прэзентацыі, народу засталося менш. Першым выступіў гісторык і актывіст Саюза палякаў у Беларусі Юзаф Пажэцкі з польскамоўным пуцяводнікам па паўстанцкіх мясцінах Гарадзеншчыны. Пасля яго эстафету пераняў беларускі даследчык Андрэй Вашкевіч з аналагічным пуцяводнікам, але ўжо з маршрутам па самім горадзе. Абодва друкаваныя асобнікі любы прысутны мог атрымаць бясплатна.

Канферэнцыя скончылася круглым сталом гісторыкаў ды краязнаўцаў з рэгіёнаў. Станіслаў Суднік расказаў пра помнікі паўстанцам на Лідчыне, Мікалай Быхаўцаў – на Ваўкавышчыне, а Мілінкевіч закрануў тэму так і не пастаўленага помніка Каліноўскаму ў Гродне.

kanf2

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Твой стыль