Беларускі пісьменнік і журналіст Міхась Скобла шмат зрабіў і робіць дзеля ўшанавання памяці вялікай беларускай паэткі Ларысы Геніюш (1910-1983). З яго добрай рукі з друку выйшлі яе „Выбраныя творы” (Мн., 1997) „Каб вы ведалі: з эпісталярнай спадчыны 1945-1983г. (Мн., 2005), „Лісты з Зэльвы” (Гародня-Вроцлаў, 2012), „Асоба і час: Ларыса Геніюш” (Мн., 2010), „Збор твораў у 2 тамах”(Мн., 2010). Пра Ларысу Геніюш я і распачаў гутарку з Міхасём Скоблам, якую прапаную „Сzasopisu”.
— Міхась, давай пагутарым пра нашу вялікую і мужную паэтку Ларысу Геніюш. Тым больш, што ты нямала зрабіў па ўшанаванні яе памяці, выдаў некалькі зборнікаў яе твораў і эпісталярнай спадчыны. Нядаўна ў Беластоку выйшла аўдыёкніга Ларысы Геніюш „Птушкі без гнёздаў” – начытаная народнай артысткай Беларусі Зінаідай Бандарэнка „Споведзь”. Пад гэткай жа, зменененай, назвай рыхтуецца і выданне ўспамінаў пісьменніцы на польскай мове. Ці варта было мяняць назву, якая ўжо прыжылася?
– Гэта звычайная практыка – калі пэўны твор у перакладным варыянце набывае новую назву. Скажам, многія кнігі Васіля Быкава ў перакладзе ці пасля экранізацыі атрымлівалі абсалютна адрозныя ад аўтарскіх назвы. Прыкладам, „Сотнікаў” стаў „Узыходжаннем”. Што да назвы „Птушкі без гнёздаў”, то гэтая назва, кажучы бюракратычнай мовай, ужо запатэнтаваная – так называўся пастаўлены на „Беларусьфільме” ў сярэдзіне 1990-х гадах па „Споведзі” мастацкі фільм. Ён дрэнны ва ўсіх адносінах, апрача, хіба, ролі Васіля Захаркі, якую выканаў Павал Кармунін. Рэжысёр Віталь Дудзін увёў у фільм эпізоды, якіх не было і не магло быць у тэксце Ларысы Геніюш. Скажам, у адным з такіх эпізодаў, Ларыса Антонаўна ўцякае ад польскіх паліцыянтаў, хаваючы за пазухай чырвоны сцяг… Я гады два таму размаўляў з выканаўцай ролі Ларысы Геніюш артысткай Маладзечанскага тэатра Таццянай Кавалеўскай, дык яна прызналася, што паняцця не мела пра „Споведзь”, не разумела, каго яна іграе; ёй падсунулі расейскамоўны сцэнар і спехам адправілі на здымачную пляцоўку… Так што на месцы выдаўцоў і спадчыннікаў я не стаў бы вяртацца да назвы „Птушкі без гнёздаў”. Мемуары Ларысы Геніюш пад назвай „Споведзь” выходзілі ў свет ужо шэсць (!) разоў, пад гэтым знакавым імем яны ўжо замацаваліся ў чытацкай свядомасці. Споведзь – гэта ж не толькі замольванне нейкіх грахоў, спавядацца – гэта распавесці шчыра, нічога не хаваючы. Я так разумею.
— Чаму да Ларысы Геніюш у Беларусі да гэтай пары нейкае няпэўнае стаўленне? З аднаго боку – выходзяць яе кнігі (у тым ліку і ў дзяржаўных выдавецтвах), экранізуюцца яе творы. З другога боку – яе стогадовыя ўгодкі ў Зэльве адначаць было забаронена, памятную шыльду з яе хаты зэльвенскія ўлады знялі.
– Звязана гэта з тым, што Ларыса Антонаўна па сённяшні дзень застаецца нерэабілітаванай. Абсурд поўны – даўно няма той краіны, якая яе судзіла, у сучасным беларускім прававым кодэксе і блізка няма артыкулаў, якія ёй інкрымінаваліся („спрыянне сусветнай буржуазіі” і г.д.), а пісьменніца да гэтай пары лічыцца злачынцам. У пачатку 1990-х гадоў рэабілітацыяй рэпрэсаваных за саветамі грамадзянаў займалася камісія ў Вярхоўным Савеце, якую ўзначальваў Ніл Гілевіч. І я ў яго спытаўся: „Ніл Сымонавіч, як так сталася, што ў вялікі спіс рэабілітаваных не трапіла Ларыса Геніюш?”. І ён мне шчыра прызнаўся: „Забыліся”. Сучасныя ідэолагі гэта скарыстоўваюць. Плюс тое, што Геніюшы жылі ў акупаванай немцамі Празе, удзельнічалі ў працы беларускіх грамадскіх арганізацый. Адзін высокапастаўлены чыноўнік напярэдадні 100-годдзя паэткі мне так і заявіў: „Какое ўшанаванне? Она же состояла в переписке с Гитлером!”. Вось такі дурдом у асобна ўзятай галаве… Ларыса Геніюш і сучасны антыбеларускі рэжым – рэчы несумяшчальныя. Таленавітая і праўдзівая творчасць Геніюш будзіць беларускае сумленне, служыць гэткай своеасаблівай прышчэпкай ад страху. У сённяшняй Беларусі Ларыса Геніюш выконвае тую ж ролю, якую ў ХІХ стагоддзі выканаў Францішак Багушэвіч, а ў першай палове ХХ стагоддзя Янка Купала. І значнасць яе творчасці будзе з цягам часу толькі ўзрастаць.
— У цэнтры Зэльвы стаяць помнікі Леніну і каню… Ці з’явіцца калі ў горадзе помнік Ларысе Геніюш?
– Ён ужо з’явіўся – на цвінтары зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы. Калі яго ў 2003 годзе ўсталявалі, зэльвенскае начальства месца сабе не знаходзіла. Выклікалі мясцовага святара айца Аляксандра ў выканкам і загадалі ў трохдзённы тэрмін помнік дэмантаваць. А той адказвае чыноўнікам: „Дабраславенне на ўсталяванне помніка ад Уладыкі Філарэта маю, а на дэмантаж – не”. Так помнік і застаўся – рукі ў начальства аказаліся закароткімі. І цяпер штогод 9 жніўня каля гэтага помніка мы праводзім ушанавальныя імпрэзы. Вось і сёлета каля царквы прайшла прэзентацыя кнігі Ларысы Геніюш „Лісты з Зэльвы”. У царкве, дарэчы, два гады таму святаром айцом Георгіем была адкрытая невялікая музейная экспазіцыя, прысвечаная Геніюш, поруч, праз дарогу – хата. Так што без санкцыі ўладаў у Зэльве ўзнік цэлы музейны комплекс пісьменніцы. А на плошчы, пад вокнамі выканкама – помнік каню. Што ж, кожнаму – сваё. Хай на каня глядзяць. Конь у спалучэнні з Леніным – вельмі арыгінальнае архітэктурнае рашэнне. Гэта вельмі яскрава сведчыць пра культурны ўзровень сённяшніх зэльвенскіх уладаў.
— Ты падрыхтаваў да выдання зборы эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш „Каб вы ведалі” (2005) і „Лісты з Зэльвы” (2011). Ці шмат яшчэ нявыдадзеных лістоў?
– У згаданых табою кнігах, а таксама ў „Выбраных творах” (2000), юбілейным двухтомніку (2012) і альманаху „Асоба і час” (2012) мною апублікавана больш за 1200 лістоў Ларысы Геніюш. Я называю іх Геніюшаўскім летапісам, у якім зафіксавана безліч самых розных падзеяў – эпахальных і прыватных. Публікацыя прыватных лістоў заўсёды спалучаная з пэўным сумневам: што ў людскіх адносінах можна выносіць на суд чытача, а што – не. Тым большае гэты сумнеў, калі лісты належаць нейкай вялікай асобе, чыё прыватнае жыццё паступова ператвараецца ў жыццяпіс і аб’ект для адмысловых даследаванняў. Падобныя сумневы давялося перажыць і мне, я стараўся да купюравання лістоў звяртацца як мага радзей. Памятаю, доўга раіўся з людзьмі, якія сябравалі з Ларысай Антонаўнай, якія разумеюць значнасьць кожнага яе слова. Вось што напісала мне паэтка Данута Бічэль у лісце ад 18 сакавіка 2010 г. адносна друкавання лістоў, у якіх закраналіся сямейныя адносіны Геніюшаў: „Прыватныя лісты – гэта самыя праўдзівыя сведкі часу, бо яны пасылаюцца непасрэдна ад сэрца да сэрца. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі. Што да адносінаў Ларысы Геніюш з нявесткай Валянцінай, то яны развіваліся ў традыцыях нашага этнасу – класічна. Віна нявесткі перад свекрывёй была толькі ў тым, што Валя прымала свякроў па-хатняму, як свякроў, а не як вялікую паэтку і пакутніцу. Гэта неяк павінны і нашчадкі. Чытанне лістоў – гэта акт любові, які вучыць нас любіць яшчэ мацней”. Мне здаецца, Данута Бічэль мае рацыю – кожная дэталь у жыццяпісе вялікага чалавека каштоўная. Але публікацыі чакаюць не толькі пазасталыя лісты Ларысы Геніюш (іх шмат; прыкладам, толькі ў архіве Зоські Верас зберагаецца 307 лістоў), але і невядомыя вершы. Архіў Ларысы Антонаўны ў Бібліятэцы Акадэміі навук, які калісьці ўратаваў і вывез з Зэльвы прафесар Адам Мальдзіс, яшчэ мала даследаваны. Я працую ў ім ужо гадоў дзесяць, але яшчэ не ўсе папкі дэталёва прагледзеў.
— А што новага і цікавага ты знайшоў, напрыклад, сёлета з жыцця і творчасці Ларысы Геніюш?
– З ласкі дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганны Запартыка я цяпер апрацоўваю перапіску Ларысы Геніюш і Кастуся Езавітава. Сярод іншага там гаворка ідзе пра архівы БНР… А зусім нядаўна мне патэлефанавала незнаёмая спадарыня Вікторыя Тарасевіч з Гародні і сказала, што гатовая перадаць у дар аўтэнтычны зборнік Ларысы Геніюш „Ад родных ніў” (1942). Я адклаў усе справы і паехаў у Гародню. Мы сустрэліся, і я пачуў незвычайную гісторыю. Муж Вікторыі Палікарпаўны Георгій Тарасевіч (пазней – вядомы архітэктар) быў вывезены на прымусовыя работы ў Нямеччыну і там набыў кнігу Геніюш. Ён пранасіў яе с сабою тры гады, нават у шахце з ёю не расставаўся, амаль усю вывучыў на памяць. А пасля таго, як Ларыса Геніюш вярнулася з савецкага лагера, ён паехаў да яе ў Зэльву з тою зачытанай літаральна да дзірак кнігай. Прызнанне ў любові ад такога чытача да слёз узрушыла Ларысу Антонаўну, яна пра гэта напісала ў адным з лістоў. Кніга без вокладкі, у ёй не хапае ўсіх старонак, але і ў такім выглядзе яна мне найдаражэй за любыя кніжныя рарытэты.
Размаўляў Сяргей Чыгрын
Крыніца: czasopis.pl
Фота Джона Кунстадтэра
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия